Рэцэнзія на кнiгу: Original?1398343088
Beat the system, before it beats you

Нязьмерны вольныя прасторы

Сьвятой зямлі, – а чалавек

Мяжы, ірвы, тыны рабіў за векам век,

Хаваўся ў іх, як ліс у норы,

I жыў пужліва сам – адзін,

Дрыжачы, як лісьцё асін;

Зласьлівы, бессардэчны, хцівы,

Такі здрадлівы,

Для ўсіх чужы, зусім чужы.

Вакол яго – платы, мяжы.

Пабач, што робіцца за гэтымі платамі!

М.Багдановіч

Ёсць два спосабы прасоўваць тавар. Адзін – змагацца за яго якасць. Другі – укладацца ў рэкламу.

 

Веданне гэтага простага факту прымушае мяне падазрона глядзець на тое, што надта актыўна рэкламуецца. І трэба сказаць, што менавіта так – са скепсісам — я спачатку рэагавала на прасоўванне падарожных нататак Ромы Свечнікава.

Чытаць іх я пачала ў сеціве, трапіла на эсэ пра Амерыку і не надта ўразілася. Не, гэта не было кепска, але і не было Wow.…

Я была зачараваная няшкай-аўтарам, якому, мяркуючы па фотках, недарма прапанаюць сэкс ва ўсіх кропках планеты.

Другім разам я вярнулася да яго падарожжаў, ужо калі выйшла “Рома едзе. Кніга  1”. Вярнулася менавіта з прычыны любові да жанра, які асабіста я называю “вышэй Бэна”, па назве вядомай кнігі Сакіна і Цяцерскага (як высветлілася пазней, Рома таксама аказаўся аматарам гэтага жанру, але прыйшоў да яго праз аднайменны фільм).

Вярнулася і была зачараваная — і самім няшкай-аўтарам, якому, мяркуючы па фотках, недарма прапанаюць сэкс ва ўсіх кропках планеты. І яго тэкстам, ад якога, пры ўсёй прастаце задумы, немагчыма адарвацца. І яго стылем – поўным нечаканых метафар. Але, галоўнае, лаканічнасцю і глыбінёй тых мэседжаў, якія пасылае Рома свайму чытачу, не раўнуючы Далай-лама.

Хто лічыць, што такое параўнанне – блюзнерства, хай спачатку пачытае кнігу, вось-што-я- вам-скажу. Між іншым, у юнацтве на маёй лядоўні нейкі час віселі прымацаваныя магніцікам пасланні Далай-ламы, выразаныя з НН. Думаю, што некаторыя афарызмы Ромы таксама вартыя таго, каб стаць штодзённымі дэвізамі.

Калі сказаць пра яго стыль адным словам, то, хутчэй за ўсё, гэта будзе “антыпафас”. 

Не тое, каб Рома сказаў нешта прынцыпова новае, чаго вы не ведалі ці не чулі раней…  Хутчэй фішка ў тым, што ён прымушае чытача перажыць нешта разам з сабой і ўпэўніцца ў слушнасці вядомага, але падзабытага і падзацёртага. Рома – геніяльны каталізатар прапісных ісцін, але з прычыны таго, што каталізуе ён іх на ўласным хрыбце, яго чуеш і верыш.

“Адсутнасць патрэб і прыхільнасцяў – гэта тое, што характарызуе вольнага чалавека”.

“Свабодны чалавек – той, хто абыходзіцца малым наборам з першай ступені піраміды Маслоў. Ён жыве ўнутры свайго свету і не мае сувязяў з вонкавым”.

“Абсалютная свабода мяжуе з вар’яцтвам. Сустрэўшыся з ёй тварам да твару, ты або добраахвотна знікаеш без вестак, або перастаеш спяваць ёй песні”.

“Свабода – гэта ідэал для слабакоў”.

“Раптам я адчуваю такую пустэчу, цяжар і боль унутры. Адчуваю тое, што мы называем сапраўднай свабодай. Мы жывём гэтым ідэалам, гатовыя біцца за яго і спрачацца з пенай на вуснах. А высвятляецца, што свабода – гэта край”.

 “Ад свабоды ты раптам губляеш сябе, і лепей, каб ты у гэты момант не ехаў на матацыкле”.

Апошні сказ хочацца адзначыць асобна, бо ён выдатна дэманструе асаблівасці аўтарскага стылю Ромы Свечнікава, а менавіта крышталёвую яснасць яго метафар. Я закахалася ў іх недзе на дзевятай старонцы, прачытаўшы пра адну з вядомых навучальных устаноў такое: “Наступныя шэсць гадзін мяне будуць закручваць у пыльны савецкі дыван”.

Часам яго метафары зразумелыя толькі ў кантэксце яго вандроўкі: “Даводзіцца разбіраць кавалак чужога плота, каб пратапіць ачаг, паесці і адагнаць крылатых лаоскіх паўстанцаў”.

Ці канкрэтнай сітуацыі: “Праз пару кіламетраў Віталік раптам заўважае голых жанчын на беразе. У мяне не стае аргументаў, каб адбіцца ад яго цікаўнасці, і мы прычальваем непадалёк “кропкі джы”.

Яго параўнанні смешныя і дакладныя, а, галоўнае, яны вельмі сугучныя з тым, што вось-вось, здаецца, магло выкрышталізавацца і ў тваёй галаве, але за цябе гэта ўжо зрабіў Рома: “Часам мне здаецца, што па фатаграфіях кітайскіх турыстаў пасля якой-небудзь глабальнай катастрофы можна будзе дакладна аднавіць, а потым раздрукаваць на 3D-прынтары любую славутасць свету”.

Стыль Ромы пазнавальны і сваёй метафарычнасцю, і схільнасцю да “паніжэння” вобразу: “Ніякіх праблем з перасячэннем мяжы не паўстае – грузінскія памежнікі, як заўсёды, паказваюць высокі ўзровень абслугоўвання. Пра армянскіх магу сказаць толькі тое, што над памежным пераходам у іх вісіць ірваны сцяг”. Калі сказаць пра яго стыль адным словам, то, хутчэй за ўсё, гэта будзе “антыпафас”. Што, у прынцыпе, не дзіўна, калі ўлічыць, што рушыў у вандроўку аўтар менавіта ў пошуку сапраўднасці – сапраўдных людзей, сапраўдных адносінаў, сапраўдных эмоцый, сапраўднай адзіноты. Тэма пошукаў адзіноты, дарэчы, вельмі незвычайна гучыць менавіта ў роміным тэксце, бо, як правіла, у беларускай літаратуры ад яе толькі пакутуюць.

Але ў тым-та і штука, што Ромін тэкст, дзе практычна ўсе краіны так ці інакш параўноўваюцца з Беларуссю, і, да таго ж, дзейнічаюць беларускія героі (некаторых персанажаў я і сама ведаю), абсалютна новае слова ў нашай нацыянальнай літаратуры!

Па-першае, ён напісаны нармальнай жывой мовай. На ёй гавару і я, але практычна не карыстаюся ў працы з прычыны страху быць з’едзенай беларускімі пурыстамі, барацьбітамі за чысціню мовы. Рому, відавочна, яшчэ ні адзін агрэсіўны пурыст не трапляўся.  А можа ў яго ад іх прышчэпка, як ад малярыі. Як бы там ні было, яго слова – сучаснае, перасыпанае слэнгам, але роўна настолькі, наколькі гэтага патрабуе сапраўднасць. Дыялогі на ангельскай таксама не моцна абцяжараныя граматыкай, і, прызнацца, мне ўпершыню перастала быць страшна за сваю ангельскую…

У гэтым наогул, здаецца, галоўны мэседж і прызначэнне кнігі – адкінуць страх. Рома ўпершыню загаварыў пра тое, што вандроўка – гэта адзін з нямногіх спосабаў перастаць баяцца. Таго, што можа здарыцца. Хваробаў. Прамоклых ног. Голаду, холаду і спёкі. Але, перадусім – улады, сістэмы. Так смешна і дакладна пра сістэму яшчэ ніхто з беларускіх пісьменнікаў не пісаў. І менавіта ў гэтым стыхійным анархізме я бачу яго пісьменніцкае ноў-хаў. Не, можна згадаць багдановічаўскія “Мяжы”, працытаваныя на пачатку. Але хто з сучаснікаў так з’едліва здолеў высмеяць Сістэму, як Свечнікаў, я і прыгадаць не магу.

 Безумоўна, у хуткім часе ў яго з’явяцца фолаверы. Напішуць пра свае вандроўкі стопам. Уставяць ў тэксты мат і англіцызмы. Раскажуць пра свой гомасексуальны вопыт. Апавядуць беларускай мовай не пра “пахне чабор”, а пра “траву” і “спайсы! Але гэта будзе пасля...

 А пакуль… Пакуль Рома Свечнікаў – наш новы літаратурны рэвалюцыянер. І было б неяк дзіўна шукаць у яго кнізе праколы.

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце