Iнтэрв'ю

Віялета Пачкоўская: «Я магу чытаць толькі дзіцячыя кніжкі ўголас»

Загадкавая Пачкоўская ўрэшце выдала кнігу вершаў. Пра яе мы ведалі няшмат — тое, што ў віртуальнасьці яна час ад часу мільгае, як «каляровая капуста; тое, што дома ў яе — два мужчыны з дарослымі сур'ёзнымі тварамі. Адзін — Андрэй Пакроўскі — малюе ды піша з заражальнай весялосьцю ды лёгкасьцю ў словах. Пра другога — Мацейку — распавядзе нам ніжэй сама Віялета. 

Прэзэнтацыя Пачкоўскай, магчыма, прэтэндуе на месца ў кнізе рэкордаў. Яна заняла ўсяго 33 хвіліны, ніхто нават ні разу не пазяхнуў. І размова ў нас атрымалася гэткаю ж. Не для пазяханьня.

 

 

 

 — Скажы, калі ласка, чаму твая кніга зьявілася цяпер? Было нейкае перакананьне, што трэба патрапіць у клюб 27-мі, дзейнічалі пэўныя літаратарскія забабоны? Ці ўсё спарадычна — выйшла, і добра?

— Кніга рыхтавалася цэлы год, тэксты рэдактару я даслала мінулым летам. Зьяўляліся нейкія праблемы з вокладкай, яшчэ нейкія накладкі, усё было вельмі павольна з боку выдавецтва. Ніякіх забабонаў у мяне не было, я радая, што кніга выйшла цяпер, калі прайшоў пэўны час ад напісаньня, і я нешта здолела асэнсаваць. Яна магла зьявіцца і гады 3-4 таму, калі напісаліся апошнія зь яе вершы, але гэта неістотна. Выйшла — і добра.

— Згодна са скупой інтэрнэт-хронікай, ты друкуеш вершы цягам 10 год. Гэта ўжо як стаж курыльшчыка. Ці заўважыла ты за гэты час, што маеш акрэсьленага чытача, што ты аформілася, як паэт, і што гэта найважнейшая справа ў жыцьці?

— Наконт чытача — я ня ведаю, хто мяне чытае. Спадзяюся, што ня толькі сябры. Пісаць мне падабаецца, але гэта не найважнейшае ў маім жыцьці. Да творчасьці я стаўлюся са здаровай іроніяй, як да пэўнай гульні. Мне падаецца, што мяне можна назваць “аформленым” паэтам. Але я пішу для сябе і па натхненьні, а не для нейкага міфічнага чытача ў маёй галаве.

— А што тады для цябе найважнейшае?

— Для мяне найважнейшае ў жыцьці — гэта мая сям’я. Я зразумела гэта пасля таго, як стала маці. Усё астатняе моцна не дацягвае. Пэўныя маральныя прынцыпы, напэўна, на другім месцы, але для сям’і, магчыма, я здрадзіла б і ім, калі б гэта было неабходна. Вось такі я страшны чалавек (сьмяецца).

— У тваіх вершах шмат цяпла, жанчыны і каханьня. Калі б цябе вывелі да групы школьнікаў, а яны запыталіся: “Пра што вы, цёцечка, пішаце?”, што б ты ім адказала?

— Думаю, я прачытала б ім некалькі вершаў і папрасіла б самім выказацца, што яны ў іх чуюць. І школьнікаў бы прасканавала, і сама б выкруцілася (сьмяецца). Гэта цяжкае пытаньне.

— У вас з Андрэем вельмі інтравертная сям'я. Вы гэткія Жыбуль і Бурлак, толькі з таемнага сьвету. Што вас трымае адно з адным, і ці лёгка быць творцам у пастцы чужой творчай энэргетыкі ды эгацэнтрызму?

— Пражываньне на адной жылплошчы разам з Андрэем ніякім чынам не стрымлівала маю творчасьць, хутчэй, наадварот. Мы не перашкаджаем адно аднаму ў такія інтымныя моманты, як творчасьць. Пры жаданьні можна зачыніцца ў іншым пакоі. Што нас трымае разам — я ня ведаю дакладна. Напэўна, нам проста так хораша. Я не ўяўляю, што можа быць інакш.

 

— Пакроўскага нашмат больш у сеціве, друку ды мэдыя-прасторы, чым цябе. Як выглядае вашае жыцьцё? Ён нястомна піша, а ты варыш капусны суп для сына, час ад часу крэмзаючы новы верш у павараную кнігу?

— Тут трэба асобна акрэсьліць нашае жыцьцё да зьяўлення сына і пасьля. Маладыя і нежанатыя мы не былі зьвязаныя нейкімі хатнімі ці якімі іншымі абавязкамі і мелі дастаткова вольнага часу для творчасьці. Цяпер усё ня так, галава забітая іншымі справамі, той унутранай адзіноты, так патрэбнай для натхнення, няма і блізка. А суп я вару.

— Распавядзі, калі ласка, што зьмяняецца ў сьветаадчуваньні, калі зьяўляецца дзіця? Ці перашкаджае наяўнасьць малога чалавека мастацтву, росту ды “адрыву”?

— Я ўжо казала, што ў мяне цалкам змяніліся прыярытэты. Мастацтву Мацейка сапраўды актыўна перашкаджае, бо патрабуе маёй увагі нонстоп. Я магу чытаць толькі дзіцячыя кніжкі і толькі ўголас, усё астатняе — калі ён сьпіць. Тое самае з пісаньнем. Аднак, што тычыцца маральнага росту, то зьяўленне малога чалавечка яго якраз стымулюе. Добра, што пазытыўныя зьмены ў жыцьці, маю на ўвазе сына, таксама спрыяюць пераасэнсаваньню і развагам.

 

 — Ад чаго назва “Арэхападзеньне”? Гэта як лістапад, толькі з арэхаў, ці ўсё ж гэта бліжэй да грахападзеньня?

— Канешне, гэта пра грэхападзеньне, там і яблыня фігуруе у тэксьце верша. Пра пераход зь дзіцячага стану ў дарослы, пра пэўную ініцыяцыю. У кнізе гэтай тэме прысьвечаныя некалькі вершаў, яна для мяне вельмі важная. Вось пра што я раскажу групе школьнікаў! (сьмяецца)

— Адкуль у цябе веданьне польскай ды цяга да гэтае культуры? Як ты лічыш, ці польская літаратура на сёньня разьвітая і поўная больш за нашую? Каго ты чытаеш, хто цябе натхняе?

— Усе мае продкі паходзяць з Заходняй Беларусі, з так званых “крэсаў”. Пастаўшчына, Глыбоччына, Дзісна. Хадзілі ў польскія школы, падчас сямейных “наездаў” размаўляюць між сабой па-польску. Мяне бабуля ў дзяцінстве вучыла маліцца на гэтай мове, яна вельмі хацела, каб я гэта запомніла. Відаць, адтуль і цяга, таму я і пайшла на паланістыку ў БДУ. Што тычыцца польскай літаратуры, то мы зараз яе актыўна даганяем (сьмяецца). Я чытаю Марыюша Шчыгла, Ханну Краль, Стэфана Хвіна, Вольгу Такарчук і іншых, шмат паэзіі таксама. Апошнім часам чытаю сучасную літаратуру, еракладзеную на польскую, тое, чаго няма па-беларуску ці руску, а мовы арыгіналу ня ведаю, напрыклад, Данілу Кіша, Хэрту Мюльлер, Стыва Сэм-Сэнбэрга. Пазычаюць сябры. Цяжка сказаць, ці натхняюць яны мяне, хутчэй выклікаюць да развагі.

— Каму б ты падарыла сваю кнігу, як рэцэпт збаўленьня? Як думаеш, тваё “Арэхападзеньне” здольнае некаму ўратаваць жыцьцё?

— Наўрад ці. Кніга тонкая, нават прастрэліць лёгка, такой не адаб’есься. Я сама нічога ня ведаю, наўрад ці можна назваць яе рэцэптам. Але падару ўсім ахвочым, аўтарскіх у мяне яшчэ дастаткова!

 

 

 * * *

 

твае вусны — як комін над хатай маёй бабулі

толькі паліш часьцей, чым яна ў печы

твае вусны — як сьлімак на старой сьлівіне

пяшчотныя і выкшталцоныя

валасы — як халодныя макароніны

зьвіваюцца долу, падаюць у міску

ты некалі будзеш з залысінай

як мой дзед, ты й зараз да яго падобны:

стары грыб — худыя ногі, цыгарэта ў зубах

і выключны ўнутраны сьвет

толькі што не храпеш, але гэта

прыйдзе з часам

прасую твае майкі

гладжу тваю скуру

латаю кішэні, прышываю гузікі

я кожны дзень шчасьлівая

бо ты штораніцы просіш есьці

а ноччу абдымаеш у сьне

я думаю, нам не будзе сумна на пэнсіі

пры ўмове, што я не памру

раней ад сьмеху

а ты кінеш паліць і пачнеш есьці суп

бо шчасьце — гэта ж як два пальцы

 

Гутарыла Адэля Дубавец

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце