Блог

Сьпіс літаратуры: музыка

Medium?1404125376

Дзе шукаць цікавую музыку і чыім мэляманскім парадам давяраць? Вячаслаў Мартысюк прапануе сьпіс кніг пра поп- і рок-музыку, якія дазволяць троху арыентавацца ў ейнай вялізнай прасторы.

 

 Насуперак ведамаму выслоўю (каму б яно ні належала!) што да «пісаньня-пра-музыку-як-танцаваньне-пра-архітэктуру», скажу: пісаць усё ж варта. І чытаць варта. А хоць бы дзеля таго, каб у ёй арыентавацца. Цяпер няма асаблівых праблемаў з шуканьнем якіх-любя музычных запісаў. Але добрае, цікавае музыкі трэба яшчэ дапасьці, прадзершыся праз найразнастанейшыя гатункі лайна. Як жа яе дапасьці? Сама лепшы спосаб – чытаць інтэрвію музыкантаў, чыю творчасьць вы ўжо падабаеце. Яны, музыканты, почаст ахвотна дзеляцца кілямэтровымі сьпісамі сваіх ўлюбёных кружэлак. Упадабаньням куміраў, думаю, можна даць веры. Можна даверыцца густу дасьведчаных блізкіх/знаёмых аматараў музыкі. А калі іх няма, гэных куміраў? І тых блізкіх/знаёмых аматараў музыкі таксама няма? Тады на помач прыходзяць сеціўныя рэсурсы, энцыкляпэдыі, даведнікі, праваднікі, дыскаграфіі, гісторыі паасобных выканаўцаў, гуртоў, жанраў, стыляў і цэлых музычных эпох… Праўда, і тут існуе небясьпека згубіцца ў моры інфармацыі, паплыць у аблудным кірунку. Дык жа мая вам сьціплая рада, рада чалавека, які даўно цікавіцца поп- і рок-музыкай, хай сабе і не на прафэсійным роўні: наважыўшыся чытаць пра музыку, імеце веры перадусім яе гісторыкам, калекцыянэрам-мэляманам і, ведама ж, самім музыкантам.

Ніжэй я прапаную вашай увазе сьпіс кніг пра музыку, якія, на мой пагляд, заслугоўваюць найпільнейшай увагі. Бо істотна пашыраюць нашыя ўяўленьні пра яе. Сьпіс гэты вельмі суб’ектыўны. І ў сваёй суб’ектыўнасьці крыху адрозны ад сьпісаў падобнага кшталту. Адна невялікая спасьцярога: усе кнігі датычаць поп–рок-музыкі. І ўсяго таго, што «вакол».

Ірвін Часід. "Песьні няведамага ладу: Пракудны сьвет музыкі аўтсайдэраў" («Songs in the Key of Z: The Curiosus Universe of Music» by Irwin Chusid)

У 70-я гг. ангельскі мастацтвазнаўца Роджэр Кардынал увёў тэрмін «аўтсайдэр арт» узглядам мастацкае творчасьці па-за якімі-кольвек інстытутамі, правіламі і нормамі наагул. Амэрыканскі журналісты, радыё-вядоўца, гісторык музыкі Ірвін Часід прытарнаваў яго канкрэтна да музычнае творчасьці. Плёнам Часідавай цікавасьці да непрытомных-самайдзейных-наіўных геніяў, аўтараў і выканаўцаў гэткіх жа самых твораў, стала кніжка «Песьні няведамага ладу: Пракудны сьвет музыкі аўтсайдэраў» (2000). Вар’ят-чараўнік гуку, аўтар несьмяротнае інструмэнтальнае кампазыцыі «Telstar» (люблянага твору Маргарэт Тэтчэр, ведамага ў выкананьні брытанскага сэрф-гурта «The Tornados») Джо Мік; дзявочае трыё «The Shaggs», гэтак шанаванае Куртам Кабэйнам, з іхным альбомам «Philosophy of The World», які разбураў (і разбурае дагэтуль) нашыя ўяўленьні пра граньне і сьпяваньне; вучыцелька (выкладніца музыкі, калі быць дакладнейшым) Бі Джы Сноўдэн, аўтарка дзікага ,,гімну” з выпачанай гармоніяй «In Canada» (і яшчэ цэлага шэрагу падобных песьняў); швэдзкі «фальшывы Элвіс» Эйлэрт Піларм; Сід Барэт і Кэптэн Біфхарт, – вось няпоўны пералік пэрсанажаў Часідавай кнігі. Напісана яна вельмі цікава, зь любасьцю да гэтых пэрсанажаў і зь веданьнем спакмяня. «Песьні…» утрымваюць падрабязную дыскаграфію і бібліяграфію; як дадатак да кнігі выйшла таксама CD-складанка на дзьве часткі з аднайменным назовам.

Сайт праекту: http://www.keyofz.com/

Шукаць, чытаць-слухаць без адкладу!

Вэрнан Джойнсан. Усе кнігі.

  

Вы ня ведаеце, хто такі Вэрнан Джойнсан? А вашая абазнанасьць у музыцы 60-х абмяжоўваецца The Beatles і кружэлкамі, пазначанымі ў ролінгстоўнаўскім сьпісе «500 найвялікшых альбомаў усіх часоў»? Тады вы зусім ня ведаеце музыкі 60-х! І таму – ну ж борздзенька шукаць электронныя вэрсіі (сама лепш, ведама, займець іх папяровыя выданьні) трох грунтоўных Джойнсанавых энцыкляпэдый! А менавіта: "Фуз, кісьліна і кветы" («Fuzz, Acid and Flowers»), "Габэлен, вытканы з уцехаў" («The Tapestry of Delights») і "Лятункі, фантазіі і ночныя мары з далёкіх краёў"(«Dreams, Fantasies and Nightmares From Faraway Lands»). Першая зь іх прысьвечана амэрыканскаму гаражнаму, псыхадэлічнаму і гіпі-року; другая – брытанскаму біту, рытм-энд-блюзу і прагрэсыўнаму року, а трэцяя – канадыйскаму, аўстралійскаму і лаціна-амэрыканскаму року і попу. Ілюстраваныя таміны Джойнсана пару разоў перавыдаваліся. І ўсядно становяць бібліяграфічную рэдкасьць.  (Зрэшты, купіць іх можна; прыдзецца, што праўда, «парушыць машны».) Колькі цудоўных альбомаў я знайшоў з помаччу гэтых энцыкляпэдый; спадзяюся, знойдзеце й вы! Джойнсан ёсьць аўтарам яшчэ шэрагу ня менш грунтоўных кніг зь гісторыі амэрыканскае (і ня толькі амэрыканскае) музыкі; інтэрвію зь ім і інфармацыю пра гэныя кнігі чытайце тут.

Рычы Антэрбэргер. "Няведамыя легенды рок-эн-ролу: Псыхадэлічныя незнаёмцы, непрытомныя геніі, піянэры панку, лоў-фай самадумы і рэшта"; "Гарадзкія касманаўты і пахаджалыя-чужнікі: Нязгледжаныя наватары і эксцэнтрычныя відзеньнікі року 60-х" («Unknown Legends of Rock 'n' Roll: Psychedelic Unknowns, Mad Geniuses, Punk Pioneers, Lo-Fi Mavericks & More», «Urban Spacemen and Wayfaring Strangers: Overlooked Innovators and Eccentric Visionaries of '60s Rock» by Richie Unterberger)

Амэрыканец Рычы Антэрбэгер напісаў незьлічоную рэч усякага рознага, датычнага ведамай і малаведамай папулярнай і рок-музыкі: біяграфій, аглядаў, рэцэнзій, камэнтароў да выданьняў/перавыданьняў музычных альбомаў… Апрача гэтага, ён аўтар 11 кніг; я хацеў бы зьвярнуць вашую ўвагу на дзьве зь іх – «Няведамыя легенды рок-эн-ролу» (1998) і «Гарадзкія касманаўты і пахаджалыя-чужнікі» (2000).

Энцыкляпэдыі энцыкляпэдыямі, а кніжкі накшталт Антэрбэргеравых прынамсі я шаную куды вышэй. Прысьвечаныя «забытым-недаацэненым рок/поп героям», «ламаньнікам шчырца навіны», кніжкі гэтыя становяць сабою дужа захапляльнае чытво, утрымваючы біяграфіі тых герояў, інтэрвію зь імі, агляд іхных шэдэўраў, шэраг рэдкіх фотаздымкаў… Ідзецца ў іх збольшага пра музыкантаў 60-х (як па-дзеля мяне – найцікавейшае пары́ ў гісторыі поп-культуры наагул). Зрэшты, каго там толькі няма! Рокеры 50-х, фолькеры, краўт-рокеры, рок-анархістыя, рок-сатырыкі, рок-эксцэнтрыкі, панк-правесьнікі і адзінотныя геніі па-за жаднымі стылямі і кірункамі. Усіх іх вылучае адно: яны стварылі неверагоднае, нечуванае, якое застаецца таковым дагэтуль.

Па прачытаньні хочацца зараз жа знайсьці і паслухаць усё без вынятку, успомненае ў гэтых кнігах, Бо там нямала шчырых пэрлінаў. Да кніжак прыкладзеныя дыскі з зразкамі творчасьці некаторых выканаўцаў.

Увага: канечна, наведайце Антэрбэргераў сайт.

Ведама, шмат пра якія кніжкі можна было б яшчэ напісаць: пра «краўт-рок-/джап-рок-хрэстаматыю» Джуліяна Коўпа, пра дужа вясёлыя выданьні ад «Re/Serach», пра кнігу Джозэфа Ланца, прысьвечаную «лёгкай музыцы», пра…

Але – калі іншым разам!

У рубрыцы "Сьпіс літаратуры" мы рэкамендуем кнігі пра любыя актуальныя і важныя, альбо наадварот, выпадковыя і неістотныя рэчы, падзеі ды зьявы. Папярэднія матэрыялы можна знайсьці тут.

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце