Атлантыда навыварат

Міхал Анемпадыстаў для беларускамоўнай часткі чалавецтва – найперш аўтар рок-паэзіі, што лягла ў аснову вызначальных музычных праектаў канца дзевяностых. Многія песні "Новага Неба", уключна з амаль усім альбомам "Мая краіна" і паловай Go Home, такія-сякія песні з рэпертуару NRM, а таксама (шмат-)нацыянальная фольк-рок-опера "Народны Альбом" – гэта ўсё вялікім чынам заслуга Анемпадыстава.  Аднак што будзе, калі раздзяліць у творчасці Анемпадыстава словы і музыку? Ці магчыма шляхам медытацыі дасягнуць такога стану, што вершы – чытаеш, а любімую музыку за імі – не чуеш?

 

У зборніку "Глыбока-глыбока на дне філіжанкі кавы" сабраныя як тэксты песень, так і цалкам самастойныя вершы, а таксама пераклады з польскай рок-лірыкі, якія патрэбныя тут, хутчэй, канцэптуальна. Кожнае слова ў гэтай кніжцы – дакумент эпохі, што сышла разам са з'яўленнем сацыяльных сетак ды файлаабменных сервісаў, эпохі магнітаальбомаў ды ручной вёрсткі.  Да зборніка "Глыбока-глыбока на дне філіжанкі кавы" хочацца падысці як да рок-анталогіі: старыя баевікі, неўміручая класіка, а таксама свежыя трэкі, якія нагадваюць, што аўтар яшчэ жывы ды варушыцца, у прыватнасці – заглаўны трэк, то бок верш.

Калісьці, у 1998, ў музычным выдавецтве "Каўчэг" выходзіла кніжка "Атэкстацыі",  дарэчы, аформленая цікавей ды больш густоўна, – менавіта гэтага не хапае новаму, дапоўненаму выданню. Вершы ў ім збольшага тыя самыя, хоць ёсць і пяток новых, якіх не было ў “Атэкстацыях”, – “Там заўсёды свежы хлеб”, “Схаванае сэрца”, “Крылы анёлаў”, “Восень”.  А яшчэ тут з’явіўся новы кампазіцыйны раздзел “Шанты” – можна здагадацца, што гэта карабельныя песні, магчыма, пірацкія, – так бы мовіць, нядоўгае пераўвасабленне вядомага артыста ў Джэка-Вераб'я.

Кожнае слова ў гэтай кніжцы – дакумент эпохі, што сышла разам са з'яўленнем сацыяльных сетак ды файлаабменных сэрвісаў, эпохі магнітаальбомаў ды ручной вёрсткі. 

Што можна сказаць пра тыя тэксты, якія мы яшчэ не спявалі, дакладней, не чыталі? У адрозненне ад "джэнтльменскага набору гітоў", гэтыя вершы ўсё-ткі маюць уласную музыку і таму спяваць іх было б не надта зручна, – бо яны сапраўды вершы. Служачы беларускаму року, Анемпадыстаў увесь гэты час гадаваў у сабе ўмелага паэта-мінімаліста з добрым пачуццём унутранай рытмікі верлібру. На жаль, нельга сказаць, каб гэты аўтар быў вельмі пладавіты: ён ужо сказаў сваё слова ў той гістарычнай эпосе, якая мінула разам з незабароненымі канцэртамі NRM ды гарачымі бестсэлерамі Уладзіміра Арлова.

Галоўная хіба, за якую кніжку Анемпадыстава можна крытыкаваць, – яна застанецца незразумелай для большасці тых, хто не жыў у гэтым кантэксце.

Тая частка беларускай культуры, якую ўвасабляе сабой Анемпадыстаў – амаль што Атлантыда, што знайшла ўвасабленне ў вобразе "горада-вар'ята" з верша "Схаванае сэрца". Гэта ячшэ адзін закінуты мацярык беларускай культуры, што паволі пагружаецца ў глыбіню чалавечага бяспамяцтва. Гэта цэлае пакаленне, што да падлучэння да інтэрнэту натхнялася рок-н-рольным духам суседніх Польшчы або Літвы – адсюль і пераклады польскіх, таксама культавых, рок-гуртоў, якія складаюць даволі вялікую частку зборніка. Хто цяпер успомніць, што гэта за гурт быў – Republika і чаму іх песні трэба перакладаць разам з усімі выклічнікамі? Або чаму аўтару бліжэй за пэўныя родныя крэсы дэталі "Аўтабіяграфіі" з рэпертуару нейкіх там палякаў Perfekt? А з іншага боку – як нам, абазнаным, растлумачыць чужаку, што азначае добра вядомы ў вузкіх колах мем "Дваццаць пяць, дваццаць шэсць, дваццаць сем – нармальна"?

Галоўная хіба, за якую кніжку Анемпадыстава можна крытыкаваць, – яна застанецца незразумелай для большасці тых, хто не жыў у гэтым кантэксце. Шмат якія тэксты ў кнізе – тыя ж "25, 26, 27" проста не выжывуць без музычнага або візуальнага акампанементу. Аднак побач з гэтым нараджаецца і галоўная вартасць зборніка: на шчасце ці на жаль, матывы адчужэння, страты Радзімы і вымушанага існавання ў паралельным сусвеце зараз актуальныя гэтак жа, калі не больш, як і ў познесавецкія часы або "ліхія дзевяностыя".

"Буду доўга глядзець на вар'ятню,

Аж пакуль не захочацца

Вярнуцца дадому". (***)

Калі працягнуць паралель з рок-анталогіяй, то хочацца дадаць, што выданні такога кшталту – звычайна шыкоўныя, глянцавыя ды паліграфічна дасканалыя. І ад гэтай кніжкі асабіста мне хацелася таго самага, аднак, на жаль, яна аказалася зусім недарагая (такі вось атракцыён шчодрасці). Таму прапаную для яе наступную маркетынгавую нішу: кніжка для аўтографаў. Яе можна ўзяць з сабой на любое мерапрыемства з удзелам аўтара або яго сяброў, а па дарозе яшчэ раз прыгадаць любімыя канцэрты канца ХХ стагоддзя.

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце