Навіны

Том Стопард атрымаў прэмію Пінтэра

Medium?1375591199

Брытанскі драматург Том Стопард стаў лаўрэатам штогадовай прэміі імя Гаральда Пінтэра, якую ўручае ангельскі ПЭН-клуб за выдатныя літаратурныя заслугі, паведамляецца на сайце прэміі.

 

Узнагарода будзе ўручаная ў Брытанскай бібліятэцы 7 кастрычніка. На цырымоніі Стопард выступіць з традыцыйным зваротам да прысутных. Стопард раней заяўляў, што драматургія Гаральда Пінтэра, у гонар якога ўручаецца прэмія, была “адной з прычынаў, якая падштурхнула яго да пісання п’есаў”. 

У журы прэміі сёлета ўвайшлі драматург Крыстафер Блэнд, паэтка Кэрал Эн Дафі, лаўрэат прэміі 2012 году, празаік Антонія Фрэйзер і тэатральны дзеяч Дэвід Лэн. Старшынёй журы стала аўтар дэтэктыўных раманаў Джыліян Слова. Каментуючы рашэнне ўручыць прэмію Стопарду, Слова падкрэсліла, што працы драматурга “адпавядаюць высокім крытэрам, зададзеным п'есамі Пінтэра”. 

Прэмія была заснаваная ў 2009 годзе ў гонар Гаральда Пінтэра, брытанскага драматурга і лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Штогод прэмію ўручаюць двум пісьменнікам. Асноўную прэмію атрымлівае брытанскі літаратар, які адказвае патрабаванню, сфармуляванаму Пінтэрам у яго нобелеўскай лекцыі: дэманструе “непахісную інтэлектуальную і грамадзянскую рашучасць пісаць праўду пра нашае жыццё і нашае грамадства”. 

Таксама ўручаецца спецыяльная прэмія за мужнасць, лаўрэатам якой робіцца замежны пісьменнік. У 2012 годзе яе атрымала сірыйская пісьменніца Самар Язбек, чый раман “Жанчына пад скрыжаваным агнём” заснаваны на дзённіках, якія яна вяла падчас сірыйскай вайны. Сярод мінулых лаўрэатаў — аўтар знакамітай “Гаморы”, кнігі пра мафію, італьянец Раберта Савіяна. Лаўрэат прэміі мужнасці за 2013 год пакуль невядомы. 

Гаральд Пінтэр, які напісаў 29 п'ес, сярод якіх “Калекцыя”, “Вартаўнік”, “Каханак” і “Здрада”, — адзін з класікаў тэатра абсурду. Нобелеўскую прэмію па літаратуры Пінтэр атрымаў у 2005 годзе. 

Том Стопард вядомы як аўтар п'ес “Аркадыя”, “Разэнкранц і Гільдэнстэрн мёртвыя”, “Травесці”, драматычнай трылогіі “Бераг Утопіі” і многіх іншых. Таксама Стопард вядомы як кінасцэнарыст. За сцэнар да фільма “Закаханы Шэкспір” ён атрымаў прэмію “Оскар” у 1998 годзе. У 2000 годзе каралева Елізавета II надала Стопарду рыцарскае званне.

Паводле prajdzisvet.org

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце