Блокбастэр князя Альгерда

Яшчэ не здаралася кнігі Бахарэвіча, якую было б гэтак жа страшна распачынаць чытаць. Месяцы міналі, а я ўсё цягнула з тым, каб адгарнуць першую старонку. Тут не пажартуеш, не палегкадумнічаеш – улюбёны інтымны пісьменьнік, летапісец тонкіх мятлікаў у галаве, раптам выдае кнігу, якую ўсе направа і налева называюць “самым фэмінісцкім беларускім раманам”. Вядома, фэмінізм вельмі адпужвае, у першую чаргу нас, недэкляраваных фэміністак паўсядзеннасьці. Бо без дэклярацыяў і так зразумела, што кожны нармальны  – фэмініст. З дэклярацыямі складаней. Адразу ўяўляюцца магістры гендэрных даследванняў, жанчыны, якія больш жанчыны, чым ты, якія паўсюдна бачаць правапарушэньне, выпраўляючы прамоўленае строгім позіркам, напісанае – пунсовым атрамантам. Не дырэктар – дырэктарка, не прафэсар – прафэсарка.

 

Альгерд Б. жыва ўяўляўся прафэсарам на трыбуне катэдры гендэрнага балансу (прывітаньне катэдры экзарцызму, якая фігуруе ў рамане!), ён размахваў партрэтам францужанкі Сімоны дэ Б., ад гэтага рабілася трывожна.

Адгарнуўшы ж кнігу, я супакоілася, толькі закрыўшы яе на апошняй старонцы.

“Белая муха, забойца жанчын” – гэта забойны тэкст, ён забівае ўсе сумневы: аўтару ёсьць што сказаць, і ёсьць чым рабіць сваю справу. І мова паддаецца яму без пярэчаньняў. Можа быць, у дачыненьні да жанчынаў аўтар і вызваліўся ад усіх патрыярхальных звычак ды забабонаў, але моваю ён працягвае па-княску валодаць, карыстацца, апранаць яе, распранаць яе, праць яе, выкручваць, разьвешваць.

Вобразы, алегорыі, слоўныя гульні тут такія, што дзеля адной зь іх ужо варта было брацца за кнігу. Але Бахарэвіч ня скупіцца, у яго што ні сказ, то іранічная гульня сэнсаў, вынаходніцтва новых формаў, дыямент ды агранка ў рэжыме рэальнага часу. Часу пісаньня, чытаньня часу. Чытаньне ператвараецца ў асалоду найвышэйшага гатунку. Я асабіста даўно гэтак не рагатала, з чаго раблю выснову – апроч таго, што гэта досыць нечаканая, гэта яшчэ й самая сьмешная кніга Бахарэвіча. Але ёсьць тут і неіранічнае, сэнтымэнтальнае на памежжы з геніяльным, як расьцягнутае на некалькі старонак апісаньне выбіваньня дываноў на марозным паветры. Асабіста мой улюбёны момант іншы: 

“Тралейбус спыніўся на прыпынку, як нічога ніякага. Дзьверы адчыніліся, увайшла восень, пачала правяраць білеты”.

Зрэшты, у гэтым якраз шмат Бахарэвіча звыклага, нашага, песьняра мэлянхоліі беларускамоўнага культурнага гета. І якраз “Белая муха” ёсьць найбольш экспартным раманам аўтара, калі браць пад увагу экспарт з гета на шырокі беларускі рынак. Наш шырокі чытач (калі, безумоўна, ён у прынцыпе гатовы да роднай мовы, да таго ж, тарашкевіцы, да таго ж, сакавітай, як жнівеньская груша) без праблемаў пазнае сябе ў жанчыне ў зялёным, у дырэктрысе Галіне Вітольдаўне, у гэткіх паўсюдных  Віталіку або Цімуры. Або пазнае ў іх сваіх суседзяў па парце, пад'езьдзе ды двары. Запраўляць сюжэтам Бахарэвіч набраў жменю звычайных жыхароў, абывацеляў, зьвёўшы іх да стэрэатыпных пэрсанажаў. Зрэшты, прысутныя ў рамане немцы ды расейцы таксама ўвасабленьне голага, можна нават сказаць, па-тэлевізійнаму аляпаватага стэрэатыпу. 

Паводле сюжэту, гістарычную каштоўнасьць краіны – велічны замак – разам з турыстамі захопліваюць бандыткі-тэрарысткі, кожная з уласнай гісторыяй, кожная з уласнае крыўды. Зразумела ж, мае месца гендэрная дыскрымінацыя, прыніжэньне і проста пачуцьцё салідарнасьці. Турысты – група яскравых пэрсанажаў, гратэскных да лёгкага абсурду нашых суайчыньнікаў, грамадзянаў і гасьцей рэспублікі (у рамане – Краіны Замкаў) – спрабуюць прыдумаць плян бегства. Мужчыны перажываюць крызіс мужчынскасьці (гэта ж трэба – бабы захапілі!), жанчыны чакаюць ад мужчынаў рэзкіх дзеяньняў. Яскрава прамаляваныя пэрсанажы займаюць свае месцы ў замкавых сутарэньнях і пачынаюць граць. Калярытнасьць, трапныя дыялёгі ды аўтарская насьмешка ператвараюць чытво ў прагляд кінафільму. Эпізоды, у якіх тлумачацца матывы кожнай з тэрарыстак – гатовыя сцэнары для кліпаў. “Белая муха” яшчэ й найбольш кінематаграфічны тэкст Бахарэвіча. Пасьля прачытаньня застаецца ўражаньне, што ўсё напісанае табе паказвалі на вялікім экране, і дзіўна будзе, калі з гэтага не скарыстаецца ніхто з кінарэжысэраў.

На жаль, пад канец кнігі багатае, наварыстае бахарэвічава чытво раптам блекне, быццам нехта падліў вадзічкі. Быццам нехта зняў з тэксту ўсю прадуманасьць, усе вобразныя апранахі, зьдзер кашулькі і спаднічкі, пакінуўшы толькі голы сюжэт, дакладней, улічваючы блокбастэрнасьць кнігі, толькі голы сцэнар. На экране гэта выглядала б бездакорна: вызваленым сьведкам тыкаюць лямпаю ў твары сьледчыя, замак-індзейская галава ўзносіцца ў паветра, як радыяцыйны грыб, чорны дым накрывае шэрым воблакам рэспубліку, на фоне грае “Петля Пристрастия” (Мимо нашего окна тачки возят техно-дэнс). Аднак у рамане гэта ўсё занадта схематычна, замест катарсісу ды прасьвятленьня, канцоўка нечакана адорвае пачуцьцём спустошанасьці. Быццам аўтара пакінула натхненьне, быццам трэба было хутчэй сканчаць, быццам аўтар і сам спалохаўся сваёй сьмеласьці. Начытаўшыся пра “дзевак без цара ў галаве”, жанчыны ўжо былі адчулі смак вострай гендэрнай перамогі. Натхнёныя аўтаравым бясстрашшам, чытачы мелі поўнае права разьлічваць на пераварот, вялікія перамены, на агромны дзікі сюррэалізм, які накрые ўвесь апісаны раней бэстыярый. Але чамусьці нічога не адбылося. Нявырашаным застаўся і лёс самой Краіны Замкаў – нібыта яе мусілі акупаваць, здаць бяз бою, але і гэтаму пытаньню аўтар ня даў адказу.

Што ж тычыцца ўласна фэмінізму, то ён гэтай кнізе толькі перашкаджае, прынамсі, у сваёй дэкляратыўнай частцы. Бо гаварыць пра жанчыну-упрыгожаньне і жанчыну-кухонны камбайн складана, ня скатваючыся ў дэмагогію і банальнасьць. І нават Бахарэвіч зь ягоным стылем і тонкім вычуваньнем дарэчнасьці часам скатваецца.

Вэрдыкт – 7/10. 

Плюсы кнігі: дасканалая мова, іранічнасьць, вясёлы захапляльны сюжэт і здаровая фантасмагорыя.

Мінусы кнігі: гратэск, што часам здаецца на карысьць карыкатурнасьці (у выпадку з паэтам Барадаўкіным ці рускімі турыстамі), павучальны тон у развагах пра ролю жанчыны, канцоўка, ня вартая ўсяго папярэдняга тэксту.

Каму параіць: сцэнарыстам Галівуду або мясцовым беларускім таранцінам (не фатографу) – у тэксьце ёсьць выбухі, сэкс і крывішча. Тым, хто любіць дынамічныя кнігі і добра пасьмяяцца. Кнігу можна дарыць дзяўчатам на 18-цігоддзе і айцам сямейства ў дні вязкіх даўгастолых юбілеяў.

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце