Рэцэнзія на кнiгу: Original?1420731852
Дзве казкі ў адной шапцы

Досыць складана пісаць пра кнігу пасля наведвання яе прэзентацыі. Аўтар ужо распавёў пра задумку, працэс стварэння тэксту, расставіў акцэнты, выдаў некаторыя сакрэты герояў. Зрэшты, падчас імпрэзы Антон Францішак Брыль расказаў далёка не ўсё пра сваю новую кнігу. Звярнуўшы больш увагі на гістарычны аспект твора, пісьменнік фактычна пакінуў па-за ўвагай літаратурны. А без яго немагчыма было б назваць тэкст “казкай”. І ўсё ж, “Ян Ялмужна” — гэта проста гісторыя, якую прыемна чытаць, нават не ведаючы ўсяго “гістарычнага” падтэксту, які ўкладаўся аўтарам, ці проста адкінуўшы яго. Я, напрыклад, так і зрабіла.

 

Гістарычную казку “Ян Ялмужна” можна параўнаць са снежным шарам. Здаецца, шкляны шар, напоўнены вадкасцю, з фігуркай унутры, прыгожы сам па сабе. Яго можна паставіць на падваконне і проста любавацца. Але, пагадзіцеся, уся прывабнасць шара заключаецца не ў статычнасці гэтай прыгажосці, але і ў разуменні таго, што ў любы момант можна ўзяць сувенір у рукі, патрэсці яго — і, як па чараўніцтве, фігурка ў цэнтры набудзе рух, а вадкасць, якой напоўнены шар, заззяе зіхоткамі ці запоўніцца сняжынкамі. Гэта ж проста цуд.

Так і ў казцы “Ян Ялмужна”: фігурка пана Ольбрахта Гаштаўта, які захапляецца легендай пра Палемона, яго мураваны палац і нават гэты незвычайны пакой з распісанымі фрэскамі сценамі былі б сумнай і амаль статычнай кампазіцыяй без сняжынак-зіхотак. Увесь расповед можна было б укласці ў дзясятак старонак. І дзе тут казка? Дзе сюжэт? Дзе нагода для захаплення?

Але, каб аздобіць свой гістарычны жарт, Антон Францішак дадае да расповеду не менш цікавых герояў, чым сам пан Ольбрахт. Патрос усемагутны аўтар шар з задумкай казкі — і выплываюць каляровыя зіхоткі. У полі зроку чытача з’яўляюцца рыцары ў вопратках “колеру зімы” і “колеру лета”, млынар і сем яго сыноў, прыгажуня Зафійка і яе бацька, таямнічыя жыхары лесу, свяшчэннік, кухмістр… У акружэнні гэтых герояў і сама фігура Ольбрахта набывае рух, дынаміку, характар. З проста прыхільніка пэўнай ідэі ён ператвараецца ў сапраўднага ўладара лёсаў.

Менавіта Ян Ялмужна ператварае нудны гістарычны расповед у казачны.

Ды безумоўна, у ролі самай галоўнай і яркай зіхоткі выступае сам Ян Ялмужна. Яго можна было б змясціць у кампазіцыю галоўнай фігуры снежнага шара, аднак дынамічнасць характару, жывасць розуму, кемлівасць ператвараюць маладога чалавека менавіта ў сняжынку-зіхотку. Сёмы сын бацькі, які валодае сакрэтамі кухмістарскай працы, прыгожы, мужны, смелы, разумны і мудры. Менавіта ён прываблівае ўвагу чытача цягам усяго расповеду, менавіта з яго жыццём звязаныя асноўныя таямнічыя падзеі кнігі. А колькі досціпу ў гэтым героі! Ён не баіцца гутарыць з князем, прасіць рукі дачкі купца Якуба, сябраваць з жыхарамі лесу. Думаецца, што менавіта Ян ператварае нудны гістарычны расповед у казачны, дадае кнізе дынамікі, загадкавасці.

Здавалася б, што ў гэтай казцы ўсё падпарадкоўваецца законам гэтага жанру: твор складаецца з 12 размоў, увага акцэнтаваная на сямі сынах старога млынара, а лёсавырашальнай для героя становіцца менавіта трэцяя загадка князя. Па сутнасці тыповымі з’яўляюцца і героі твора. Але ў іх адносіны ўкладаюцца новыя рысы. Асабіста ў мяне любімы герой — айцец Мацей. Свяшчэннік, поўны пачуцця ўласнай значнасці, розуму і мудрасці, тым не менш не грэбуе гутаркай з кухмістрам. І нездарма! Столькі разумных думак можна распавесці, сакрэтаў выпытаць! З гэтых дыялогаў падчас прыгатавання ежы для князя і яго гасцей магла б атрымацца неблагая камедыя. Тым не менш Ялмужна, нягледзячы на сваё паходжанне і адсутнасць спецыяльнай адукацыі, заўсёды перамагае айца Мацея, прапаноўваючы яму нестандартныя загадкі, разбураючы стэрэатыпы мыслення святара. Дзякуючы Яну чытач таксама даведваецца пра некаторыя адметныя рысы жыцця на беларускіх землях у далёкім мінулым. Да прыкладу, ён кажа: “А ці жадае пан пробашч паглядзець на дзіва з дзіваў? Там ля брамы два князі ў адным капелюху”. А вы здагадаліся, пра што ідзе гаворка?

Зрэшты, менавіта дзве казкі хаваюцца і пад “шапкай” кнігі “Ян Ялмужна”. Казка гістарычная пра князя Ольбрахта Гаштаўта. І казка літаратурная пра маладога і смелага кухмайстра Ялмужну. Што да мяне, то другую казку чытаць нашмат цікавей. Шкада толькі, што кніга выйшла ў надзвычай сціплым аздабленні, чорна-белыя ілюстрацыі, раскіданыя па тэксце, амаль не “чытаюцца”, а пра значэнне архаізмаў (магчыма, не зразумелых недасведчанаму чытачу) можна здагадацца толькі з кантэксту. Але, думаецца, казку чакаюць новыя выданні, дзе ўсе недахопы будуць выпраўленыя. 

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце