Рэцэнзія на кнiгу: Original?1388781541
Экранізацыя экранізацыі

Што такое шклатара? Гэта, так бы мовіць, абалонка для пачуццяў. Калі іх больш не застаецца, то тару можна напоўніць нанава. Аднак аднойчы яна разбіваецца, і не застаецца болей нічога, — адно цвярозасць... Менавіта такая метафара цела і душы напрошваецца для тлумачэння "Шклатары", новага рамана Артура Клінава, што ў адным флаконе аб’яднаў асабістае, палітычнае і гістарычнае вымярэнне беларускай рэчаіснасці.

 

Аўтар не хавае таго, што раман яго — аўтабіяграфічны, і амаль ва ўсіх героях можна з лёгкасцю апазнаць рэальных асобаў ды з’явы: “Беларусьфільм", кінафільм "Масакра", рэжысер Андрэй Кудзіненка, поўны набор кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года і, вядома ж, галерэя "Ў". Давайце ўявім сабе, што ўсе прыдуманыя імёны ў рамане ізноў памяняліся на рэальныя. Зробіцца кніжка ад гэтага лепш ці горш? І што наогул зменіцца? 

Задача аўтара – не прыкрыць твар, а ўтрымаць мастацкую дыстанцыю ад сваіх герояў. Яго мэта – ператварыць рэальныя (або квазірэальныя) падзеі ў сімвалы, а жыццё, як яно ёсць, – у прытчу. Калі раптам раман выйдзе на рускай мове, то замежным чытачам будзе сапраўды цікава ўбачыць палітычныя падзеі 2010-2011 года вачыма свядомага ды адэкватнага беларуса, – аднак усё-ткі не як дакументальны запіс, а як цалкам суб’ектыўную жывапісную карціну. Мясцовым жа і тым, хто бачыў апісаныя падзеі на ўласныя вочы, заўсёды будзе да чаго прыдрацца, аднак не варта забывацца, што alter ego пісьменніка – гэта ўсяго толькі літаратурны двайнік.

У Машы - тыповая карціна біпалярнага афектыўнага расстройства

Галоўны сюжэтны стрыжань палягае ў асабістым вымярэнні рамана: гэта узаемаадносіны галоўнага героя з дзяўчынай Машай і былой жонкай Палінай. На жаль, любоўны трохкутнік, што абяцае чытачу інтрыгу, загадку, драму, у канцы так і пакідае яго ні з чым. Цалкам свядома распачаўшы гульню ў “кабелізм”, герой звыкла вядзецца на правакацыі “жанчыны-загадкі”, якая насамрэч – ніякая не загадка, не двайны агент, не наркакур’ер, а ўсяго толькі псіхічна хворы маніпулятар (так, гэта мы пра Машу, а не пра Паліну). Ні грэшнага экзгібіцыяналізму кшталту "Лаліты", ні нават паўнавартага дэтэктыву ў стылі "нуар", дзе ўсе беды – ад femme fatale… Калі ўжо сапраўды цягнуць сюды за вушы псіхіатрыю, то ў Машы - тыповая карціна біпалярнага афектыўнага расстройства (у масавай культуры гэтая хвароба ізноў у модзе дзякуючы нядаўняму фільму “Мой хлопец – псіх”), і гэта, дарэчы, магло б усё патлумачыць.

А што Паліна, былая жонка аўтара? Яна таксама маніпулятар: аўтарытарны, прагматычны, і, у адрозненне ад мяккай, аднак "х...вай" Машы, ніколі не губляе сувязі з рэальнасцю, заўсёды ведае, што хоча атрымаць і як гэтага дамагчыся. Яе роля – прадэманстраваць, што галоўны герой раз за разам робіць адну і тую ж памылку: выбірае адзін і той жа тып жанчынаў, з якім здаровыя зносіны немажлівыя ў прынцыпе. Ці здолее ён выйсці з гэтага зачараванага кола, калі разбіваецца "шклатара" яго сэрца?

Нібыта яго ўласная гераіня, аўтар заманьвае нас абяцанкамі ў рай, аднак пакідае ў звычайным бардэлі. Дараваць яму, нягледзячы ні на што? Гэта ўжо пытанне да кожнага чытача асабіста. На наш погляд, усю гэтую спрэчную гісторыю, кахання ў якой насамрэч – на паўшклянкі каньяку, – ратуюць шчырасць пачуццяў галоўнага героя, яго цвярозы погляд на самога сябе ды тая паэтычнасць, з якой ён апісвае найзмрачнейшыя моманты свайго ды грамадскага жыцця.

Раман “Шклатара” – не толькі дасягненне, аднак і цэлае поле нерэалізаваных магчымасцяў

Яшчэ адно з вымярэнняў рамана – сцэнар кінафільма паводле твораў Яна Баршчэўскага. Яго прывязка да асноўнага сюжэту ўскосная: гэта сцэнар, які галоўны герой рамана напісаў незадоўга да пачатку апісаных падзей і цяпер абараняе перад кіраўніцтвам “Партызанфільму”, бачачы ў ім – ужо постфактум – пэўныя паралелі з актуальнымі палітычнымі падзеямі. Яшчэ адзін бульба-хорар? Так, менавіта ён. Аднак нашто наогул пераказваць Баршчэўскага? Таму што мы зараз – у кіно. І гэта – не сам Баршчэўскі, а яго экранізацыя. Мастак па касцюмах папрацаваў як мае быць, і нашай увазе прапануецца мноства дэталяў: залатыя манеты са змейкай у кароне, казліныя маскі, ваўчыны эскорт, батальныя сцэны і, вядома, Пан Д’ябал уласнай персонай… Застаецца толькі пашкадаваць, што гэты сапраўды кінематаграфічны, відовішчны тэкст так і не прырос да сюжэтнага хрыбта раману, застаўшыся інародцам у яго целе. Звычайнаму чытачу нашмат зручней было б спачатку засвоіць “асабістыя” главы, а потым “гістарычныя”, у якасці дадатковага чытання.

Як гэта вельмі часта здараецца ў сучаснай беларускай літаратуры, раман “Шклатара” – не толькі дасягненне, аднак і цэлае поле нерэалізаваных магчымасцяў. Пачаць з таго, што раман мог бы быць даўжэйшым – і не за кошт устаўных гісторыяў, а праз больш глыбокае развіццё іх сюжэтных лініяў. Гатычны каларыт "Шляхціца" можна было б выкарыстаць з большай фантазіяй. Фігуру следчага можна было б абыграць у фандорынскім стылі, а дэтэктыўны элемент мог бы быць і мацнейшым. Падзеі 2010 года можна было б разгарнуць у русле альтэрнатыўнай гісторыі – а што было б, калі?.. Беларуская рэальнасць прапануе нам безліч неверагодных сюжэтаў, і трохі шкада, што аўтар пасквапіўся, абмежаваўшыся ў сваім творы ўсяго двума-трыма. Аднак дзякуй яму за шчырасць і за шчодрасць, з якой ён дзеліцца з намі ўласнай ды амаль ужо гістарычнай памяццю.

 
Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце