Рэцэнзія на кнiгу: Original?1361649551
Добры шлях у жыцці і кнізе

Кірыл Дубоўскі — фіналіст конкурсаў маладых літаратараў да стагоддзя газеты “Наша ніва” (2007), Слово.doc (2009), імя Ларысы Геніюш (2010) — выдаў кнігу апавяданняў, якая заслугоўвае чытацкай увагі, пільнай і добразычлівай.

Цяжкасці перакладу

Апавяданні за адзіным выняткам напісаныя Дубоўскім па-руску, яны створаныя ў 2004–2010 гадах.

Адразу з'яўляецца пытанне, як правільна перакласці назву зборніка на беларускую мову.

Справа ў тым, што першае апавяданне, якое дало назву ўсёй кнізе, успрымаецца як аўтарскі пралог, ідэйна-эстэтычнае абгрунтаванне ім сваёй працы. Раскажу пра гэты мастацкі твор падрабязна. Пісьменніка-пачаткоўца Сяргея звінавачваюць у тым, што ён піша на дробныя тэмы, па-шкалярску шаблонна. Але Сяргей не жадае хлусіць і выдумляць — ён распавядае пра рэчаіснасць, зыходзячы з уласнага досведу. Сяргей у стане стварыць “один хороший роман — о своей жизни”, а дакладней “разделить его на много хороших рассказов”. Відавочна, пад “хорошей” кнігай Сяргей разумее не “якасны”, арыгінальны тэкст, якога чакаюць ад яго іншыя, у тым ліку настаўніца літаратуры (у Дубоўскага гэта збіральны вобраз беларускага літаратурнага крытыка), а “добры” ў значэнні “маральны”, “сапраўдны”. І тут — за туманам паказнога аповеду пра графамана — вялікае выпрабаванне для самога Дубоўскага, які не збіраецца гуляць прыметнікамі, а жадае шчырых адносінаў з навакольным светам і чытачом і кажа пра гэта адкрыта. Адкрыта і адразу самой назвай кнігі прамаўляе, каб у нікога не ўзнікла дарэмных чаканняў, не склалася няправільнага ўражання пра яе.

Дарэчы, нягеглы, самазакаханы персанаж нічога прыкметнага і самабытнага ў літаратуры так і не стварыў, затое наважыўся на самагубства нестандартным спосабам: Сяргей лёг у мурашнік. Аднак выявілася, што ён не першы чалавек, які гэткім чынам сышоў з жыцця, а ўжо пяты за апошнія два месяцы. Чым не мастацкая тыпізацыя? Самаіронія ў кнізе мусіць быць ацэненая крытыкамі і чытачамі па вялікім рахунку, бо нашая літаратурная моладзь пераважна вельмі сур’ёзная, быццам зашпіленая на ўсе гузікі.

Што чакае нас далей у кнізе, якая падкрэслівае цяжкасці перакладу і захавання сэнсаў, распачынаецца смеху вартай смерццю аўтара “хорошего романа” і ўадначас пастаноўкай літаратурных задач, ад вырашэння якіх Дубоўскі, відавочна, не збіраецца бегчы да бліжэйшага мурашніку?

Шчасце быць

Пісьменніцкі стыль Дубоўскага мінімалістычны; літаратурная тэхніка яго простая, цалкам пазбаўленая складаных моўных канструкцый, аўтарскіх метафараў. Шырока выкарыстоўваецца такі інструмент, як дыялог (“Два галасы — мінімум жыця, мінімум быцця”, як пісаў Міхал Бахцін). Тэматыка твораў звыклая: каханне, сяброўства, росшукі сябе і ўласнага месца ў жыцці, абарону душы ад чужых каштоўнасцяў і сваёй адзіноты. “Гэта адбывалася з усімі і ўжо даўно апісана ў літаратуры, прычым ня толькі класікамі, але і тваёй аднакласніцай Машанькай”, — ментарскім тонам даводзіць настаўніца (чытай: крытык) у “праграмным” апавяданні Дубоўскага, пра якое ішла гаворка вышэй. Але пісьменнік не жывіцца толькі іранічным самаадмаўленнем і камічнай “бояззю” графаманства, не ператварае іх ў галоўныя ідэі і тэмы мастацкай творчасці, а шукае сярод звыклых рэчаў з дапамогай простых словаў свой асабісты непрыдуманы, добры шлях у жыцці і літаратуры. 

“Я хачу, каб усе былі шчаслівыя”, — адкрыта кажа пісьменнік у “Героях” — апавяданні-эпілогу кнігі. Яму не сорамна прызнацца. Быць шчаслівым самому і рабіць шчаслівымі іншых — важна і натуральна, але не любым коштам! Так, “Шчаслівая рука” — нязмушаны, інтанацыйна дакладны аповед пра чалавека, які гадзінамі гуляў у аўтамат. “Мусіць быць нешта яшчэ ў жыцці акром працы, — казаў ён, — нейкае захапленне. Я знайшоў яго, навошта мне адмаўляцца?” Непрыдуманая гісторыя пра тое, як дарослы чалавек падмяняе жыццё механічнай забаўкай, не мае фіналу: пісьменнік раўнадушна абрывае аповед. (Выдатны максімалізм, асабліва, калі літаратар распачынае мастацкія пошукі будучыні!) У гэтым праяўляецца аўтарская воля Дубоўскага, ягонае стаўленне да ілжывых, эгаістычных формаў шчасця. Не ў іх даследаванні бачыць ён сваё прызначэнне, і падобных апавяданняў у зборніку зусім вобмаль. Як і такіх, дзе персанажы — вераломныя графаманы (“Літаратурныя прыгоды Марсіка і Бобіка”) альбо хітрадупыя прыстасаванцы, якія спачатку жадаюць быць касманаўтамі і міліцыянтамі, а потым адмаўляюцца ад сваіх мараў на карысць фінансавага ўніверсітэта штата Агая (“Дзед Мароз Усемагутны”).

Порцыя кашы

Зразумела, рэчаіснасць у кнігах трэба пераасэнсоўваць — найперш самому літаратару, а не чытачу. Дзеля гэтага Дубоўскі, як і многія беларускія пісьменнікі (талент — заўсёды сугучча), звяртаецца да такога віду вобразнасці, як гратэск. (Наагул я бачу ў выкарыстанні гратэску традыцыю беларускай літаратуры, што не перарываецца дасюль.) Тут сапраўдная магія, дзеля якой асабіста я чытаю кнігі: гучанне аўтарскай мовы Дубоўскага, лексічна небагатай і інтанацыйна стрыманай (нягледзячы на шырокае ўжыванне клічнікаў), неўпрыкмет ператварае ўзноўленыя пры дапамозе немудрагелістых дзеяслоўных “рухаў” звыклыя жыццёвыя сітуацыі — здача іспыту, прыём на працу, сустрэча з сябрукамі і г.д., — у запамінальныя яскравыя падзеі. Калі персанажам адкрываюцца таемныя бакі ўсяго існага і яны ясна разумеюць саміх сябе. Іншым разам, — тое невясёлыя веды, і галоўнаму герою Дубоўскага аніколі не знайсці працу: ён не здаў іспыт на шанцаванне і таму не патрэбны працадаўцам (“Новы экзамен”). Але мастацкі стыль аўтара, які крышталізуецца ў жанры апавяданьня, зусім не змрочны — толькі калі-некалі набягуць хмары, выкліканыя сумам маладога пісьменніка, які адчуў жыццё і задумаўся: “Што яно?”. Да таго ж жахлівы сон аніяк з галавы ня сыйдзе: Беларуская Мова ў выглядзе велічэзнага вусатага селяніна з каўтуном у валасах пагражае патапіць аўтара ў трасянцы, калі той не будзе “як мага больш пісаць пра наш край, наш шлях, зямельку гаротную беларускую, маскалёў клятых чужынцаў і пагоню бел-чырвона-белую” (“Беларуская мова”). Сапраўды, начны кашмар усіх расейскамоўных беларускіх пісьменнікаў, акром Чаргінца і К˚!..

Мяккім дотыкам звычайных слоў Дубоўскі па-сяброўску пераконвае: ствараючы свет, Бог заварыў кашу. “І нашае пакліканне, нашая зямная місія ў тым, каб гэтую кашу высербаць — порцыю, якая адмераная кожнаму” (“Падвоеная порцыя”). Дзесьці боскай лічаць аўсянку, дзесьці — рысавую альбо грэцкую кашу, але тое канфесіі адной агульнай веры. І не трэба даваць веры ўсялякім нехрысцям, якія вучаць, быццам Бог прымушае нас сёрбаць не кашу, а лайно. Прыйдзе час — нячыстая сіла ачысціцца.

“Дык у чым магія Дубоўскага?” — запытаецеся вы. 

Верагодна, у тым, што ўсе словы ў ягонай кнізе — добрыя, харошыя. І гэта вельмі важна.

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце