Навіны

Выйшаў зборнік замежных дэтэктываў па-беларуску

Medium?1374125810

У бібліятэцы часопіса “ПрайдзіСвет” “PostScriptum”, а таксама ў бібліятэцы Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка” выйшаў зборнік дэтэктыўнага апавядання “Злачынства, сэр!” (выдавецтва “Кнігазбор”).

 

Зборнік часткова дублюе творы, змешчаныя ў дэтэктыўным нумары часопіса “ПрайдзіСвет” “Art detected” (27 сакавіка 2012), аднак уключае таксама новыя пераклады. Раней у серыі “PostScriptum” выйшаў зборнік выбраных твораў Эдгара По “Маска Чырвонае Смерці” (“Кнігазбор”, 2011).

Кніга “Злачынства, сэр!” складаецца з дзвюх частак: першая, аднайменная, змяшчае класічныя і сучасныя дэтэктыўныя апавяданні, другая, пад назвай “Бясчынства, сэр!”, — пародыі на дэтэктыўны жанр. У дадатку прадстаўленыя два рэцэпты напісання добрых дэтэктыўных твораў. Прадмову да кнігі пад назвай “Пра бездакорнасць метаду” напісала Кацярына Маціеўская, укладальнік зборніка — Ганна Янкута. 
Канцэпцыя зборніка “Злачынства, сэр!” грунтуецца на меркаванні, што дэтэктыўнае апавяданне — неабавязкова жанр масавай літаратуры. Для зборніка абіраліся творы, якія паказваюць дэтэктыў з розных бакоў, дэманструюць розныя эпохі і аўтарскія стылі і аб’ядноўваюцца нетрывіяльнасцю падыходу да прахаднога, здавалася б, жанру. У кнізе можна знайсці і так званы протадэтэктыў — апавяданне Э. Т. А. Гофмана “Мадэмуазель дэ Скюдэры” (пераклад Аляксея Жбанава), у якім толькі-толькі з’яўляюцца першыя прыкметы жанру, які неўзабаве зробіцца ці не самым папулярным, і два апавяданні аднаго з бацькаў дэтэктыву Эдгара По, і класічныя творы прадстаўнікоў жанру Г. К. Чэстэртана і Э. Куіна, і апавяданне вядомага (праўда, зусім не гісторыямі пра крадзяжы і забойствы) чэшскага празаіка Карэла Чапэка (пераклад Надзеі Кахновіч), і твор амерыканца Ф. Стоктана “Панна ці тыгр?” (пераклад Юлі Цімафеевай), якое ўваходзіць у самыя знакамітыя анталогіі амерыканскага апавядання, і ўзоры сучасных мадыфікацыяў жанру — творы В. Такарчук, Д. Клугера, М. Бліні. 

Раздзел “Бясчынства, сэр!” змяшчае вядомыя класічныя пародыі на гісторыі пра Шэрлака Холмса, напісаныя Б. Гартам, Р. Стаўтам, Ж. Жыраду і А. Аверчанкам, а таксама вялікую аповесць славацкай пісьменніцы Даніэлы Капітанявай “Забойства ў Жлуктаве” (пераклад Сяргея Сматрычэнкі), у якой аўтарка прымушае самых знакамітых дэтэктываў усіх часоў і народаў (сярод якіх — не толькі згаданы ўжо Шэрлак Холмс, Эркюль Пуаро, міс Марпл, Нэра Вулф, камісар Мегрэ, але і герой новага часу камісар Каломба і нават агенты ФБР Малдэр і Скалі) расследаваць загадкавае забойства ў маленькім славацкім мястэчку Жлуктаў. 

Вокладку для зборніка распрацавала дызайнер Марыя Мухіна. Кнігу ўжо можна набыць у шэрагу кнігарняў Мінска. 

Паводле lit-bel.org

 

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце