Блог

Спіс літаратуры: нацыяналізм

Medium?1401789713

У новай рубрыцы "Спіс літаратуры" мы будзем рэкамендаваць кнігі пра любыя актуальныя і важныя, альбо наадварот, выпадковыя і неістотныя рэчы, падзеі ды з'явы. Першы спіс ад Каці Рускевіч пра нацыяналізм.

 

 Які месяц хвалюецца Украіна, у Францыі на выбарах у Еўрапарламент лідзіруе Нацыянальны фронт - сямейнае прадпрыемства, «не патрэбнае моладзі», як спяваецца ў адной вясёлай панкаўскай песні, у родных мясцінах адгрымела спартыўнае свята, крыкі «Расія» і салют. Госці раз'ехаліся, залева змыла алкагольныя рэшткі, Няміга выйшла з берагоў метафарычна, Свіслач амаль па-сапраўднаму. У думках застаўся непрыемны паслясмак братоў-славян, постсавецкай сімволікі і перагорнутай нацыянальнай самаідэнтыфікацыі нецвярозых заўзятараў – хто , адкуль і куды будзе. Увесь лакальны і сусветны бардак зноў прыводзіць да развагаў пра нацыяналізм і права быць.

Нацыяналізм – панятак складаны і шматгранны. З аднаго, добрага, боку, ён раўняецца патрыятызму, з другога, дрэннага, знаходзіцца побач з ксенафобіяй і негатыўнымі «ізмамі», пасярэдзіне – нейтральная, навукова-тэарэтычная спроба апісаць доўгі і складаны працэс самаідэнтыфікацыі. Разважаючы пра нацыяналізм, лёгка пераскочыць на развагі пра мультыкультурнасць і посткаланіяльныя тэорыі, таталітарызм, Еўропу, новы пралетарыят, etc .... Прац, прысвечаных праблематыцы і блізкім тэорыям, вялікае мноства. Праўда, ёсць адна асаблівасць: лягчэй і зручней спасылацца на навуковыя, гістарычныя і філасофска-публіцыстычныя працы. З мастацкай літаратурай усё некалькі складаней, ступень абстрагавання ад тэксту, а тэксту ад аўтара – не настолькі высокая. Пры гэтым існуе законнае права аўтара на бязмежнае выкарыстанне выяўленчых прыёмаў, а маральна-этычная ацэнка учынкаў герояў рамана ды сюжэтных хадоў не заўсёды дарэчы.

Адразу хацелася б выбачыцца за суб'ектыўны характар ​​падабраных і не згаданых, у тым ліку, аўтараў.

Першае месца ва ўласнай галаве і гэтым спісе назаўжды застанецца за Бенедыктам Андэрсанам і працай «Уяўныя супольнасці. Развагі пра вытокі і асаблівасці нацыяналізму» («Imagined Communities. Reflections on the Origin and Spread of Nationalism»).

Бенедыкт Андэрсан (родны брат вядомага ангельскага філосафа-марксіста Перы Андэрсана) нарадзіўся ў Кітаі, доўгі час працаваў у Тайландзе і Інданезіі, у 1983 годзе напісаў працу «Уяўныя супольнасці. Развагі пра вытокі і асаблівасці нацыяналізму». У працы дакладна і проста тлумачыцца, як з'яўляюцца і фармуюцца нацыі, і чаму не трэба блытаць нацыю з этнасам і народам. Нацыяналізм як культурная самаідэнтыфікацыя, замена манархічнага ўтварэння на палітычныя. Аўтаномная, ўяўная, то бок сканструяваная супольнасць – так, але не як прамая лінія пакаленняў з глыбіні стагоддзяў.

Ва «Уяўных супольнасцях» ёсць мноства прывабных момантаў: тонка і дакладна апісаныя гістарычныя паралелі, гісторыя адраджэння шэрагу еўрапейскіх моваў, важная роля кніжнага слова і ўзнікненне першых нацыянальных дзяржаваў менавіта ў Лацінскай Амерыцы. Напрыклад, хваля азіяцкіх нацыянальна-вызваленчых рэвалюцый, адрознівалася маладосцю і адначасовасцю. Магчыма, да вызваленчага руху прывяла аднолькавая школьная праграма калоній, зацверджаная метраполіяй. Пагадзіцеся, дзіўна  вывучаць гісторыю барацьбы за незалежнасць Нідэрландаў ад Іспаніі, з'яўляючыся пры гэтым юным жыхаром галандскай калоніі.

Пра сябе Андэрсан у адным з інтэрв'ю кажа: «Я, магчыма, адзіны з аўтараў, якія пішуць пра нацыяналізм, хто не думае, што гэта жудасна». Варта дадаць: сярод сучасных аўтараў, якія займаюцца канструктыўным  – ад слова канструяваць – бокам нацыяналізму.

Уладзімір Ільіч Ленін праца «Аб праве нацый на самавызначэнне» («О праве наций на самоопределение»), напісаная ў чэрвені 1914 году перад пачаткам Першай Сусветнай вайны, у супярэчлівы і неспакойны час.

У звыклым бойкім і энергічным тоне Ул. Ільіч тлумачыць пра «поўнае» права нацый на самавызначэнне і чаму не варта блытаць любоў да радзімы з буржуазным патрыятызмам, роўным шавінізму. Як вядома, у Савецкім Саюзе ўсе рэспублікі быў брацкія, і радзіма для ўсіх лічылася адна. На першым месцы першапачаткова знаходзілася агульная пралетарская барацьба і справа Інтэрнацыянала. Пытанне са схаванай праблемай аднак палягае ў тым, што першым і галоўным прыкладам агульнапралетарскай барацьбы павінен быў стаць рускі пралетарыят. Такім чынам, незалежна ад "барацьбы з нацыяналізмам і ў першую чаргу з рускім», агульны вектар адносінаў быў зададзены выразна і надоўга.

Андрэй Тэсля «Першы рускі нацыяналізм і іншыя» («Первый русский национализм и другие»).

Зборнік артыкулаў і эсэ, прысвечаных кансерватызму, нацыяналізму, дзевятнаццатаму стагоддзю. Не варта рабіць сэнсавы націск на "рускі", галоўным вызначальным словам у назве, мабыць, застаюцца «іншыя». Яшчэ адна пісьменная і аб'ёмная праца, прысвечаная фармаванню паняткаў «нацыяналізм і нацыя". Тэсля піша пра ролю паўстання 1863 года і так званае «польскае пытанне» (на жаль, тэрміналогія ў апісанні падзей не вельмі карэктная гістарычна і геаграфічна), пра савецкае прачытанне Герцэна і, вядома ж, славянафілаў. Нягледзячы на філасофскі падтэкст і абгрунтаваную нуду сучаснага крытычнага стаўлення да тэкстаў і імёнаў Бялінскага, Крапоткіна, Хамякова ды іншых, чытаецца надзіва лёгка і нязмушана. Чытаць рэкамендуецца разам з публіцыстыкай Васілія В. Розанава пра тое ж самае польскае пытанне, напрыклад.

Проза Юрыя Станкевіча, "Любіць ноч – права пацукоў”.

Да прац пра нацыяналізм гістарычнага і тэарэтычнага характару арганічна дадаецца мастацкая літаратура. Сярод публіцыстычных тэкстаў, мастацкае апісанне дрэнных іншых і шкадаванне пра страчанае самавызначэнне становяцца яркай і дарэчнай макабрычнай ілюстрацыяй. Пра аўтара сказана і напісана нямала, характарыстыка правага інтэлектуала і змрочнага містыка дакладная. Адпрацаваная рэфлексія над сямейнай біяграфіяй і суб'ектыўны погляд станоўча ўплываюць на якасць тэкстаў і сюжэт, што дазваляе адасабляць пазіцыю аўтара, уласны пункт гледжання і тэкст.

Юрыю Станкевічу ўдалую пару складае ўкраінец Васіль Шкляр з эпічным раманам «Залишенець. Чорний ворон».

Пасуюць яны адзін адному нават знешне: абодва масіўныя, сур'ёзныя і вусатыя. Гістарычны раман «Залишенець. Чорний ворон» пра складаныя дваццатыя і Украінскую Народную Рэспубліку. Вораг – адзін, і зразумела, які. І супраць яго праклятага будуць змагацца да смяротнага канца. Пералічваць эпітэты і характарыстыкі ворага наўрад ці варта, багатая ўкраінская мова ў гэтых адносінах асабліва лірычныя і разнастайная. Вакол кнігі склаўся асаблівы флёр скандалаў, напрыклад, адмова аўтара ад перакладу на рускую мову і абвінавачванні ў ксенафобіі. Добрым раман робяць займальны сюжэт, простая мова і неадназначны гістарычны перыяд.

На жаль, па-за старонкамі застаюцца Эрык Хобсбаўм, Эрнэст Гелнер, Рэнэ Генон, даследаванні японскага нацыяналізма і яго спецыфічнага ўсходняга каларыта, Іван Ільін, літаратура новых французаў і шведаў родам з Кітая і Паўночнай Афрыкі, Джонатан Літэл, паэзія негрыцюду і мноства іншых цікавых рэчаў і людзей

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце