Блог

Жанчына «У клетцы»

Medium?1368700122

Ва ўсім свеце няма такога месца, у якім жанчына перастала б быць жанчынай. Я ўпэўненая, што зусім не гэта хацелі сказаць выдаўцы новага польскага часопіса «У клетцы». Але так атрымалася, што сказалі менавіта гэта. Ганна Хмельна ў рубрыцы "Жанчына пра жанчын" піша пра прыгожы глянец для польскіх зэчак.

 

Аўтары часопіса — зняволеныя жаночай калоніі ў Варшаве. Былыя наркаманкі, злодзейкі, прастытуткі і забойцы круглыя​ суткі сядзяць у камеры з чатырох сцен. Ідэя стварыць часопіс прыйшла зусім не ім самім, а валанцёрам фонду «Дом культуры». Спачатку зняволеныя глядзелі на іх з недаверам, але потым уцягнуліся. Артыкулы для часопіса перадаюць нават з камер для асабліва небяспечных, адкуль не выпускаюць на «ўрокі журналістыкі».

З мастацкага пункту гледжання ацэньваць часопіс не мае сэнсу. Многія не ўмелі звязаць двух словаў, пакуль валанцёры не ўзяліся вучыць жанчын выказваць свае думкі. Сюжэтаў з Шаламава і Дамброўскага тут шукаць таксама не варта — усе сядзяць за справу, ніякіх палітычных. Многія рэцыдывісткі, шмат у каго тэрмін па дзесяць-дваццаць гадоў.

Чаму ж ад старонак «У клетцы» немагчыма адарвацца? Ці толькі з цікаўнасці?

«Раздзяляюць нас сцены і краты, але і там, і тут нашыя жыцці падобныя: складаюцца з хвілінаў шчасця і смутку, усмешак і слёз. Нашыя жыцці складаюцца з ўзору ў кратку», – вось і адказ на пытанне. Уражвае тое, што за сцяной няма нейкага іншага свету – тыя ж жанчыны, і тыя ж жаночыя праблемы і надзеі.

Вось гісторыя Мажэны, якая трапіла ў калонію за «вечарынкі, прастытуцыю, наркотыкі». Яна распавядае пра каханне – як сустрэла ў калоніі жанчыну і яны палюбілі адна адну. Не, справа не ў сэксе. І нягледзячы на тое, што каханую выпусцілі, Мажэна верыць, што каханне пераможа час і яны ўсё роўна будуць разам: «За кратамі ўсе перажыванні – мацнейшыя, больш інтэнсіўныя і нашмат больш усвядомленыя. Толькі тут можна зразумець – што такое сонца, паветра, цяпло і каханне».

Навыкі зносінаў у закрытым жаночым калектыве таксама вельмі падобныя да правілаў рэальнага свету. Марыетта распавядае пра тое, чаму горкая праўда горш за разумнае маўчанне: «Напрыклад, дзяўчына ў маёй камеры ўвесь час кажа, якая яна прыгожая, але на самай справе яна жудасна звыродлівая, ёй бы ў люстэрка лепей паглядзець. Калі яна мяне пытаецца, як яна выглядае, адказваю: «добра», таму што калі б я адказала «жудасна», яна б тут жа пакрыўдзілася і ўсчаўся б канфлікт».

Валанцёры прыходзяць у калонію добраахвотна і бясплатна. Ніхто іх не фінансуе, але ніхто ім і не перашкаджае. У часопісе не адрэдагаваныя цэнзурай турэмныя жарты і адкрыцці. Цікава, ці магчыма такое ў Беларусі? Напэўна, гэта рытарычнае пытанне.

Пачытаць першы нумар на польскай мове можна тут.

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце