Бунтар на балконе ў чаканні Гадо

У пачатку быў Хадановіч… Не, штосьці ня так. Паэзія Андрэя Хадановіча ў пачатку 2000-х гадоў паўплывала… Не, фігня нейкая. Карацей: паэзія цяпер і заўсёды і ва ўсе вякі вякоў здавалася анахранізмам: казалі, што ёй засталося максімум гадоў сорак, ну семдзесят, а далей пачнецца суцэльная туга і бездухоўнасьць. Вось жа, прагнозы гэтыя ня спраўджваюцца. Можа, таму што самі адэпты паэзіі вымушаюць патэнцыйнага чытача (а хто гэта, калі не сяброўская тусьня аўтара несьмяротных радкоў) сваю абыватальскую мову сувымяраць з мовай паэтычнай, у двубоі якіх зазвычай назіраецца жэстачайшы дысбалянс. З яго, апошняга, і вынікае працяг і імаверная несьмяротнасьць паэзіі: маўленьне доўжыцца і танцуе свае танцы ўсё больш эксцэнтрычна.

 

Сучасная беларуская паэзія – з’ява разнамасная (хто зь пярсьцёнкам, хто з купаламі), але і сёньняшні ейны стан не ўяўляе сабой чагось неверагодна трагічнага ў сваім падзеньні альбо найвыключнейшага ў сваім разьвіцьці. Калі казаць пра колькасьць імёнаў, то імёнаў насамрэч мора, і толькі гультаі, якім упадлу гугліць ці хадзіць па кнігарнях(-ні), могуць сьцьвярджаць адваротнае. Ясная рэч, што стэляж зь вершаванымі зборнікамі (ці то сьціжма незьлічоная спасылак) ня дасьць ніякага ўяўленьня пра кірункі, пакаленьні і мэтады, пакуль не перачытаеш усяго. Той, хто перачытаў, то ісьць я, можа з пэўнай доляю перакананасьці гаварыць пра якаснае абнаўленьне паэтычнай мовы, абнаўленьне, якое чамусьці ўсе ўспрымаюць за крызыснае з’явішча і якое, аднак жа, мне бачыцца як “крок наперад” у разьвіцьці самое беларускае мовы. Прычым разьвіцьцё гэтае (не пра “імклівыя дасягненьні” тут гаворка) ужо адбылося, і гаварыць пра паэзію 1990-х і 2000-х трэба як пра абсалютна розныя, фактычна, перыяды, часам нават дыямэтральна супрацьлеглыя.

Праз што і канфлікт пакаленьняў узьнік, але цяпер не пра гэта.

“Сяргей Прылуцкі прыйшоў у літаратуру…” – відаць, так трэба пачынаць артыкул пра паэта, але я ня ведаю, калі ён туды прыйшоў і не буду грукацца, каб ён хутчэй адтуль выйшаў. Нешта такое помніцца чытаў у старым часопісе (“Маладосць”? “Першацьвет”?) нацдэмаўскае, ледзь не пра Вітаўта, але нават не ўспомню, які гэта год быў. Зноў жа, “Грамафон” першай газэты з рысункамі… Пабачыў я Прылуцкага жыўцом, мусіць, у 2005-м, на конкурсе ПЭНа, куды і сам трапіў фіналістам з падборкай нягеглых сьцішкоў. Чытаў яго ў калектыўных ПЭНаўскіх брацкіх магілах і на формуах Літары.нэт, слухаў на фэстах у Менску, але, зрэшты, амаль ня ведаў нічога пра берасьцейскую паэтычную тусьню, а менавіта Валодзю Глазава, самога Сяргея, Макса Шчура і Ярыну Дашыну, пра якіх трэба было б гаварыць аглядава і “обшчо”, таму што гэта фактычна адзіны паэтычны “куст”, які вырас на пазаменскавых узьмежках у 2000-я гады і тады ж апладніўся кнігамі (праўда, Шчур крыху раней выдаўся за мяжой). Я пакуль такі аглядавы матэрыял толькі планую сабе ў мазгу пад кодаваю назваю “Бітлы”, а далей буду казаць выключна пра Прылуцкага.

Прылуцкі першы вылез з-пад завалаў і пачаў інтэнсіўна адплёўвацца і адхарквацца ад усёй гэтай лапшы.

Першая ягоная кніга “Дзевяностыя forever” (2008), як і наступная, “Герой эпохі стабільнасьці” (2014) складаецца з сямі цыклаў вершаў. Не ведаю, наколькі гэта выверана напярод, што цыклаў будзе зноў сем. Цікавей параўнаць іх міжсобку, бо 6 гадоў – гэта, як-ніяк, няслабы адрэзак часу. Пару слоў пра першую кнігу, якую, здаецца, яшчэ можна зрэдку ўбачыць у продажы. Першы зборнік Сяргея меў на мэце, такое маё імхо, даць партрэт пакаленьня, гэта была найпершая задача. Там, у “Дзевяностых” (як і ва ўласна 1990-х) сутыкаліся некалькі плыняў і парадыгмаў, біліся лбамі, раскрышваліся адзін аб аднаго, і мы ўсе міжволі былі сьведкамі грандыёзнага выбуху на савецкай макароннай фабрыцы, пасля якога лапшой засыпала ўсю 1/5 сушы. Прылуцкі, можна сказаць, першы вылез з-пад завалаў і, не чакаючы наступнага прыпынку, пачаў інтэнсіўна адплёўвацца і адхарквацца ад усёй гэтай лапшы, адначасна раздаючы чароўныя дыягназы ўсяму, што рухалася ці імітавала рух: “Сэрцы пустыя нібыта прылаўкі сельмагаў”, “Зрабіўся грубейшым твой слоўнік душа – пагатоў”, “забудзь усе запаведзі / і пастарайся палюбіць / гэты кашмар”. Гэтыя сацыяльныя матывы, скажам па-старынцы, найбольш угнязьдзіліся ў першым разьдзеле той першай кнігі “Вертэрыяда”. Там выдатна паказаны ландшафт 90-х, перш за ўсё псыхалягічны, хоць адлюстраваньне прасторы як такой у Прылуцкага таксама зазвычай займае немалую частку самога верша. Але той першы цыкл быў нібыта запеў запявалы, які даваў рытм усёй кніжцы:

І нібыта нічога – нібыта ўсё складваецца

але насамрэч нічога ня складваецца

ніколі нічога ня складваецца

усё распадаецца

Такая карцінка кашмару, канечне, была крыху нязвыклая для беларускай літаратуры, якая і ў 90-я цнатліва спрабавала выгнаць рэчаіснасьць у нейкую ідэалагічную афарбоўку ці то камуністычных, ці то капіталістычных ідэалаў і спіхнуць усе праблемы на ідэалогію. У Прылуцкага ж выходзіла, што ніякай ідэалогіі няма і ці была яна наогул хоць калі. Карціна ўсеагульнага абсурду, татальнай энтрапіі, пачварнай чалавечай псіхікі, звыродлівай архітэктуры, сярод якой нараджаецца паэт і спрабуе навучыцца кахаць, верыць і ствараць нешта накшталт паэзіі, змушала Прылуцкага вяртаць тую саму паэзію, крыху бліжэй да ўласна рэчаіснасьці, ад якой паэты 90-х любілі ўцякаць у свет мысьлезлачынства, крозаў і агракамбінату “Сноў”. Рэчаіснасьць у вершах Прылуцкага паўстала брутальнай, абсурднай, грубай, шаблоннай – аж да найпаскуднейшага аўтаматызму, дзе чалавечае жыцьцё закідвалася ў мясарубку адразу ж пасля дзіцячага садку і выкідвалася з яе ў выглядзе расцудоўнейшай дамавіны з вянком ад прафкаму.

Я ня ведаю, чаго патрабаваў ад сьвету Прылуцкі-юнак: наўпроставых дэклярацый левага ці то правага накірунку ў вершах няма. Здаецца, у кнізе не было нават слова “Беларусь”, хоць пра яе менавіта і вялося. Гэта была карцінка і споведзь, рэалізаваныя ў сямі цыклах: “І. Вертэрыяда” (аўтабіяграфія пакалення), “ІІ. Дывертысьменты, напісаныя пад кайфам” (падарожныя вершы), “ІІІ. Душэўныя пакуты выхаванца С.” (мне вось гэты цыкл найбольш падабаецца, шмат тут усякай ачмуранай дастаеўшчыны і бескампраміснага філасофствавання),  “ІV. Лёгкі жанр” (разьдзяўбайскія рэвэрансы ў бок цьвёрдых формаў вершу, санэтаў, балядаў і іншай бродскаўшчыны і одэнаўшчыны), “V. Тайм-аут” (сьцішаныя і малабрутальныя рэтраспекцыі, вершы пра мінулае – аж да князёў і шляхціцаў, толькі не ў караткевічаўскім, а, хутчэй, у посткараткевічаўскім ключы), “VІ. Modern wars” (сухаватыя ў сваёй жахлівасьці карціны вайны, мітынгаў, зачыстак і рэвалюцый – цыкл надзвычай актуальны ў сьвятле сёньняшніх украінскіх падзеяў), “VII. Піларама жарсьці” (вершы пра каханьне, вар’яцтва, сэкс і іншую эротыку вспулчэсную).

Паэталягічна-стылістычна гэты зборнік зусім далёкі ад бумбамлітаўскіх традыцый, тут хутчэй заходніцтва: Одэн, Фрост, Бродскі, Андруховіч-Жадан, Шымборская, Ружэвіч, дысметрычны верш, верлібр, эксьперымэнты з санэтнай формай, унутранай і недакладнай рыфмай. Тут малавата гульні як такой: усё даволі сур’ёзна, хоць шмат у чым і пераймальна, і сям-там нягегла, але гульня словаў як такая нідзе не выкарыстоўваецца, хутчэй ёсьць імкненьне да расказваньня гісторыі, напісаньня вершаванага аповеду.

Вершы ўсе пра адно – пра сьмерць і мёртвасьць як такую.

Чым новы новы зборнік, “Герой эпохі стабільнасьці”? Паэтыка збольшага пасьлядоўна рэалізуецца і ад ранейшай не так імкліва адскоквае, адно што няма падкрэсьленых насьледаванняў, а тыя ж одэны-бродскія цалкам натуральна цяпер чытаюцца, не адбіраючы ўвагу. Цыклаў, як вышэй сказана было, таксама сем. Запевам тут ужо цыкл “Mondo-verses”, які, відаць, скіроўвае на ўсяленскую тэматыку-праблематыку. Аднак жа вершы ўсе пра адно – пра сьмерць і мёртвасьць як такую. То бок калі ў папярэдняй кнізе пачыналася з энтрапіі, то цяпер – зь сьмерці. Страшна ўжо нават і падумаць, чым адкрыецца трэці зборнік. “Дзевяностыя” пісаліся маладым аўтарам, там сабрана шмат што з юначага. У “Героі” ёсьць і нейкая заяўка на пераадоленьне той энтрапіі, вонкавай і ўнутранай, але адначасна з тым чуецца пэўная скрушная туга, расчараваньне і дэпрэсія, пошук выхаду з былых тэмаў і межаў. Брутальная рэчаіснасьць Берасьця становіцца рамантычным любімым мінулым (цыкл №2 “Пацаны”), якое прадукуе ўсё новыя вершаваныя апавяданьні і квазімэмуары. Айчынны камшар і раскаўбас ужо не ўвяргае аўтара ў шок і роспач, а хутчэй падаецца яму мілай і камфортнай з’явай, крыху нават сьветлай, як страчаны рай, нябачны ў сутоньні.

Трэці цыкл “Чатыры пляшкі піва і твой фотаздымак” – тыя самыя эротыкі, якімі заканчвалася першая кніга. Я бы сказаў, што інтымная лірыка Прылуцкага – гэта наогул яго вяршыня. Кал і брутал – гэта адно, але каханьне каханьнем і застаецца, і за чыюсьці руку вельмі борзда хапаесься, калі падаеш у каналізацыю.

Прылуцкі – гэта патэнцыйны паэт-трыбун, бунтар і бітнік, які вымушаны жыць у эпоху стабільнасьці, затурканасьці, распаду і ўсеагульнай энтрапіі.

Зрэшты, і грамадзянская лірыка ў яго нічаво. Тут вось таварышы з залі пытаюцца, а што будзе пасьля Панчанкі і Гілевіча – дык вось я скажу вам зараз за гэта: будуць Прылуцкі і Рудак. Вершы з чацьвертага цыклу “Пралятаючы над гняздом краіны” даводзяць ранейшую гіпербалізаваную бруталізацыю да самага чырвонага сэгмэнту на сьпідометры. Калі ў першым зборніку брутальнасьць была хутчэй як жэст, то тут – гэта мэтад дасягненьня мэты, і чым далей у сваіх гісторыях і фантазіях заходзіць Прылуцкі, тым лепш для паэзіі (напрыклад, шырока вядомыя ў вузкіх колах “Ідыёты”, якія не патрапілі ў канчатковы зьмест кніжкі). Прылуцкі – гэта патэнцыйны паэт-трыбун, бунтар і бітнік, які вымушаны жыць у эпоху стабільнасьці, затурканасьці, распаду і ўсеагульнай энтрапіі – не выключаючы нацыянальнай ідэі і мовы:

гэтая краіна, як хатняе відэа –

маленькі пакой, фота на сьцяне, як дэкарацыі

восем стагодзьдзяў прэлюдый і рытмічных рухаў

без чаканае кульмінацыі

што праўда, акторы месцамі выкладаліся напоўніцу

пераходзячы часам то на рускую, то на польскую.

            А пра мову – так:

Мы гулялі ў вайнушку на яе палігонах

нас ганіла маці і бацька ганіў таксама

мы ссыпалі ў сэрца яе кірылічны порах

праносячы ў дом за пазухай і за шчакамі

 

мы клалі яе замест пайку у заплечнік

перадавалі, бы вірус, сваім каханым

правяралі штораніцы і штовечар

яе рыштунак, бы кулі ў барабане

Гэта, па сутнасьці, новы лірызм, які пакуль не ўсьведамляецца, напэўна, як лірызм, бо зашмат для неспакушонага чытацкага вока тут мацюгоў, геніталій і іншых праяў вандалізму. Але ў той жа час усе гэтыя навароты выкарыстоўваюцца таму, што паэзія цяпер можа ўзьдзейнічаць на рэцэптары толькі такім чынам – сэрцы цьвёрдыя, быццам з каменьня, паводле Багдановіча, за сто гадоў зацьвярдзелі значна мацней за гук [р] у беларускай мове. Вядома, і ў Прылуцкага ёсьць небясьпека запі***ецца, калі казаць ужо ягоным лексыконам, і ў новай кнізе некаторыя вершы (у прыватнасьці з шостага цыклю “Portfolio”), дзякуючы таму, што паэт не спраўляецца з вентылятарам, слабеюць і марнеюць, і ўвядаюць. Аднак сам мэтад нельга за гэта вінаваціць. Некалі ад Ільфа-Пятрова таксама фігелі: “В травах кричала мелкая птичья сволочь”. Цяпер жа такімі рэчамі ўжо нікога ня зьдзівіш.

Такім чынам, зробім выснову: паэтычнае мысьленьне Прылуцкага ўсё больш бруталізуецца і жэсьцянее. Колькасьць праклёнаў, мацюгоў і пустых пляшак у вершах імкліва расьце. Каханьне па-ранейшаму застаецца цэнтрапалеглым тлом, як кажа Акудовіч. Беларусь па-ранейшаму Прылуцкага вярэдзіць, хоць з кіеўскага балкона непасрэдна і ня ўбачыш яе новыя дзіўныя дзівы. Але дзіваў, нагледжаных у Берасьці і ў фб, цалкам дастаткова для разуменьня, што тут, як і раней, “нічога ніколі не складваецца”. Таму адзінае, што застаецца, – любіць гэты кашмар.

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце