Бязладнасць феніксаў

Я не збіраюся рабіць выгляд, быццам я першы чалавек, які прачытаў гэтую вельмі дзіўную кніжку (здалёк яна лёгка падаецца звычайнай) і спрабуе неяк разважаць пра яе. Ужо напісаныя добрыя рэцэнзіі – перакладчыцай Ганнай Янкутай і праваабаронцам Алесем Бяляцкім*, і далей я буду спасылацца на іх. Калі нехта з чытачоў гэтага тэкста зусім нічога не ведае пра кнігу і хоча даведацца, пра што там наогул, набываць ці не, я прапаную вам паглядзець згаданыя вышэй рэцэнзіі, апроч таго, вельмі кароткі пераказ усіх тэкстаў з кнігі вы знойдзеце ў дадатку да гэтай нататкі, але наогул, калі вы ўжо траціце грошы на кніжкі – набывайце.

 

Галоўная дзіўнасць кнігі Балахонава – з якога боку да яе ні падыходзь, з ёй заўсёды будзе нешта не так, нешта, што незаўважна разбурае парадак, нешта няправільнае. Я кажу “незаўважна”, таму што ні Ганна Янкута, ні Алесь Бяляцкі гэтага бязладдзя не заўважылі; таксама і я па першым чытанні нічога не заўважыў. Мне падабаецца думаць, што нічога не заўважыў і эмпірычны аўтар, то бок мы сутыкаемся з абсалютна незапланаваным эфектам.

Вокладка спачатку падаецца чорна-белай, а потым выяўляецца, што не зусім (звярніце ўвагу на выяву літары “Б” з назвы кніжнай серыі, на адценні шэрага ў незразумелай пляміне, цынамонавы фотапартрэт Сяргея Балахонава) – які колер вокладкі? Цяжка адказаць.

Незразумелая пляміна, з якой спачатку ўсё зусім не зразумела, потым, калі прачытаць інтэрв’ю Сяргея Балахонава Аляксандры Дорскай, дзе эмпірычны аўтар тлумачыць, як ён піша свае тэксты: нешта страляе ў галаве, і пайшло, выразна відаць, што яна ёсць следам ад стрэла. Да таго ж, на вокладцы ззаду знаходзіцца вышэй згаданая цынамонавая фатаграфія С.Б. і дзірка пасля стрэла быццам супадае з выявай ілба на фота. Але праверка паказвае, што гэта вельмі, вельмі прыблізнае супадзенне – такім чынам гіпотэза хутчэй не спраўджваецца.

Паслядоўнасць тэкстаў у кніжцы таксама падпадае пад рубрыку жах перфекцыяніста: тэксты з першай паловы размешчаны згодна з храналагічным парадкам, але тэксты з другой паловы ідуць ураскідку. Можа, есць нейкі пэўны фармат, які б жорстка вытрымліваўся (напрыклад, усе тэксты прыблізна аднолькавага памера)? Не, няма. Большасць тэкстаў трапляюць сваім памерам у дыяпазон ад пяці да дваццаці старонак, але ёсць адзін, які займае амаль палову ўсёй кнігі (122 старонкі). Гэты самы даўгі тэкст нідзе раней не публікаваўся, усе астатнія – публікаваліся.

Ніякага парадку мы не знойдзем і ў той манеры, з якой выбудоўваюцца гісторыі. Многія адзначаюць навукападобнасць тэкстаў Сяргея Балахонава, але вельмі мала хто адзначае, што гэта не зусім навукападобнасць. Напрыклад, аформленыя ў адпаведнасці з патрабаваннямі ВАК цытаты, якія прыводзяцца нібыта ў кожным тэксце, на самай справе прыводзяцца толькі ў трох выпадках з дванаццаці. Нават у тэкстах з дакаладна аформленымі спасылкамі мы сустракаем выразы кшталту а беларускаму народу мы можам цалкам давяраць, бо ён мудрэйшы за ўсе акадэміі навук.

Змястоўна балахонаўскія нарысы паралельнай гісторыі Беларусі падаюцца даволі аднастайнымі і лёгкімі для класіфікацыі. С аднастайнасцю ўсё зразумела: Алесь Бяляцкі піша, што зададзеныя аднастайнасьць і перагружанасьць тэкстаў гістарычнымі рэаліямі маюць свой непаўторны цымус; а калі манатоннасць гісторыяў у нейкі момант пачне стамляць – гэта нястрашна, можна проста адкласці кніжку ў любым месцы, піша Ганна Янкута. Я далучаю свой чытацкі голас да гэтых двух цверджанняў. Але што да класіфікацый, то тут усё складана.

Вось якія тыпы тэкстаў знайшла Ганна Янкута:

Тэксты ў кнізе умоўна можна падзяліць на два тыпы: 1) бярэцца пэўная тэма (напрыклад, вырошчванне на беларускіх дзялянках ківі ці шчыраванне ў беларускіх вірах рыбы-кіта), якая распрацоўваецца ў некалькіх часавых разрэзах и 2) бярэцца пэўная падзея (напрыклад, палёт беларусаў у космас ці адкрыццё імі ж Амерыкі) і не вар’юецца, але разглядаецца паступова, крок за крокам раскрываючыся перад чытачом.

Гэтыя два тыпы дапамагаюць нам адрозніць толькі восем тэкстаў з дванаццаці, ну, добра, дзевяць, калі мы згодныя, каб адзін тэкст адносіўся б да двух тыпаў адразу (але гэта руйнуе сам прынцып класіфікавання). Справа ў тым, што тэкст “Пчолачкі гудуць” мае структуру першага тыпу (ахвярнае змаганне крыўскіх пчаляроў за сваю справу ў некалькіх часавых разрэзах) і разам з тым – структуру другога тыпа (паступовае, крок за крокам развіццё розных падзей ад змовы беларускага Гая Фокса (Гвідон Ліс) да прыгодаў беларускіх Боні і Клайда (Богця і Клаўдусь).

Да таго ж, каб хоць неяк ахапіць астатнія тэксты трэба ўвесці дадатковы тып: новая інтэрпрэтацыя ці дэшыфроўка нейкага тэксту (вось відэагульня СуперМарыё абапіраецца на рэальныя гістарычныя падзеі ў Гомелі XV ст., а вось агульнавядомая выява Францішка Скарыны у берэце ў надрукаванай ім Бібліі даводзіць, што ён быў дэсантнікам). Нарэшце, варта паказаць у класіфікацыі, што ў некаторых тэкстах з’яўляецца апавядальнік у першай асобе (яго паджалілі пчолы ў дзяцінстве, яму нядзельнай раніцай тэлефануе знаёмы каб запытацца пра нейкую паэтку) – гэтыя з’яўленні звычайна адбываюцца на пачатку гісторый. Няхай, карацей, у нашай класіфікацыі будзе дадатковая пазнака а.

Такім чынам мы атрымаем восем тэкстаў чыстых тыпаў і чатыры – па-рознаму змяшаных.

1

Аднарогі Беларусі

Тып 1

2

Усё цвіце і цвіце тая кветка

Тып 1

3

Мой родны кіт

Тып 1

4

Язык да ківі дапытае

Тып 1, пазнака а

5

Зямля пад крыламі Фенікса

Тып 1

6

“Пчолачкі гудуць”, або Кароткая гісторыя крыўскага сакральнага пчалярства

Тып 1, Тып 2, Тып 3, пазнака а

7

Наша Амерыка

Тып 2, Тып 3

8

Супер-Марыё з Вялікага Княства Літоўскага

Тып 3

9

Гомельскі след Францішка Скарыны

Тып 3

10

Праз дзядоўнік да зор

Тып 1

11

Пракляцце Вешчага Баяна? Дзесяць вякоў ідэі беларускага эратычна-літаратурнага календара

Тып 1

12

Веляслава Менская – пісьменніца Старое Беларусі

Тып 3, пазнака а

Я шчыра спадзяюся, што маё апісанне усеагульнага бязладдзя ўшчэнт заблытала нават тых нешматлікіх чытачоў, якія ўсё ж дачыталі дасюль (прывітанне!). Глядзіце, я зараз усё растлумачу.

У тэксце “Пчолачкі гудуць” Сяргей Балахонаў злучвае няправільных пчолаў з казкі пра Віню Пыха з крывымі пчоламі беларускай гісторыі (праз іх джаленне звычайных людзей перадаецца беларушчына). Крывыя тут не ў сэнсе няправільныя, але ў сэнсе крывіцкія. Вядома ж, у гэтай злучцы наўрад ці нас цікавяць пчолы, галоўнае – убачыць вось што: калі правільна зразумець сэнс няправільнага, то атрымаецца крывіцкае. То бок тая амаль незаўважная няправільнасць, якую мы можам пабачыць з любога пункта гледжання на кніжку – гэта на самай справе не няправільнасць. Гэта можна назваць крывіцкасцю, а можна яшчэ – што прыкладна тое ж самае, толькі лепей – бязладнасцю феніксаў. У загалоўным тэксце (“Зямля пад крыламі Фенікса”) С.Б. прыводзіць выдуманую цытату з выдуманых пасланняў Гедыміна: “Вось скажам бацян, або фенікс, птушка бязладная быццам, але мусім дбаць, каб жыла і яна, бо бязладдзе ейнае ёсць часткай суладдзя агульнага”.

Зразумела, што ўсе гэтыя балахонаўскія феніксы, падземныя дзялянкі ківі, крывіцкія пчолы ды іншыя аднарогі, сімвалізуюць сабой нешта беларускае, крывіцкае, бязладнае (беларускую еўрапейскую цывілізацыю, кажа Алесь Бяляцкі, але тут ёсць пра што спрачацца). Таксама зразумела, што ні аднарогаў, ні крывіцкіх пчолаў, ні падземных дзялянак ківі ды іншых феніксаў ніколі не існавала.

Усё гэта толькі кніжкі, літаратура.

Ой, дык атрымліваецца, што беларускасць – гэта ўсяго толькі літаратура? Ну, так, атрымліваецца. Бязладная бязляднасцю феніксаў. Частка суладдзя агульнага.

Чытаецца роўна і проста, хаця чытаць яе было няпроста.

*Я мушу адзначыць асобна, што Алесь Бяляцкі напісаў сваю рэцэнзію на кнігу з калоніі, дзе адбывае ўжо трэці год палітычна матываваны вырак, і хачу выказаць сваю павагу гэтаму нязломнаму чалавеку, які захаваў здольнасць мыслення і пачуццё гумару ў скрайне неспрыяльных гэтай здольнасці і гэтаму пачуццю ўмовах.

Дадатак. Пра што кніга Балахонава “Зямля пад крыламі фенікса”

Но почему бы не постебаться? Недавно белорусский писатель Сергей Балахонов… вывесил для прикола на своем блоге варианты сокращений нашей классики… Главное, чтобы диапазон мыслей и переживаний не усох до 140 знаков, крытыкавала ў "Советской Белоруссии" ад 16 чэрвеня 2009 г. пісьменніца Людміла Рублеўская тагачасны трэнд пераказваць вялікія творы літаратуры ў кароткіх твітах. Пяццю гадамі пазней у рэцэнзіі на кнігу беларускага пісьменніка Сяргея Балахонава на поўным сур'ёзе строга ў інфармацыйных мэтах прыведзеныя варыянты скарачэнняў тэкстаў, што склалі яго кнігу. Ці то замыкаецца кола, ці то раскручваецца спіраль.

1

Аднарогі Беларусі

Апошняга беларускага аднарога забіваюць маскоўскія жаўнеры ўлетку 1863. Перад сконам той жаласліва пяе. Гэта моцна ўплывае на Ф. Багушэвіча.

2

Усё цвіце і цвіце тая кветка

Апошні раз беларуская папараць цвіла ў 1794. Наогул папараці не цвітуць, але нашыя цвілі. Чаму перасталі – невядома. Ёсць версія пра бульбу.

3

Мой родны кіт

Звестак пра бел. кітоў мала. Колькі згадак у чарнавіках Міцкевіча і Багушэвіча. Трохметровыя рыбіныя косткі, выкапаныя з рэчышча Сожа. Усё.

4

Язык да ківі дапытае

Ужо ў рэштках зарубінецкай керамікі IV-V стст. выяўляюцца сляды ківі. Вырошчвалі гэтую ягаду на Беларусі паўсюдна. Усё знішчылі расійцы.

5

Зямля пад крыламі Фенікса

Ёсць фотаздымак 1863 г., на якім расейскія жаўнеры пазуюць ля забітага імі беларускага бацяна-фенікса. Феніксы заўжды баранілі нашую краіну.

6

“Пчолачкі гудуць”, або Кароткая гісторыя крыўскага сакральнага пчалярства

Лірычнага героя ў маленстве джаляць пчолы. З гэтам джаленнем нешта не так, здаецца яму. Святло праліваюць знаходкі сучасных гісторыкаў.

7

Наша Амерыка

Амерыку адкрылі нашыя продкі. Доказы: дэшыфраваная народная песня, знойдзеныя ў Паўн. Джорджыі пацеркі, падабенства імёнаў Апалінар/ Пялямон.

8

Супер-Марыё з Вялікага Княства Літоўскага

Марыё з відэагульні СуперМарыё меў рэальнага прататыпа. Гістарычныя падзеі, што склалі падмурак сюжэту гульні, разгортваліся ў Гомелі XV ст.

9

Гомельскі след Францішка Скарыны

На знакамітай гравюры ў надрукаванай ім Бібліі Ф.Скарына – ў берэце. Гэта – крапавы берэт. Першую місію выдатны дэсантнік выконваў у Гомелі.

10

 Праз дзядоўнік да зор

Першыя астранаўты на Месяцы знайшлі аплаўленую і пабітую метэарытамі 8-гранную металічную стэлу з надпісам. Надпіс такі: ODNOROG WOLNOSCI.

11

 Пракляцце Вешчага Баяна? Дзесяць вякоў ідэі беларускага эратычна-літаратурнага календара

Апошнія 10 стагоддзяў беларускай гісторыі зводзяцца да спробаў зрабіць эратычны каляндар. Часам паспяховых, часам не. Заўсёды скандальны.

12

 Веляслава Менская – пісьменніца Старое Беларусі

Адзін дзень спатрэбіўся лірычнаму герою, каб вызначыць аўтара знанага выразу пра ўсеагульную абыякавасць. Прыкладаюцца фрагменты з біяграфіі.

 

Каментары 1
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі

Сама кнігу ёсьць тут:
http://knihi.by/knihi/balachonau-siarhiej-ziamla-pad-krylami-fieniksa

0
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце