Блог

Хэнд-мэйд па-беларуску

Medium?1410955037

Выразаць з паперы коціка, прыгатаваць вафлі па старадаўнім рэцэпце альбо ўласнаруч расшыць кашулю арнаментам — сярод паўсюднага сёння захаплення хэнд-мэйдам беларускія традыцыйны рамёствы могуць зрабіцца цікавым хобі. Марына Весялуха пагартала добра ілюстраваныя выданні па тэме. 

 

Яўген Сахута. Сучаснае народнае мастацтва Беларусі. — Мінск: Беларусь, 2013.

Перш чым выбраць сабе новае хобі з ліку традыцыйных заняткаў беларусаў, важна пазнаёміцца з “усім спісам” рамёстваў, характэрных для прадстаўнікоў нашага народу. У гэтым дапаможа кніга Яўгена Сахуты. Тут сабраныя і прааналізаваныя віды дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, традыцыйныя мастацкія рамёствы, што бытуюць сёння. Вядома, жывая традыцыя існуе ў натуральным ландшафце, а не на паліцах музеяў. Таму надзвычай істотна, што пераважная большасць матэрыялу для кнігі сабрана аўтарам падчас уласных экспедыцый па вёсках і гарадах Беларусі.

Цягам больш як 30 гадоў вывучэння традыцыйнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў вандроўках аўтар фіксаваў дынаміку змянення яго форм, зместу і характару яго відаў. Так, у кнізе разгледжаны заняпад народнага мастацтва на працягу першай паловы ХХ ст. і яго буйное адраджэнне ў апошнія два дзесяцігоддзі ХХ ст., стварэнне школ, майстэрняў, суполак мастакоў па аднаўленні такіх відаў мастацтва, як ткацтва, ганчарства, кавальства, апрацоўка дрэва, выцінанка.

Вольга Бабурына, Наталля Сухая. Мая выцінанка. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2014.

Простая і натуральная для нас з’ява, выцінанка мае надзвычай багатую гісторыю і сферу выкарыстання. Так, спецыялісты звязваюць шырокае распаўсюджанне выцінанкі на беларускіх, польскіх, рускіх, украінскіх і літоўскіх землях перадусім з жаданнем жыхароў упрыгожыць свой дом, а таксама з даступнасцю матэрыялу. Вядома, што самае старажытнае выкарыстанне паперы ў ВКЛ датуецца XIV стагоддзем, менавіта ў гэты час свае лісты на паперы пісаў вялікі князь літоўскі Вітаўт. І ўжо праз два стагоддзі паперні працавалі амаль у кожным вялікім горадзе, а матэрыял стаў даступны не толькі вышэйшаму саслоўю, але і сялянам.

Сёння выцінанка выкарыстоўваецца ў розных сферах: ад простых сняжынак на вокнах, якія мы ўсе так любім выразаць і наклейваць напярэдадні Калядаў і Новага года, да мультфільмаў, дзе ўсе персанажы і дэкарацыі выразаныя з паперы, і нават складаных форм лялечнага тэатра, калі падчас прадстаўлення мастак проста на вачах гледачоў стварае і ажыўляе герояў спектакля.

У кнізе “Мая выцінанка” аўтары не проста распавядаюць пра тэарэтычны бок справы, але і прадстаўляюць эскізы да выцінанак розных тыпаў з пералікам неабходных інструментаў і падрабязным пакрокавым апісаннем, як атрымаць патрэбны малюнак на выразцы. З такімі падрабязнымі інструкцыямі сапраўды вельмі проста выразаць коціка, коніка, велікоднае яйка ці нават сілуэт гарадзенскай Каложскай царквы. Тут жа падаюцца і прыклады гатовых прадметаў з выкарыстаннем выцінанкі.

Вінцэнта Завадская. Літоўская кухарка: Першая беларуская кулінарная кніга. — Мінск: Харвест, 2013.

Упершыню выдадзеная ў 1854 годзе па-польску, “Літоўская кухарка” адразу ж займела ашаламляльны поспех не толькі на беларускіх, польскіх і літоўскіх землях, але і ў Расіі. Пра саму аўтарку, Вінцэнту Завадскую, сёння вядома нямнога. Яна паходзіла з дому Жалтоўскіх і была жонкай вядомага віленскага выдаўца Адама Завадскага. На беларускую мову гэтую адметную кнігу, у свой час сапраўдны бестселер, пераклалі толькі цяпер. Аўтар перакладу — вядомая пісьменніца Наталка Бабіна. Дарэчы, арыгінал выдання захоўваецца ў Лондане, у Беларускай бібліятэцы імя Ф. Скарыны.

У кнізе “Літоўская кухарка” можна знайсці розныя рэцэпты: экзатычныя, простыя, складаныя, паўсядзённыя, святочныя. Ёй можна з лёгкасцю карыстацца: меры вагі і аб’ёму, прынятыя даўней (фунт, кварта), тут пераведзеныя ў сучасныя (кілаграм, грам, літр). А значэнне некаторых інгрыдыентаў, якія могуць падацца дзіўнымі, да прыкладу, амарэткі, лімонная соль, англійскі перац, для зручнасці тлумачыцца ў спецыяльным слоўніку, змешчаным на пачатку кнігі. Усе рэцэпты, прадстаўленыя ў выданні, аб’яднаныя ў 21 тэматычны раздзел. Такая досыць падрабязная класіфікацыя страваў дазволіць хутка зарыентавацца і знайсці патрэбны рэцэпт. Кніга навучыць гатаваць супы, соўсы, варэнне, стравы з яек, марынаваныя салаты, пячы хлеб і здобу, салодкую кандытарскую, печыва, вафлі, стравы мясныя і рыбныя халодныя… Выданне добра ілюстраванае, таму, перш чым брацца за знаёмства з кнігай, лепш грунтоўна пад’есці.

Адметна, што выданне выйшла адначасова ў дзвюх версіях: па-беларуску і па-руску.

Яўген Сахута. Беларускае народнае ганчарства. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2013

Ганчарства займае адно з прыкметных месцаў сярод шматлікіх традыцыйных беларускіх рамёстваў. Гэты від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва мае багатую гісторыю, якая бярэ пачатак яшчэ ў глыбокай старажытнасці. Дзякуючы багатым залежам гліны на тэрыторыі Беларусі, даступнасці і таннасці гэтага віду сыравіны, ганчарства атрымала шырокае распаўсюджанне. З гліны вырабляўся разнастайны посуд, арыгінальныя мастацкія рэчы з сакральнымі функцыямі, музычныя інструменты. Праз свае глыбокія карані менавіта ганчарства захавала найбольш архаічныя рысы дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, якія ў далейшым развіліся і паўплывалі на іншыя віды беларускага народнага мастацтва.

Даследаванне Яўгена Сахуты досыць падрабязна распавядае пра гэты від традыцыйнага мастацтва, яго гісторыю развіцця на Беларусі, тэхналогію рамяства, асартымент і характар вырабаў. Вельмі значна, што ўвага надаецца дзейнасці найбольш буйных ганчарскіх асяродкаў. У дадатку да выдання — слоўнік, які дапаможа “навічкам” лепей разабрацца ў тэрміналогіі.

Сёння ганчарства разам з бачным адраджэннем пераадольвае і пэўныя цяжкасці. Перадусім яны звязаныя з перарываннем традыцыі, адсутнасцю спецыяльнай літаратуры і кампетэнтных прафесіяналаў-майстроў. Але варта спадзявацца на лепшае. Можа, менавіта вы станеце новым знаным майстрам-ганчаром?

Вольга Лабачэўская. Беларускі народны тэкстыль: мастацкія асновы, узаемасувязі, навацыі. — Мінск: Беларуская навука, 2013.

Раней ужо выходзілі асобныя даследаванні, прысвечаныя беларускім ручнікам, беларускаму народнаму касцюму. Гэтае ж выданне адметнае тым, што яно прысвечана тэкстылю ў цэлым. Тут ідзе гаворка і пра мастацкія тканіны абрадавага прызначэння, і пра традыцыйны касцюм. Па меркаванні даследчыцы, нельга асобна выдзеліць касцюм, кашулю вышываную, тканую, з арнаментам, асобна вылучыць ручнік, сказаць, што яны паміж сабой па-мастацку не звязаныя. Каноны іх стварэння і ўпрыгожання заўсёды фарміраваліся і развіваліся ў агульным полі культуры і традыцыі.

Разам з тым Вольга Лабачэўская аналізуе і працэсы, што адбываюцца ў гэтым відзе народнай творчасці: як змяняецца арнамент, колеры, якія тэхнікі з’яўляюцца, якія тэндэнцыі ўплываюць на развіццё ўсіх тканін. Атрымалася цэласнае і комплекснае даследаванне, што дазваляе прасачыць фактычна ўсю гісторыю і тэндэнцыі развіцця беларускага народнага тэкстылю.

У аснове кнігі — фактура, сабраная падчас многіх экспедыцый. Гэта ўласны вялікі архіў аўтаркі, што складваўся цягам больш як чвэрці стагоддзя, куды ўвайшлі фотаздымкі касцюмаў, тканін, ручнікоў, інтэр’ераў, зробленыя ў розных мясцовасцях краіны. Акрамя таго, важнай крыніцай матэрыялу сталі музеі, дзе сабраны лепшыя ўзоры народнага тэкстылю.

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце