Навіны

Выйшаў Польска-беларускі тэматычны слоўнік

Medium?1381085627

У Мінску ў выдавецтве Змітра Коласа выйшаў з друку “Польска-беларускі тэматычны слоўнік” для школьнікаў і студэнтаў. Яго падрыхтаваў кандыдат філалагічных навук, вядомы беларускі перакладчык Лявон Баршчэўскі.

Слоўнік выйшаў з друку дзякуючы фінансавай дапамозе пасольства Рэспублікі Польшча ў Беларусі, налічвае ён звыш 17,5 тысяч слоўных артыкулаў. Наклад выдання — 500 асобнікаў. 

У Беларусі, а таксама ў Польшчы ў апошнія дзесяцігоддзі выйшла нямала розных беларуска-польскіх і польска-беларускіх слоўнікаў. Адразу прыгадваецца “Польска-беларускі слоўнік” (Мн., 2004), які ўклалі Яўгенія Волкава і Валянціна Авілава і які налічвае звыш 40 тысяч словаў. “Польска-беларускі, беларуска-польскі слоўнік” (Варшава, 1996, 2007) — гэта даведнік, які змяшчае ў абедзвюх частках каля 20 тысяч словаў, у тым ліку ўстойлівыя выразы і фразеалагізмы. Аўтары-ўкладальнікі слоўніка — Тэрэса Ясіньска і Альберт Барташэвіч. Цікавым і карысным атрымаўся і “Беларуска-польска і польска-беларускі дзіцячы слоўнік” (Мн., 2006) Валерыі Ждановіч. Дарэчы, Лявон Баршчэўскі плённа працуе на карысць польска-беларускіх сувязяў. У 2008 годзе ён выдаў “Кароткую граматыку польскай мовы”. А ў 2011 годзе ў кнігарнях Беларусі з’явіўся ягоны “Беларуска-польскі размоўнік-даведнік”. 

Лявон Баршчэўскі піша ва ўводзінах да слоўніка, што ў апошнія гады шмат маладых беларусаў робіцца навучэнцамі сярэдніх навучальных установаў або студэнтамі ўніверсітэтаў Польшчы. Так ці інакш, дзеля добрага навучання ў Польшчы беларускім юнакам і дзяўчатам даводзіцца ў надзвычай кароткі час засвойваць базавую тэрміналогію з самых розных галін ведаў, вучыцца чытаць і разумець навучальную, мастацкую і грамадска-палітычную літаратуру. 

“Польска-беларускі тэматычны слоўнік” для школьнікаў і студэнтаў мае дыферэнцыяльны характар. Сюды ўключаныя толькі тыя паняцці і тэрміны, пераклад якіх можа ўяўляць складанасць для чалавека, які ў дастатковай меры валодае беларускай мовай. Таму ў складзе слоўніка адсутнічае значная колькасць інтэрнацыяналізмаў, агульных для беларускай і польскай моваў тэрмінаў, пазычаных з лацінскай, ангельскай, нямецкай, французскай і іншых моваў, а таксама тэрмінаў, якія паводле свайго гучання і напісання зразумелыя носьбіту беларускай мовы, навучэнцу або студэнту. 

Слоўнік складаецца з дзвюх частак. Першая прысвечаная агульнай і агульнадыдактычнай лексіцы. У другую частку слоўніка ўвайшлі словы спецыяльных тэрміналогій. Гэта тэрміны з філалогіі (літаратура, мова) і мастацтвазнаўства, тэрміны, паняцці і назвы з гісторыі і грамадазнаўства, геаграфічныя тэрміны, тэрміны з біялогіі і экалогіі, хімічныя тэрміны, тэрміны з фізікі і астраноміі, матэматыкі і інфарматыкі. 

“Польска-беларускі тэматычны слоўнік” для школьнікаў і студэнтаў будзе карысны не толькі для тых беларусаў, што вучацца ў Польшчы, але і для ўсіх настаўнікаў і педагогаў школ, навучальных установаў з польскай і беларускай мовамі навучання, а таксама для ўсіх, хто цікавіцца польскай і беларускай тэрміналогіяй, гісторыяй добрасуседскіх узаемаадносін Польшчы і Беларусі. 

Паводле prajdzisvet.org

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце