Тарас Прахаська для нястомленых Украінаю

Medium?1436266353

Чаму ўкраінскі пісьменнік Тарас Прахаська мусіць быць прачытаны тут і цяпер і што будзе, калі памяняць у ягонай кнізе Украіну на Беларусь, піша Аркадзь Несцярэнка.

 

У адной з апошніх п'есаў Івана Вырыпаева «Летнія восы кусаюць нас нават у лістападзе» ёсць маналог, у якім герой кажа: «Разумееце, я стаміўся. Я нават не ведаю, як вам гэта патлумачыць. Я вельмі моцна стаміўся ад усяго, што мяне атачае. Я стаміўся ад гэтых дрэваў, ад вуліцы за маім вакном... ад сняданка, абеда і вячэры... ад свайго сэрца, лёгкіх, крыві. Але самае галоўнае, я стаміўся ад самога сябе». Гэты фрагмент мог бы быць цудоўным антыэпіграфам да апошняй кнігі Тараса Прахаські «Одної і тої самої». Гэтая праца акурат пра нястомленых сабою, пра нястомленасць часам.   

«Одної і тої самої» жанрава самім аўтарам ацэньваецца як збор параэсэістыкі, парапубліцыстыкі. Гэта нон-фікшн, да якога варта дадаваць слова deep. Дзіп-нон-фікшн – так будзе дакладней. Тут няма галоўных герояў. Тут ёсць час, прастора, аўтар і нешта яшчэ, значна большае за драматургію. Тут вядзецца пра галоўнае. Пра ўласны сусвет. 

Ты чытаеш успаміны пра галічан, чэхаў, эмігрантаў, спецпасяленцаў, чытаеш пра базавыя эмоцыі аўтара і праз момант ловіш сябе на думцы, што гэта не толькі пра яго, не толькі пра іх, гэта ўсё яшчэ і пра нас. Замяняеш Украіна на Беларусь – атрымліваеш уласнае тлумачэнне, чаму ЎСЁ ТАК.

***

Найцяжэй усвядоміць, што Беларусь – гэта краіна, якой няма. Улада будуе свой узор ідэнтычнасці з пачаткам гісторыі ў 1945 годзе, адкрытая супольнасць будуе паралельнае грамадства з унутранай эміграцыяй і ціхай беларускай мовай паміж сабою ў кавярнях. І паміж гэтымі мадэлямі існуе Беларусь, якую не разумеюць ні першыя, ні другія. Гэта самая закрытая Беларусь, якая нікому пра сябе не распавядае: як яна жыве, адкуль у яе сродкі, як яна іх зарабляе і навошта. 

Сучасная Беларусь гэта ўжо больш не архіпелаг, бо архіпелаг захоўвае хаця б умоўную сувязь у межах сябе. Беларусь – суцэльнае паміж. Разрыў з самой сабою і з часам. Украіна тлумачыць нам наш уласны разрыў. Нашую ўласную адсутнасць дзяржавы. Урэшце нашую ўласную адсутнасць будучыні. І разам з гэтым нашыя перспектывы. 

Прахаська геній. Ён мусіць быць прачытаны тут і цяпер. Пакуль Крым застаецца бутэрбродам. 

БНР не магло ўзнікнуць у межах ВКЛ, БССР не мела будучыні разам з Вільняй і Беластокам, РБ не атрымалася самастойным праектам у межах БССР. Якой будзе Новая Беларусь, калі Дзейнай Беларусі не існуе. Адказы на гэтыя пытанні немагчымыя без разумення Украіны. Гэта тое самае, як чэхі не ўсведамлялі б сэнсу падзення берлінскага муру. Тая з'ява ў 1989 годзе перафарматавала, выкарыстоўваючы тэрміналогію Прахаські, усю другую Еўропу. Падзеі 2014 года перафарматоўваюць нашую, трэцюю, Еўропу цяпер. І менавіта таму варта ўжо зараз разумець, чым усё скончыцца. Бо місія ўжо выкананая. 

***

Прахаську немагчыма цытаваць. Разгортваеш кнігу пасярэдзіне, вычэпліваеш сказ, чапляешся за першы абзац. Бярэш яго. Гэта пачатак цытаты. Цягнеш, цягнеш, цягнеш. І разумееш, што цытата, якую ты абраў, расцягнулася на старонку, паўтары, дзве, і трэба ўжо перагортваць далей. 

Прахаська геній. Ён мусіць быць прачытаны тут і цяпер. Пакуль Крым застаецца бутэрбродам. Пакуль існуе адарваны Данбас, а на блок-пастах пад Харкавам у валанцёраў былыя беркутаўцы правяраюць, ці не вывозяць яны з фронту зброю, патроны ці іншыя рэчы. Можна сказаць, ці не вывозіць хто-небудзь штосьці з зоны, і гэта будзе сапраўды добры лінк да Беларусі, зрэшты і там, і там перасяленцы, і там, і там дзея, якая забівае людзей. 

Бачанне нацыі Прахаські дапамагае асэнсаваць сваю ролю ў новым часе. Бо так напраўду мінулая Украіна скончылася не ў 1991 годзе. Яна скончылася ў 2014-м, ці, дакладней, сканчаецца. І перагортваючы старонкі, бачыш, што беларусы могуць толькі зайздросціць украінцам (і ў гэтым мы самі будзем украінцамі, якія зайздросцяць палякам. Хаця мы і самі можам зайздросціць палякам, і тым самым быць яшчэ больш украінцамі). Гэта з аднаго боку. А з іншага – Украіна перапісвае наш уласны код. Мы адмаўляемся ад Плошчы. Надзяваем вышыванкі і нават лепшым раманам-2014 прызнаем кнігу, якая была напісаная 20 гадоў таму. КНІГУ ПРА 90-Я! Гэта істотна. Мы перапісваем наноў свае 90-я. 

Ці скончыцца ўсё перапісваннем дзяржавы? Ці гатовыя мы з другой спробы ўсвядоміць сябе нацыяй? І ці гатовыя з другой спробы атрымаць страчаную дзяржаву? У адрозненне ад Прахаські, я не ведаю адказы на гэтыя пытанні. Але я ведаю, як усё гэта называецца, і ведаю пры чым тут Майдан. Гэта Перабудова 2.0, прасці госпадзі. І нас ужо накрыла. І наперадзе проста час. І ён увесь пра адно і тое ж. 

«Одної і тої самої»

Фрагмент

Найцяжэй усвядоміць, што Украіна – гэта краіна, якой няма. Цяперашні час – архіпянькоўская прастора паміж дзвюма рознымі Украінамі. Гэты час не будзе належаць да гісторыі ні першай, ні другой. Настолькі адна на другую непадобная. Сучасная Украіна – гэта разлом, вулкан, які змяняе базавую геаграфію. 

Мы настолькі заглыбленыя каранямі ў мінулае, што перасадзіць старое дрэва ў новыя – значна лепшыя – умовы немагчыма, парвецца. Старое дрэва памірае там, дзе вырасла. Да яго ўжо недарэчна ўжываць ані тэхналогіі фармавання кроны, ані прагнозы чаканага ўраджаю. Яно яшчэ дае цень, які збірае ўсіх тых, чые рукі і ногі калісьці былі паламаныя падзеннем з дрэва, у чыіх целах назаўжды адклаліся мікраэлементы, ужытыя з яго пладамі. Яно яшчэ пускае нейкія парасткі. Уласна іх, каб працягвалася падабенства лініі, можна прышчапіць да якой-небудзь пругкай дзічкі. А старое цела, – на жаль, але так прыродна склалася, – пойдзе на дровы, яшчэ сагрэе, запахне непаўторным дымам. З некалькіх найпрыгажэйшых зрэзаў можна будзе зрабіць сувеніры.       

Мяркуючы па ўсім, папярэдняя Украіна сваю вялікую ролю ўжо адыграла. Перадусім яна ўжо была вялікаю імперыяй, якая стварыла пэўнае адзінства або, хутчэй, аб'яднаную мяшанку радасных наіўных плямёнаў, якія жылі на найспрыяльнай, а таму і найнебяспечнай тэрыторыі. Увабраўшы ў сябе базавыя рысы ўсіх плямёнаў, яна зацэментавала іх у непаўторную мадэль. І, уласна, тады дасягнула сваей найбольшай велічнасці. Яна палягала на тым, што гэтае месца не магло быць пустым. Усё іншае – неістотна. 

І тое, што мадэль украінскай імперыі трымалася на самазнішчэнні, таксама. Але яна запоўніла прастор паміж лесам і стэпам. Дала пачатак дзіўнай культуры, якая не адпавядае ані лесу, ані стэпу. Наўзамен і лес, і стэп адпавядаюць ёй. 

То бок усё ўжо адбылося. Місія выкананая.

І ўжо тады мы выпалі з еўрапейскага кантэксту. Пайшлі шляхам двувер'я. Занадта пераймаліся сваім прызначэннем, занадта прытрымліваліся непаўторных схемаў. Зрэшты мы спарадзілі Расею. З таго часу стасункі з ёю сталі вызначальнымі. Калі б Фройд не меў іншых выпадкаў, фрайдзізм мусіў бы з'явіцца з нашага анамнезу.   

Па-свойму, згубіўшы сваю арыгінальную дзяржаву, мы на доўгія стагоддзі атрымалі новае заданне – вярнуць сваю ўласную веліч. На доўгі час міф пра ўкраінскую імперыю стаў галоўным арыенцірам у нашай парадыгме. Цень расейскай дзяржавы пераследаваў нас цягам стагоддзяў. Мы не маглі паверыць, што тое, што здарылася адзін раз – і напоўніцу, – можа больш ніколі не паўторыцца. 

Сутнасцю ўсяго нашага існавання была адсутнасць страчанай дзяржавы, якую трэба было атрымаць. Мы мелі вялікую мэту – аднаўленне ўкраінскай дзяржавы. Ні пра што іншае не было гаворкі. І з гэтаю мэтаю было добра, бо была мэта.

Досвед бездзяржаўнасці, памножаны на вялікую прагу вялікай дзяржавы, цыклічна паўтараўся вялікімі спадзяваннямі, кароткачасовымі трыумфамі, бязладдзем, якое было вынікам адсутнасці дзяржаўнага досведу, страшнаю паразаю і парасткамі новай надзеі.

У гэтым сэнсе найлепшаю была тая Украіна, якая прагнула незалежнасці. Ідэальная краіна, краіна-ідэя, якая выжываючы і абараняючыся, марыла пра свой рай. Якая-кольвечы дробная дэталь, якая толькі намякала на ўкраінскае, была сакральным сімвалам. Казачная краіна-мінулае, у якой нават найбольшыя трагедыі былі апораю казкі, перастала існаваць тады, калі нечакана атрымала незалежнасць. Гэта стала канцом мінулай Украіны. Таму яе ўжо няма. 

Атрымаўшы незалежнасць і дзяржаўнасць, мы згубілі сваю старую Украіну. Аказалася, што ў нас не было ніякіх далейшых планаў. Мінулае засланіла сабою будучыню.*      

*Пераклаў з украінскай фрагмент «Одної і тої самої» Аркадзь Несцярэнка са згоды аўтара

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце