Дваццаць пяты кадр

 

Пару гадоў таму творчасць Людмілы Рублеўскай была названая прадстаўнікамі Беларусьфільма адзінай вартай для стварэння кінасцэнарыя. Гэта, вядома, несправядліва. Аўтар гэтага меркавання проста недастаткова дасведчаны ў сучаснай беларускай літаратуры. Але чаму з дзясятка магчымых было названае менавіта гэтае прозвішча, асабіста мне зразумела.

 

Калі чытаеш аповесці і раманы Людмілы Рублеўскай, увесьчасна ловіш сябе на думцы: “Эх! Такі сцэнарый прападае!” Менавіта яе творы, пераствораныя ў мастацкі фільм, маглі б зрабіць для беларускай культуры болей, чым тысячы асветніцкіх праектаў і заклікаў не забываць сваю мінуўшчыну, шанаваць сваю мову і памятаць сваіх герояў. У апошнія гады такім чынам вельмі актыўна папулярызуюць нацыянальныя міфы нашыя найбліжэйшыя суседзі: ствараюць фільмы пра выбітных асобаў расійскай гісторыі. Вядома, з трактоўкай вобразаў і падзей згодныя далёка не ўсе. Але галоўнае, што мэта дасягнутая – персанажы з падручнікаў па гісторыі “пайшлі ў народ”, сталі блізкімі і роднымі

Для паўнавартаснага функцыянавання беларускага ў сучаснай беларускай культуры не стае менавіта гэтага – папулярнасці, агульнавядомасці, агульнадаступнасці. Тое, што беларушчына – гэта элітарна (а значыць, у прынцыпе не можа быць масавым) мы прыдумалі з адчаю. Насамрэч толькі тады можна будзе рабіць аптымістычныя прагнозы, калі беларушчына стане масавай, пусціць карэнні ва ўсе сацыяльныя і ўзроставыя катэгорыі. 

Калі чытаеш аповесці і раманы Людмілы Рублеўскай, увесьчасна ловіш сябе на думцы: “Эх! Такі сцэнарый прападае!”

Беларуская гісторыя, як адзначала сама спн. Рублеўская, невычэрпная скарбніца сюжэтаў. Але і тут усё прасцей. Для таго, каб зрабіць нарэшце фільм, які ўжо гадоў дваццаць просіцца быць знатым, неабавязкова капацца ў гісторыі, можна проста ўзяць кнігу Людмілы Рублеўскай “Сэрца мармуровага анёла”, у якую ўвайшлі ўжо знаёмыя чытачам аповесці “Сэрца мармуровага анёла”, “Пярсцёнак апошняга імператара” і паралельны раман “Золата забытых магілаў”.

Пра перавыданні пісаць цяжэй, бо вельмі мала шанцаў не паўтарыцца. Тым больш, названыя творы наўрад ці маюць патрэбу ў прадстаўленні – беларускай літаратурай яны ўжо засвоеныя. Для мяне гэта таксама было не знаёмства, а, так бы мовіць, сустрэча пасля доўгага расстання. Напрыклад, аповесць, якая дала назву кнізе, я ўпершыню чытала яшчэ на старонках часопіса “Полымя”, то бок вельмі даўно. За такі час мяняецца многае – і ў жыцці, і ў светаўспрыманні. Затое магу прадставіць чытацкія погляды двух пакаленняў: дваццаці- і трыццацігадовых. 

У творах Рублеўскай заўсёды ўражвае гэткі прафесійны прагматызм у самым станоўчым разуменні слова. У дзвюх аповесцях і рамане, прадстаўленых у кнізе, у такой канцэнтрацыі сабраныя нацыянальныя міфы і супярэчнасці іх сучаснай інтэрпрэтацыі, што цяперашняму пакаленню юных патрыётаў проста ў рукі даеццца тое, што некалі нам даводзілася адкапваць у звыклым ладзе жыцця і адваёўваць у асяроддзя. 

У паралельным рамане “Золата забытых магілаў” дзеянне разгортваееца адначасова ў мінуўшчыне і да побытавых дробязяў пазнавальнай сучаснасці. Але і ў аповесцях цяпершчына стаіць на паўразбураным, але ўсё яшчэ трывалым падмурку далёкага мінулага. Галоўныя героі ўрэшце аказваюцца нашчадкамі старажытных – княжацкіх або каралеўскіх – родаў. Такім чынам даводзіццца знітаванасць лёсаў і пераемнасць пакаленняў. Паколькі на месцы герояў – звычайных, не самых моцных і далёка не ідэальных – можа ўявіць сябе кожны з чытачоў, то і адказназнасць перад памяццю продкаў ужо з’яўляецца не адцягненай катэгорыяй, а рэальнасцю, якая можа быць і часткай твайго асабістага жыцця.  

У дзвюх аповесцях і рамане, прадстаўленых у кнізе, у такой канцэнтрацыі сабраныя нацыянальныя міфы і супярэчнасці іх сучаснай інтэрпрэтацыі, што цяперашняму пакаленню юных патрыётаў проста ў рукі даеццца тое, што некалі нам даводзілася адкапваць у звыклым ладзе жыцця і адваёўваць у асяроддзя. 

Я нездарма згадала юных патрыётаў як найбольш удзячных чытачоў. У кнізе Людмілы Рублеўскай ёсць усё, што зацікавіць хлопца, – пошукі скарбаў, двубоі і менш рамантычныя бойкі, зброя, ваенныя чыны, паўстанне… І ўсё, што зацікавіць дзяўчыну, – каханне, інтрыга, рамантыка, выбар паміж марай і дабрабытам, прыгожыя дамы ў прыгожых строях… А пад гэтым – кароткі курс беларускай гісторыі і культуры, ненавязлівы, бо здаецца толькі фонам, і захапляльны. Павінна дзейнічаць, як дваццаць пяты кадр. 

Гэта ні ўякім разе не зніжае мастацкай вартасці твораў. У майго пакалення былі “Каласы пад сярпом тваім” Караткевіча. Калі чытаць гэтую кнігу ў пятнаццаць-васямнаццаць гадоў, яна стане галоўнай у жыцці, калі прачытаць яе ў трыццаць – яна падасца наіўнай і сентыментальнай. І гэта не значыць, што “Каласы” – дрэнная кніга. Не можа быць дрэнным раман, які змяніў светапогляд цэлага пакалення. Гэта значыць толькі тое, што ў кожнай кнігі павінна быць свая мэтавая аўдыторыя. 

Нечакана, што Л. Рублеўская дазволіла сабе “пагуляць” з недакранальным вобразам Кастуся Каліноўскага. У рамане ён з’ўляецца толькі ў некалькіх сцэнах і паўстае перад чытачом не зусім адназначным.

Бянтэжыць, праўда, тое, што ва ўсіх трох творах галоўныя героі (Вінцук Палецкі, Кастусь Сташынскі, Валянцін Чарапавіцкі) і гераіні (Кася, Магдаліна Дарбут, Паліна Ведрыч) аднолькавыя – нават у знешнім выглядзе (у мужчын даўгія валасы, а ў жанчын – валасы непаслухмяныя, густыя, якія аніяк не збіраюцца ў ахайную фрызуру) і жыццёвай неўладкаванасці (героі таленавітыя, але непрызнаныя геніі, якіх усе лічаць няўдачнікамі, а гераіні – самотныя жанчыны з разбітым сэрцам). Калі б яны вялі радавод не ад розных старажытных родаў, можна было б даць ім і аднолькавыя імёны. Магчыма, менавіта таму ёсць сэнс аб’ядноўваць гэтыя творы пад адной вокладкай.

Гаворка пра творчасць Людмілы Рублеўскай амаль ніколі не абыходзіцца без спасылак на творчасць Караткевіча. Тое, што яна звярнулася да тэмы паўстання 1863 года (раман “Золата забытых магілаў”), заканамерна так жа, як тое, што за аўторкам прыходзіць серада. Нечакана іншае – тое, што Л. Рублеўская дазволіла сабе “пагуляць” з недакранальным вобразам Кастуся Каліноўскага. У рамане ён з’ўляецца толькі ў некалькіх сцэнах і паўстае перад чытачом не зусім адназначным. То бок аўтар парушае самае класічнае беларускае табу: героі, калі яны ўжо героямі абвешчаныя, ідэальна-недатыкальныя. (Адразу прыгадваецца ў сувязі з гэтым раман Алеся Наварыча “Літоўскі воўк”). Аднак парушэнне такіх забаронаў з’яўляецца адной з прыкмет здаровай нацыянальнай свядомасці. Бо калі мы занадта нервова-хваравіта абараняем свае легенды, значыць, у нас ёсць праблемы. 

Асобную ўдзячнасць хочацца аб’явіць аўтарцы за тое, што яна хоць і стварае хэпі-энд для герояў-сучаснікаў (праўда, спрэчны ў перспектыве), ніколі не пакідае яго для сваіх герояў з мінулага. Гэткае ідэальнае спалучэнне надзеі і праўды.

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце