Дапаможнік па перасячэнні мяжы

Глазаў піша па-руску, але ў гэтым тэксце менш за ўсё хацелася б абсмоктваць апрыклую праблему рускамоўнай vs беларускамоўнай беларускай літаратуры. Для мяне асабіста існуе толькі адна апазіцыя: мая / не мая літаратура. То бок тая, якая нечым ува мне адгукаецца, і з’яўляецца ўласна роднай літаратурай – аўтар жа можа нараджацца дзе сабе хоча і пісаць на якой заўгодна мове. Мая справа – зразумець яго.

 

З вершамі Глазава паспалітаму чытачу пазнаёміцца нялёгка. Адзіная ягоная кніга з ISBN, якую я трымаю ў руках, за год разышлася цалкам, хоць і выдадзеная была ў Берасці. Што ж да чатырох самвыдатаўскіх зборнікаў (першы, «Смятение», з’явіўся яшчэ ў 1994 годзе), то іх няма нават і ў самога аўтара. Ён па-ранейшаму застаецца ў падступным палоне “шырокай вядомасці ў вузкіх колах”. Таму рэцэнзія мая не падштурхне купіць кніжку (а менавіта гэта сёння чамусь уважаюць за найгалоўнейшую функцыю крытыкі). Наадварот, хочацца напісаць пра тое вартае, што прыхавана ад мэйнстрыму і літаратурнага шоў-бізу, якіх, зрэшты, у нас няма.

Адчуванне “краю зямлі” да мяне прыходзіла, калі я чытаў зборнік Глазава.

Найперш тут варта гаварыць пра феномен памежжа як такога – ён для Беларусі надзвычай характэрны: наша гарадская культура і літаратура ў гэтых гарадах сёння ўспрымаецца з тым ці іншым маркерам. Віцебск, Магілёў, Гомель – з пэўнай асцярогай далучаны да Беларусі, нібы да першага ўзбуйнення БССР: таго і глядзі, што выкінуць каларадскія сцягі і абвесцяць сябе народнымі рэспублікамі. Гародня і Берасце – наадварот: як быццам у заўсёдным чаканні зменаў, якія прыйдуць з заходняй мяжы. І – Менск – як тая дзірка ў ванне ўбірае ў сябе ўсе сокі з усіх бакоў, “паглынае, ператраўляе і выдаляе” (Ружэвіч).

Разуменне мяжы жыхары Гародні і Берасця атрымліваюць з маленства. Месца, за якім заканчваецца твой свет і пачынаецца рэальна забаронены і таму чужы, заўжды ахутана туманам і, магчыма, змрочнасцю – прынамсі, мне, трэцякласніку, у першай сваёй турыстычнай экскурсіі ў музей “Бярэсце” так падалося. Нейкі мясцовы малец запрасіў частку нашай кампаніі пералезці праз дзірку ў агароджы і такім чынам патрапіць у Польшчу. Мы, безумоўна, згадзіліся, але, апынуўшыся за тым плотам, чамусь трымаліся непасрэдна каля яго – баючыся, што неўзабаве да нас ламануцца салдаты з “калашамі”.

Падобнае адчуванне “краю зямлі” да мяне прыходзіла, калі я чытаў зборнік “Время собственное” Уладзіміра Глазава. Гэта, па сутнасці, аднатомны збор твораў, бо сюды цалкам увайшлі дзве ягоныя самвыдатаўскія кніжкі, выбранае з ранняга і выбранае з позняга.

Кніга арганізаваная ў цыклы, і, як кажа сам паэт, яны для яго вельмі важныя. Кожны цыкл з’яўляецца вялікім цэлым, хоць гэта не адмяняе таго, што некаторыя вершы ў цыкле могуць толькі апасродкавана і ўскосна адлюстроўваюць магістральны сюжэт усяго цыкла. Але і такім ускосным чынам яны выяўляюць пэўную макраідэю, закладзеную ў цыкл.

Крыху вылучаецца на фоне гэтай цыклавасці першы раздзел “Исподстишки”, пэўная выбарка вершаў з аднайменнай ранняй кнігі. Гэты раздзел не з’яўляецца строгім цэлым, як будзе далей у кнізе, аднак тут можна ўбачыць (і, як правіла, гэта найлепшыя вершы ў гэтым раздзеле) тыя творы, дзе ў зародкавым варыянце знаходзяцца матывы тых самых пазнейшых цыклаў, ды і не толькі іх – але і ўсёй паэзіі Глазава: тэма адзіноты ў эпоху інфармацыйнага выбуху, міфалагема вечнага вяртання, гарадскі берасцейскі тэкст:

Странный город, вжатый в границу, как нож

между ребер, где и даром,

что откуда ни глянь – все равно ты похож

на стоящего рядом,

где становишься средством: акварелью, трубой,

камнем, бросающим тени, глиной,

тем, что при перемене квартиры порой

оставляют в гостиной.

Дарэчы, і гарадскі тэкст у Глазава неаднародны, і менавіта дзякуючы першаму цыклу. Раней паэт пісаў больш злосна, ці што, горад быў для яго прасторай у пэўнай ступені варожай, дзе заўжды даводзіцца весці вайну, каб жыць. Ды і самое адчуванне памежжа і ў той жа час закінутасці далёка не такім рамантычным уяўлялася Глазаву:

Я шел небрежно вдоль реки,

взошел на пристань, постоял немного.

Там лебедей кормили старики,

кормили тихо, даже как-то строго.

Сгущались сумерки, казалось, за спиной,

казались крошки лебедей огромней,

и берег словно бегал за волной,

блестевшей чайкой хитрою и черной.

Лишь изредка собачий лай,

когда взвивался мячик, прорывался,

и дед с внучатами, как дед Мазай,

от поплавка безумно отрывался.

 

Взгляни на это все. Смотри, смотри.

Так тяжело, что облаков движенье слышно.

И так легко, что, кажется, умри –

останется все так же неподвижно.

Тут, у вершы “Провинция”, можна нават не рабіць спасылкі на топас лебедзя, тым больш, што ён мог узнікнуць цалкам выпадкова. Але агрэсіўная лексіка верша (“шел небрежно”, “взвивался мячик”, “от поплавка безумно отрывался”, “чайкой хитрою и черной”) дадае ў апісанне ноткі нянавісці і пагарды, наўпростава не выяўленых. Колер правінцыяльнага  горада – чорна-белы фотаздымак, дзе цені – такія ж паўнапраўныя часткі пейзажу, як і людзі. Таксама і ў папярэднім вершы “Брест” горад паўстае хутчэй агрэсіўным, жорсткім. Гэтыя два тэксты я выбраў як характэрныя для ўспрымання гораду, да таго ж, яны, бадай, найбольш канкрэтныя ва ўсім раздзеле, хоць і тут (і гэта да ўсіх “Исподстишков” можна аднесці) аўтар стварае ненаўпроставыя вобразы. Увесь першы раздзел – эксперыментальны, па вялікім рахунку. Ён у кнізе адыгрывае ролю, як той казаў, “давераснёўскага перыяду”: часу, калі паэт намацвае свой метад, сваё кола тэм, увогуле – шукае тое, што яму найбольш блізкае. Гэты перыяд для Уладзіміра Глазава стаўся часам увагі да радыкальных кірункаў у паэзіі, і нават у вышэйпададзеных двух вершах відавочная прага аўтара да іншасказання – такое сабе “непрямое говорение”, якое пасля ў паэта змянілася нечым кардынальна іншым.

Глазаў – дастаткова старамодны паэт, і ён, канечне, “аддаў даніну”, у тым ліку і ленінградскаму ахматаўскаму камітэту маладзёжы (Бродскі, Рэйн, Найман). Але ў ранніх вершах Глазава можна заўважыць і эксперыментатарскае мысленне 1920-х. Хаця і тут, з усёй шматлікай і стракатай публікі, я б назваў найбліжэйшым да яго маладога Мікалая Забалоцкага, які, пры ўсёй сваёй фармальнай зухаватасці, быў моцна, усімі пяццю нагамі, укарэнены ў рускай вершаванай традыцыі. Старамоднасць Глазава якраз у тым, што для яго паэзія – гэта не нешта спантаннае, не аўтаматычнае пісьмо. Гэта, перадусім, праца і, магчыма, самая адказная з усіх існуючых. Кожны глазаўскі верш, паводле пастэрнакаўскай формулы, – “образ мира, в слове явленный”, і, падобна таму ж Забалоцкаму, Глазаў укарэнены ў рускую вершаваную традыцыю ХХ стагоддзя, ды і ранейшую таксама. Аднак праз сваю строгую ўсвядомленую далучанасць і нават прывязанасць да месца (што далёка не кожнаму паэту ўласціва) ён, безумоўна, наўпрост судачыняецца з беларускім кантэкстам, біяграфія таго лірычнага героя, які пакутуе і ўсміхаецца з вершаў Глазава, надзвычай паказальная для разумення і ягонага пакалення, і для разумення Брэста, і наогул – разумення чалавека мяжы часу і прасторы.

Гэтую “эпоху мяжы” ці “эпоху сезона туманоў”, калі выкарыстоўваць селешчукоўскую метафару, да якой мы ўсе непасрэдна належым, можна адлюстроўваць і апісваць у розным ключы, і праз гэта ідзе розніца ў нашай літаратуры і паэзіі ў прыватнасці. Літаратар можа хапацца за саломіну нацыянальнага праекту ці то ўваходзіць у сацыяльную крытыку; ён можа іграць на павышэнне, даводзячы пафас і мройлівасць свайго вершу да поўнага растварэння рэальнасці; можна іграць і на паніжэнне (чым і займаецца большая частка новай пацанскай паэзіі). Наконт Глазава, то я б сказаў, што ён усё-ткі больш грае на паніжэнне, але гэта не сцёбная метода, а хутчэй пазіцыя інтэлектуала-скептыка “ў тыле ворага”. Падобную пазіцыю можна суаднесці з назвай трэцяй кнігі Уладзіміра Глазава “В режиме ожиданья”, якая цалкам уключана ў зборнік. Кніга гэтая складаецца з трох цыклаў: “Оптима пустынь”, “Маяковского, 44” і аднайменнага “В режиме ожиданья”. Тут ужо цыклы цалкам разасобленыя. Першы з іх – абстрактныя філасофскія медытацыі (праўда, калі я прамаўляю “медытацыі”, то мне ўяўляецца хутчэй не ёг у лотасе, а Стральцоў з цыгаркай каля расчыненай форткі). У цыкле “Оптима пустынь”, кажучы словамі самога аўтара, перадаецца “бытийственный ужас” штодзённага існавання, адзінота чалавека ў эпоху інфарматызацыі. Але, на мой погляд, цыкл гэты ўсё ж такі слабейшы за астатнія. Магчыма, таму, што гэтае фармуляванне абстракцый (характэрнае для таго ж Бродскага) не зусім блізкае прыродзе самога Глазава, якога цягне да канкрэтыкі і ў вершах якога павінна нешта калі не адбывацца, то апісвацца. Таму цыкл “Маяковского, 44” выглядае такім кантрасным у адносінах да папярэдняга. Гэты новы цыкл складаецца з сямі вершаў, прысвечаных, уласна, таму нешматлікаму, што паэта атачала ў ягонай маленечкай “аднушцы” – 1) тэлевізару, 2) мабільніку, 3) халадзільніку, 4) канапе, 5) шафе, 6) тром зэдлікам і 7) пісьмоваму сталу:

Сейчас в руке то сигарета, то

перо. Где телевизор, там – пятно,

вернее, черная дыра, ничто.

Когда он выключен, то он – оно.

На нем гора из книг и телефон,

который, кстати, тоже отключен.

Оно, как и положено дыре,

лишь всасывает будничную пыль.

Ты можешь расписаться «я здесь был»,

как в университете на столе.

Вядома, тут таксама ёсць адсылка да Бродскага і ягонай “мэблі”. Цікава і тое, што для ўсяго цыкла Глазаў абірае аднолькавы страфічны малюнак: гэта 30-радковікі з трох дэцымаў, але не класічных з ababababab, у Глазава гэта ababccdeed. Наогул “Маяковского, 44” – гэта найбольш жорстка і строга арганізаваны цыкл, раўнаючы з іншымі ў кнізе. Што тычыцца строфікі, то глазаўская сілаба-тоніка, бадай, найбагацейшая і найцікавейшая ў гэтым плане сёння ў Беларусі. Можна спакойна дысертацыю пісаць.

Наступны цыкл “В режиме ожиданья” працягвае, скажам так, аўтабіяграфічную тэму. Найбольш сцісла ўся ідэя цыкла выяўлена, па-мойму, у гэтым невялікім вершы без назвы:

Когда одинок и сжигает любовный пыл,

наполни ведро из колодца и вытри пыль,

в углах паутину сними. Посреди щеки

прихлопни слезу, как комарика. Засеки

когда охладеет соленая в венах кровь

и воздух сгустится до трех хрусталиков слов.

Вот так привыкай, не мигая, поверх смотреть,

во что ожиданье любви превращает смерть.

Тут, у гэтым цыкле, якраз праяўлена тое лепшае і найбольш для Глазава характэрнае: вобразная, аж дэталізаваная канкрэтнасць, рух і дзеянне ў вершы, адкрытая аўтабіяграфічнасць – здыманне масак. Пераважна вершы ў гэтай кнізе падаюцца праз асабовыя займеннікі: не толькі “я”, але і “ты” (як зварот да самога сябе, да чытача, да каханай), і сама паэзія тут вельмі асабовая: тут ніколі не расказваецца чужая гісторыя, але толькі свая. Аднак гісторыя гэтая не мае нічога супольнага з экзістэнцыяльным шумавіннем спантаннага вершавання, “хваля пачуцця” тут звязана непарыўна з задумай, што, паводле Максіма Багдановіча, і з’яўляецца перадумовай добрай паэзіі.

Рэжым чакання – метафара надзвычай трапная, тут не толькі каханне, як у вышэйпададзеным вершы, гэта чаканне падзеі, цуду, руху – увогуле змены як такой і разам з тым – надзея на гэтыя змены, хоць у найменшай ступені гэта змены палітычныя, яны для глазаўскай паэзіі занадта дробныя. Гэта чаканне змены ў самім сабе (вось натуральны змест аўтабіяграфічнасці!), і калі прыраўнаць вершы з першага цыкла – з чорнымі і хітрымі чайкамі, то цяпер рэчаіснасць крыху больш дае паэту цеплыні, ды і ён сам на гэта паддаецца. І чым далей, тым болей. Калі “В режиме ожиданья” – усё-такі збольшага змрачнаватая аўтабіяграфія, поўная пакутлівага роздуму над уласным лёсам, то наступная кніга “Горсть пепла и вода”, а таксама нядаўні цыкл “Света полоса” – значна больш, прабачце за таўталогію, светлыя. Хоць паўсюднага глазаўскага скепсісу і тут дастаткова.

Два цыклы “Горсть пепла” і “Вода” падзяляюцца дастаткова выразна, хоць вершы тут, не ў прыклад папярэдняй кнізе, усё-такі больш у адным тоне вытрыманыя. Першы з двух цыклаў месціць у сабе квінтэсэнцыю глазаўскага разумення тэмы вечнага вяртання. Гэта хутчэй рэтраспектыўны цыкл, ён як праведзеная рыса, рахунак з мінулым, з якога лірычны герой уцякае ў апошнім вершы “Давно пора хозяйке сдать ключи”:

Закрой глаза. Запомни все как есть:

парк, КГБ, костел, напротив – Ленин,

а там – бульвар потухших фонарей,

бетонные кварталы стылых спален

с их узкими кроватями… Оставь

могилы мертвецам, беги на волю!

Гэта ўцёкі, канечне, не з горада, а з сябе ранейшага – у новае сваё наканаванне. Цыкл “Вода” і “Света полоса”, бадай, адзіныя, дзе гэты лейтматыў вяртання амаль знікае, змяняючыся на перажыванне штодзённага, прыслухоўванне да сябра ці то да самога сябе ў дадзены момант часу. З’яўляюцца тыя запаветныя “спакой і воля”, унутраная свабода, сцішаецца тая вечная напруга. Пра сяброўства, дарэчы, тут якраз нямала сказана – нямала ёсць і вершаў з канкрэтнымі прысвячэннямі, ды і без іх, дзе ўгадваецца берасцейская паэтычная тусоўка, якая, на жаль, з ад’ездам Макса Шчура і Сяргея Прылуцкага істотна парадзела і таксама ўнесла ноты суму ў паэзію Уладзіміра Глазава:

Все друзья мои сочиняли вершы.

Один я – стихи – не о водах вешних.

Слава богу, у них о буслах ни строчки.

….

Я – один: и пью, и пишу по-русски,

проглотив язык... Вот и вся закуска.

Нядаўнія, канцавыя ў кнізе вершы Глазава паказваюць, што ён са сваіх пакутаў і мітрэнгаў, скепсісу і нявер’я вынес, можна сказаць, мудрасць. Яму не трэба нічога даказваць ні самому сабе, ні іншым, ды ён і не імкнецца да гэтага, і тыя ж успаміны, якія вярэдзяць яго душу, цяпер хутчэй светлыя, і ставіцца паэт да іх з іроніяй. У пазнейшых вершах усё больш настойліва ўзнікае горад – вакзал, Варшаўскі мост, ліхтары, вуліцы і паркі, у якіх хаваецца мінулае:

В летнем парке на рассохшейся скамейке

вечереет чуть быстрее, чем в округе.

Здесь была, мне помнится, лазейка

в будущие горести и муки.

Так давай опять бродить по парку

в сумерках, смеясь, навстречу бедам.

Я смотрю в ладонь твою, шпаргалку,

Змея жду, крадущегося следом.

Які кантраст, ці не праўда, з “небрежным” стаўленнем з ранейшага вершу. Горад становіцца сваім, уласным – родным, ён сам можа нараджаць успаміны і сам можа іх захоўваць.

В глазах черно от снегопада.

Куда ты двинешься теперь,

примерзший к Бугу влажным взглядом?

Стоишь как памятник себе –

не в силах вдребезги разбиться,

ни шаг ступить за Рубикон…

И замечаешь вдруг лисицу,

переходящую границу,

и машешь ей вослед рукой.

“Куда ты двинешься теперь”, Валодзя? Я не ведаю. Ужо і таго, што ёсць, хапае на помнік нерукатворны, і, можа, будзеш ты некалі стаяць бронзавы дзе-небудзь “меж церковью, психушкой и филфаком”, у вечнай сваёй джынсе, з вечнай цыгарэцінай у зубах – як запавет усім, хто лічыць Брэст драным горадам, а можна ж яго і любіць. Ды і не толькі яго. Проста – варта любіць. А калі няма змогі – перасякаць мяжу.

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце