Беларускі раман плашча і шпагі

Адзін мой прыяцель-пісьменнік вельмі абураецца, калі ў рэцэнзіі адзначаю, што кніга лёгка чытаецца.

 

На яго думку, лёгкасць і глыбіня  — паняцці ўзаемавыключныя. Тут альбо забаўляць, альбо прымушаць думаць. Для мяне ж кніга вартая нечага толькі тады, калі глытаецца адным разам. Калі жывеш ад чытання да чытання, шкадуючы час, змарнаваны на перапынак. Калі не хапае цярпення дачакацца развязкі і ты перагортваеш старонкі, каб апярэдзіць няспешны расповед… Для мяне чытанне, як каханне – несумяшчальнае з прымусам.

… Такія вось думкі на маргінэзе з’яўляліся ў мяне, калі чытала новую кнігу Людмілы Рублеўскай “Авантуры студыёзуса Вырвіча”. Справа ў тым, што кніга гэтая – працяг папярэдняй “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега”, і тут, як кажуць, цяжка ўстрымацца ад параўнанняў. Калі першую кнігу пачынала чытаць з вялікай напругай і, па шчырасці, да гэтай пары саму назву прыгадваю не заўсёды дакладна, бо гучыць яна для майго вуха адным суцэльным спалучэннем немілагучных “п”, “р” і “ш”, то другая кніга, нават без аўтарскіх слоўніка і прадмовы, выглядае для мяне амаль бездакорнай. Так, я люблю прыгоды і фантастыку, а гэтая кніга якраз для аматараў гэтых мастацкіх жанраў. 

На першы погляд здаецца, што цыкл раманаў пра Вырвіча разлічаны на падлеткаў і адносіцца да таго распаўсюджанага выпадку, калі творы пішуцца матулямі, якія самі расцяць дзяцей і садзяцца за пісьмо менавіта ад малалікасці кніжак, якія б адпавядалі патрабаванню забаўляць і вучыць адначасова. Цяжка не прыгадаць і прыгодніцкія серыі савецкага дзяцінства, у якое Рублеўская адпраўляе свайго чытача ўжо заклікам у прадмове да першай кнігі: “У шлях, сябры! Дарогі, сутарэнні і палацы старажытнай Беларусі чакаюць вас!”, які адно толькі сваёй стылістыкай указвае на магчымую аўдыторыю. 

Але ёсць у авантурах Вырвіча нешта, што выводзіць гэтыя кнігі за межы звычайных прыгодаў. І хутчэй за ўсё гэтае “нешта” варта было б акрэсліць як нацыяцэнтрызм, які выяўляецца і ва ўзнаўленні падзей мінулага нашага краю, і ў тым, што дзеянне кнігі адбываецца на нашай зямлі, але перадусім гэта бачна ў сістэме каштоўнасцяў, якія аўтарка раз за разам, эпізод за эпізодам прыгадвае і адстойвае вуснамі сваіх герояў.

 Вобраз шкаляра, а цяпер студыёзуса Вырвіча моцна нагадвае Д’Артаньяна.

У першай кнізе ключавымі словамі я б вызначыла “годнасць”,“шляхетнасць”, “вернасць слову”. У другой кнізе гэта хутчэй – “прага ведаў”, “ вернасць” і “самаахвярнасць”. Ведаючы, што Л. Рублеўская вельмі скептычна ставіцца да тэзы пра выхаваўчую функцыю літаратуры, усё ж вымушана канстатаваць, што кніга пра авантуры маладога шляхціца Пранціша Вырвіча і доктара Баўтрамея Лёдніка  – гэта якраз бліскучае падцверджанне таго, што сучасная літаратура гэтую самую функцыю не страціла. Пры гэтым тэкст Рублеўскай зусім не выглядае маралізатарскім, прынамсі патасу і разважанняў у ім не больш, чым у культавых “Трох мушкецёрах”.

Дарэчы, раман Дзюма прыгадаўся невыпадкова, бо вобраз шкаляра, а цяпер студыёзуса Вырвіча моцна нагадвае Д’Артаньяна – любоўю апошняга да жаночага полу, правінцыйнасцю, амбіцыямі, але, разам з тым, дапытлівасцю розума, жаданнем здзейсніць подзвіг, адданасцю не толькі на словах, але і ў дзеянні. Мушкецёрскі кодэкс гонару праглядае і ў другога шляхетнага і адначасова брутальнага персанажа, пана Агалінскага, які, напрыклад, сцвярджае: “Шляхціц не павінен нічым даражыць, акрым гонару! Як толькі звыкаеш да якой рэчы, трэба ад яе пазбаўляцца!” Ці ў іншым месцы: “Мы паны-браты ў роўнасці шляхоцкай – акрым усякіх, з патэнтамі… Шляхціц – гэта вой! Чалавек просты і душой адважны”.

Дасведчаны чытач знойдзе тут і іншыя пазнавальныя вобразы. Так, лялька-аўтамат па імені Пандора імгненна нагадвае пра прыгодніцкі фільм “Захавальнік часу” Марціна Скарсезэ (2011) па матывах кнігі Брайана Селзніка "Вынаходніцтва Хьюга Кабрэ”, дзе падобны аўтаматон пасля рамонту таксама робіць загадкавы малюнак на паперы, даючы тым самым штуршок да развіцця наступных падзей.   

Можна пазнаць і іншыя папулярныя сюжэты літаратуры і кіно. Чуму ў сярэднявечным горадзе і тое, як хцівыя царкоўнікі жорстка гуляюць на чалавечых страхах. “Сувенірны” горад, які жыве на татальнай эксплуатацыі тэмы Цмокаў (тут дзякуй, відаць, трэба казаць і кампаніі “Будзьма” з яе масіраваным прасоўваннем гэтай буйной рэптыліі ў якасці нацыянальнага брэнда). Абсалютна кінематаграфічная ва ўсіх адносінах гісторыя здабывання героямі грошай у лонданскім байцоўскім клубе, у момант прачытання якой мне падумалася, што кнігу варта падарыць рэжысёру Андрэю Кудзіненку, бо яна так і просіцца да экранізацыі.

Але трэба сказаць, што гэтая пэўная другаснасць абсалютна не раздражняе, бо знітаваныя падзеі з такім майстэрствам і разбаўленыя такой доляй іроніі і гумару, што разумееш: рэплікі і запазычанні аўтаркай зроблены цалкам свядома, на пацеху чытачу, які мае высокую верагоднасць іх пазнаць і пазнаванню гэтаму ўзрадавацца. Прычым гутарку трэба весці хутчэй не пра постмадэрнісцкую паўтаральнасць і капіяванне, а хутчэй пра прыём казачніка, які дорыць нам адчуванне, што мы – разумнейшыя за яго.

Акрамя займальнай гісторыі пра вандроўку ўжо знаёмых і незнаёмых нам герояў з Полацка ў Лондан ХVІІІ стагоддзя, чытач атрымае цэлы куфэрак цікавых і малавядомых фактаў пра жыццё і побыт  тагачаснай Беларусі, гістарычных анекдотаў, песень і прымавак, якія прыемна ўражваюць сваёй незацяганасцю. Напрыклад, не можа не расмяшыць абсалютна дарэчна ўстаўленая показка пра шляхцюка, якога вялі на смерць, але маглі вызваліць паводле звычаю, калі яго хто возьме за мужа. У момант, калі гэта сабралася зрабіць паненка не першай маладосці, ён быццам бы сказаў свайму кату: ”Хутчэй, хутчэй, пане Якубе, да шыбеніцы!”

Абсалютна кінематаграфічная гісторыя здабывання героямі грошай у лонданскім байцоўскім клубе, у момант прачытання якой мне падумалася, што кнігу варта падарыць рэжысёру Андрэю Кудзіненку.

Адной з вабнотаў кнігі трэба назваць яе ясную кампазіцыю – з пралогам, эпілогам, і сямнаццацю раздзеламі, кожны з якіх мае сваю назву, дзе коратка расказваецца, пра што будзе весціся гаворка. Хто як, а я з жульвернаўскага дзяцінства абажаю такую трывалую будову.

Цікавай падалася і структура саміх раздзелаў, пачатак якіх мае пэўную самастойнасць і завершанасць, што надае тэксту стылёвую адметнасць і выводзіць на ўспамін пра класічныя ўзоры.

Так, раздзел чацьвёрты пачынаецца наступным чынам: “Людзі вельмі любяць прыдумляць казкі пра вялікае і застрашлівае: цмокаў, волатаў, рыб рэмораў ды льдзяных грымтурсаў, праваленыя пад зямлю ці на дно возера храмы альбо цэлыя гарады… А дробнасцяў, мізэрных сутнасцяў заўважаць не хочуць – хаця яны, можа болей значныя ды небяспечныя для чалавечага існавання, чым волаты ды цмокі, якіх сумленны рыцар з дапамогай арханёла Міхаіла ды Прасвятой Багародзіцы з аднаго ўдару можа заваліць. Ёсць, праўда, малюпасенькія альраўны, якія жывуць у карэннях мандрагоры, але ж і тыя прымаюць абліччы вялізных застрашлівых пачвараў, іначай хто ж іх спалохаецца. А ў кожнай кропельцы вады схаваны цэлы сусвет – нездарма ж доктар Антоні ван Левенгук, які вынайшаў мікраскоп, ледзь не самлеў ад узрушэння, калі тую кроплю пабачыў у павелічэнні. Цэлы заапарк дзіўных істотаў – анімалькуляў – мітусіўся перад вачыма! А для чалавека мудрага і самае вялікае, і самае малое збудавана па адным узоры”.

Хочацца спадзявацца, што і чытач беларускі здатны пабачыць у лёгкім прыгодніцкім жанры ўсе тыя інтэнцыі, што ўкладала ў яго Людміла Рублеўская ў адпаведнасці  з даўняй нашай традыцыяй "людзям простым для добрага навучання”.

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце