Рэцэнзія на кнiгу: Original?1418563846
Cітком пра офіс

"Добры раман" Кірыла Дубоўскага вельмі парадаваў маю маці. У Дубоўскага файнае пачуццё гумару, ён піша лёгка, ён піша на злабадзённыя тэмы і піша ад сэрца. Гэта адчуваецца, і гэта падкупляе. 

 

Пра "Planktonus vulgaris" апошнім часам шмат гаварыла мая лента на фейсбуку, і хаця мы з аўтарам хіба што шапашна знаёмыя, было няцяжка пазнаць сярод нешматлікіх герояў мноства маіх знаёмых. У нечым гэты твор (я б вызначыў жанр як аповесць) блізкі да "Сарочага радыё". Тая ж генерацыя, тыя ж вуліцы, ды і само "сарочае радыё" згадваецца на старонках "Планктонуса".

Нешта ў гэтай аповесці сапраўды чапляе месца і час таго, што віруе навокал. Чым Дубоўскі выбітны, тым што ён лёгка і неназойліва дае тыпізаваныя партрэты. Дадзеныя адным-двума радкамі, яны пакідаюць вялікую прастору для фантазіі і даюць магчымасць для стварэння агульных характараў герояў нашага часу – не вельмі чыстага на помыслы бізнэсоўца, сквапнай і сварлівай бухгалтаршы і многіх іншых. І самае галоўнае сам галоўны герой, наіўны выпускнік, сумленны і непрактычны, непрыстасаваны да свету – ён у аповесці не ідэалізуецца, мы можам крытычна паставіцца і да яго. І гэта робіць аповесць сапраўды цікавай.

Калі б нашыя тэлевізійныя прадусары былі разумнейшымі, то яны б пабачылі ў матэрыяле кшталту "планктонуса" выдатны матэрыял для сіткому. Дыялогі ў Дубоўскага пабудаваныя на адной-двух трапных рэпліках, але прыклад таго, як будуецца дыялагічная тканіна такіх сітуацый можна пабачыць у Пражко ў "Запертой двери".

Трэба станоўча адзначыць кампазіцыю аповесці, якая складаецца з дробных параграфаў (маленькіх жж-шных пастоў, часам нават твітаў – такая ў мяне была асацыяцыя), што ў сваю чаргу набірае нейкі рытм і аповед становіцца дынамічным, імклівым.

Галоўны недахоп – мала. Я называю твор не раманам, а аповесцю, хаця па сутнасці гэта вялікае апавяданне. Якое, як ужо згадана вышэй, хацелася б распісаць на цэлы "серыял", ці наадварот згусціць да нечага больш канцэнтраванага. Але менавіта такі фармат, як ёсць, выглядае больш пераканаўчым, чым тыя апавяданні, якія ідуць пасля аповесці. Калі з'яўляюцца апісанні і неабходнасць сціснуць дзею, слог Кірыла Дубоўскага раптам становіцця цяжкі і грувасткі, як і лёгкія абрысы персанажаў.

Хочацца верыць, што за другой кнігай будуць шматлікія працягі. Прынамсі я ўжо спампаваў Planktonus vulgaris маці на чыталку. Больша за тое, яна паспела прачытаць, і ёй ізноў спадабалася.

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце