Рэцэнзія на кнiгу:
Original?1374061205
Дэтэктыў “з тэорыяй”

З перакладным чытвом у нас заўжды было так сабе, хоць попыт ніколі не змяншаўся. Беларускі fiction, пачынаючы ад “Трышчана”, чытача знаходзіў, але вось каб чытач яго знаходзіў, ды яшчэ і на беларускай мове, з гэтым чамусьці ўзнікалі праблемы, якія імгненна пераходзілі ў разрад палітычных. 

 

Кожны раз знаходзіўся дабрахот, які выштурхоўваў масавую літаратуру ў ранг элітарнай, эталоннай (прыгадаем Караткевіча). Дэтэктыў, замест таго каб выконваць сваю прыродную функцыю, замыкаўся ў межы “разыначкі” і неадменна абрастаў культуралагічным рахапеццем. Паказальны факт: задумаўшы выпускаць беларускія дэтэктывы, “Мастацкая літаратура” амаль машынальна паклала на стол не paperback, а манументальны талмуд “Карона Вітаўта Вялікага”, памерам з тлумачальны слоўнік Судніка-Крыўко.

Усё гэта, зрэшты, натуральна ва ўмовах прысутнасці ўсходняга “чарователя неустанного”. Робім, каб яны падавіліся. У іх – дурны мілорд і Нікольскі рынак, у нас – “Вянок” і “Шляхам жыцця”. У іх Марыніна з вокладкай намаргарыненай, у нас – сілікатная цагліна ў падмурак нацыянальнай культуры. 

Праблема попыту цікавіла хіба савецкіх выдаўцоў. Аднак у той час добра разумелі, што выдаваць дэтэктывы па-беларуску – небяспечна. Таму і перакладалася вобмаль, усё чыталі па-расейску і па-польску. Да таго ж сам дэтэктыў лічыўся ў СССР буржуазным жанрам, таму выданне яго блакавалася. У Беларусі, бадай, адзінай саступкай быў пераклад сіменонаўскай “Першай справы Мегрэ” Ніны Мацяш, які выйшаў у 1982 г. накладам 60 000 асобнікаў. Заглыбляючыся далей у паліцы ўласнай бібліятэкі, скажу, што больш-менш сур’ёзна ставіцца да попыту беларусы сталі напрыканцы 1980-х, калі дэтэктывы запоўнілі савецкі кніжны рынак. Якраз тады выйшлі па-беларуску дзве анталогіі, укладзеныя Максімам Лужаніным. Зрэшты, анталогіі было дзве, а назва адна – “Замежны дэтэктыў”. У кніжку 1988 года Лужанін залучыў аповесць Агаты Крысці “Нябожчыкава люстэрка”, раманы Жоржа Сіменона “Порт у тумане” і Нікалае Штэфанеску “Доўгае лета…” ў перакладзе Паўла Марціновіча, Алеся Асташонка і Ліны Каўрус адпаведна (праўда, у апошнім выпадку трэба гаварыць пра пераклад з рускага перакладу, а не з румынскай мовы, як заяўлена ў анатацыі). Неблагім быў і тыраж выдання – 112 тысяч экзэмпляраў. Відавочна, кніга добра разыходзілася, іначай нельга было б растлумачыць, што праз два гады Лужанін складае новую анталогію, якая ўбачыла свет у 1991 годзе і была надрукаваная ў ліку 175 тыс. экзэмпляраў. У гэтую кнігу ўвайшлі чатыры апавяданні Агаты Крысці (апублікаваныя ў перакладзе Валерыя Чудава, Кацярыны Дзмітрыенкі і Міхаіла Котава ў гадавіку “Далягляды” за 1988 год), аповесць Рэкса Стаўта “Крылаты рэвальвер” у перакладзе Уладзіміра Шчаснага, аповесць Генрыка Гаворскага “Радаслоўная”, якую з польскай мовы пераклаў Пётр Стафановіч і аповесць вугорскага пісьменніка Дзёрдзя Сіта “Прыватнае расследаванне” у перастварэнні Эміля Турані і Уладзіміра Арлова.

У іх Марыніна з вокладкай намаргарыненай, у нас – сілікатная цагліна ў падмурак нацыянальнай культуры. 

Бадай, толькі на гэтых трох выданнях беларускія перакладчыкі зарабілі нармальныя грошы і паспрабавалі падужацца з рускамоўным выдавецкім монстрам-кангламератам. Пасля паўраспаду СССР рэспубліка ўвайшла ў працяглы эканамічны крызіс. Тым не менш пераклады выходзілі, але не такімі тыражамі, а ганарары за іх паглыналіся інфляцыяй вельмі імкліва. Па выдавецкай інэрцыі, а таксама ў адпаведнасці з палітыкай беларусізацыі выйшла яшчэ колькі беларускамоўных дэтэктыўных кніжак. У с.п. серыі “Бібліятэка замежнай прозы” – томік Жоржа Сіменона “Пад страхам смерці” (1992 год, пераклады Алеся Асташонка, 37 500 экз.). Амаль адначасна – дзве новыя анталогіі: “Амерыканскае дэтэктыўнае апавяданне” (1993 год, пераклады Уладзіміра Шчаснага, 30 000 экз.) і “Кінжал з крыламі” (1994, калектыў перакладчыкаў, 15 000 экз.). Трэба адзначыць, што ў апошніх дзвюх кніжках у розных перакладах было апублікавана апавяданне Э.А. По “Забойства на вуліцы Морг”.

Бадай, што “прайдзісветаўская” кніжка “Злачынства, сэр!”, да якой я, нарэшце, пераходжу, трымала на ўвеце папярэдні анталагічны досвед. Відавочна, што можна зрабіць з анталогіі “брацкую магілу”, як гэта і было здзейснена ў чатырох савецкіх і постсавецкіх праектах. Але часам хочацца, каб кніжка была “з тэорыяй”, як казаў Парфірый Пятровіч. Гэтая тэорыя ў “Злачынстве…” імкнецца да максімалізму, таму анталогія ператвараецца з чытанкі ў вышэйзгаданы культуралагічны праект і дапаможнік для “чайнікаў”. Па-першае, мова дэтэктыўнага жанру тут паказваецца ў гістарычнай перспектыве. Эскапады Гофмана, чалавека ХІХ стагоддзя ўтвараюць адзінае цэлае з Чэстэртанам, які да ХХ стагоддзя ставіўся досыць насцярожана, як у стылістыцы, так і ў светасузіранні. Для беларускай мовы гэта, адпаведна, выпрабаванне, бо сталай прозы ў нас тады было малавата. Пасля ідзе парачка аповедаў “безумного Эдгара”, які, наадварот, адной нагой знаходзіўся ў ХХ стагоддзі. Ён – пераходнае звяно дэтэктыва, стваральнік канона і заканадаўца. Пасля яго ўжо можна змяшчаць усё, што заўгодна, і “прайдзісветаўцы” так і робяць, стараючыся даць як мага большую нацыянальную панараму: Амерыка, Чэхія, Польшча, Ізраіль, Італія. Не-не, ды і азірнешся на падзагаловак “зборнік дэтэктыўнага апавядання”, чытаючы чарговы твор на 50 старонак. Але не буду ўлазіць у жанралагічны халівар.

Як чытачу, мне найбольш закаціла Вольга Такарчук, пасля якой рука чамусьці пацягнулася за “дробнай сволаччу” Евы Вежнавец.

Другая частка кнігі – “Бясчынства, сэр” – пародыі на дэтэктыў, перадусім на бедалагаў Шэрлака Холмса і доктара Ватсана. Зважаючы, што на карэньчыку стаіць рымская лічба “І” і што ў медыях насілася ідэя выдання выбраных твораў сэра Артура Конан Дойла, можна лічыць гэты цыкл звязкай паміж кніжкамі. Цыкл мае дастаткова эксперыментальны характар і разлічаны, бадай, на філалагічную цікавасць, бо менавіта ў пародыі акрэсліваюцца істотныя характарыстыкі творчага метаду, якія, уласна кажучы, і завастраюцца парадыстамі. Яшчэ больш эксперыментальны характар мае аповесць “Забойства ў Жлуктаве”, дзе аўтар паставіў сабе амаль дысертацыйную задачу спарадыраваць метады адразу ўсіх легендарных дэтэктываў: Шэрлака Холмса, лейтэнанта Каломба, Філа Марлоў, Штэфана Дэрыка, Стыва Карэлы, Нэра Вулфа, Гарыет Мэйкпіс і Джэймса Дэмпсі, міс Марпл, камісара Мегрэ, Малдэра і Скалі, работніка дзяржбяспекі і Эркюля Пуаро. Уся гэтая плойма дэтэктываў, сабраўшыся разам, прапаноўвае розныя варыянты расселадавання, якія ў выніку аказваюцца няслушнымі. Трэба адзначыць, што да Малдэра і Скалі даляціць не кожная птушка, бо 100-старонкавы аповед набывае манатонны характар. 

Напрыканцы кніжкі – правілы дэтэктыўнага аповеду ад Роналда Нокса і Стывена ван Дайна. Яшчэ адзін падарунак дысертантам.

“Каментаваць якасць перакладаў я не магу” – прамоўлю і я гэтую мантру рэцэнзентаў. Як чытачу, мне найбольш закаціла Вольга Такарчук, пасля якой рука чамусьці пацягнулася за “дробнай сволаччу” Евы Вежнавец. Каментаваць я магу толькі апарат, бо ён таксама, у поўнай адпаведнасці з тэорыяй вялікага ўчынку, мае эксперыментальны характар. З прадмовы што-небудзь пра змешчаныя творы, структуру і прынцыпы выдання дазнацца немагчыма. Уласна каментарамі, а не біяграфічнымі даведкамі, можна назваць толькі тэксты да Эдгара По, Элеры Куіна і Рэкса Стаўта, але і з іх далёка не заўсёды можна дазнацца нават пра дату напісання ці публікацыі твора ў пэўным зборніку. Зрэшты, зважаючы на выданні залатой серыі “Беларускі кнігазбор” апошніх пяці гадоў, хай і гэта называецца каментаром

А ўвогуле, дык nice to meet you. Чакаем на другі том.

Каментары 1
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі

"“Каментаваць якасць перакладаў я не магу” – прамоўлю і я гэтую мантру рэцэнзентаў". А я вось хачу. Шчыра кажучы, пляваўся амаль кожны раз, калі чытаў. А калі загарнуў апошнюю старонку так стала шкада грошаў, што заплаціў за гэтую кніжку, што цяпер ніколі не куплю кніжкі, над якімі працавалі такія перакладчыкі (запісаў сабе ў нататнічак гэтыя прозвішчы). Калі хто яшчэ не чытаў і не набыў, то і не набывайце, не губляйце час і грошы, бо кніжка таго не вартая. Даруйце, калі ласка, за некаторую рэзкасць у выразах :)

0
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце