Рэцэнзія на кнiгу: Original?1416823200
From Miensk with love

Пачынаю пісаць гэты тэкст на вышыні 9 тысяч метраў. Цягне на сентыментальнасць. Думаю, што пакаленне нашае некалі мела не абы які пратэставы патэнцыял. На слова верачы палітычным лідэрам і ў тым ліку верачы ў іх небажыхарскую непагрэшнасць, шмат хто з маіх аднагодкаў мог пайсці на самыя радыкальныя ўчынкі, каб дапамагчы змяніць сітуацыю ў краіне. Потым усё абрынулася: і надзея, і вера. Ды што там вера – элементарны давер. Магутная пратэстная энергія перахоўваецца цяпер толькі ў вершах, і Антон Рудак яркі таму прыклад.

 

Некалі я напісаў зацемку, якую назваў “Пра Панчанку і Рудака”. Была там думка, што паэты-метафізікі і паэты-трыбуны як бы чаргуюцца ў часе, забіраючы адзін у аднога пераходны кубак “Караля паэтаў”. І тая публіцыстычнасць і грамадзянскасць, якая была неабходная на пачатку 1990-х, у другой палове 1990-х выглядала ўжо рудыментам савецкай эпохі: у моду і ў прастору актуальнага ўвайшлі ўжо зусім іншыя штукі.

Так і для пачатку 2000-х, калі здзейснілася ўжо эстэтычная рэвалюцыя ў паэзіі, і ішла пад фанфарамі канкістадораў цягам дзесяці гадоў, неўпрыкмет у чытацкую свядомасць зноў увайшла туга па грамадзянскасці. Самая эксперыментальнасць паэзіі пры тым нікуды не знікла, але і “мастацтва для мастацтва” відавочна ўсім абазнаным кнігаедам прыелася.

Я не кажу, што Рудак нейкім чынам прадбачыў ці падлавіў гэты момант: тое было б надта спекулятыўным сцверджаннем. Але вопыт Рудака, такога маладога паэта, выявіўся вельмі запатрабаваным і важным для літаратурнай супольнасці. Канечне, для іх навізна часцей бачыцца на ўзроўні паасобных удалых і трапных радкоў (што натуральна для майстроў сваёй справы). Але і пранікненне новай эмоцыі таксама не прайшло незаўважаным.

Асноўная тэматыка Рудака – гарадская. Во ўжо дзе будзе ўдзячны матэрыял для аспірантаў-даследчыкаў урбаністычнай лірыкі. Прастора Менску, які так часта палошчацца ў размовах ды інтэрв’ю, сапраўды мала ўваходзіла ў вершы да самых апошніх гадоў. Я не ведаю, ці выбіраў Антон сабе тэму, хутчэй яна сама яго абрала. Але настолькі насычаных Мінскам кніжак не толькі ў паэзіі, але і ў прозе зусім мала. Літаральна на пальцах адной рукі можна пералічыць.

Аб’явы прыпынкаў ужо не ідуць з галавы,

У горадзе шумна і тлумна, няўтульна і пыльна.

Замкнутыя дзверы сабору і Жоўтай Царквы,

На Ракаўскай вуліцы спіць некранутая Вільня.

 

Ты крочыш па горадзе, дзе ні хвіліны ня жыў,

Ён іншы, чужы, і ніколі табе не належаў.

З-за новай Нямігі прыцішана, бы з-за мяжы,

Азваўся апоўдні гадзіннік на ратушнай вежы.

Гэта з ранніх, скажам так, вершаў. 2009 год. Падзел на раннія і познія тут мо’ і неправамерны, але цягам зборніка бачыш, як змяняецца падыход Рудака да пісьма, як з’яўляеццца іронія, самаіронія і пэўная лексічная і рытмічная зухаватасць. Раннія, да 2010 году вершы больш маналітныя і аднавобразныя – крыху нагадваюць па стылі лірыку Алега Мінкіна. Пазнейшыя тэксты бліжэй падыходзяць да вопыту генерацыі другой паловы 2000-х, з іх сінкопамі і рэчытатывамі, цытатамі і абыгроўкамі навязлага ў вушах канцылярытнага шуму і расхожых фразеалагізмаў.

забіваючы «Жыгулі», вагоны, «Ікарусы»,

мы правозілі праз мяжу кантрабанду блокамі,

і калі ў нас часам пыталіся: «Што вы паліце?»

мы заўсёды спакойна адказвалі «Толькі лёгкія».

 

мы вучыліся на Каліноўцы ні з плошчы ні з пушчы, мы

на нулёўцы ў Лодзі за год вывучвалі польскую,

мы жыўцом сузіралі Зянона — цяпер мы відушчыя,

а Каменны Лог і Кузніца — нашыя полюсы.

Гэта яшчэ адна з тэм Рудака – пакаленне 2000-х. Ён сам нібы ягоны голас, які не саромеецца казаць “мы”, такое забытае “мы”, быццам вернутае з забыцця, калі ў шчыльных радах была нейкая цэхава-калегіяльная еднасць, хай сабе і ўяўная. Тое апрыклае ўсім нефармалам-індывідуалістам “мы” і з савецкага гімну, якое нібыта калектывізм і партыя – наш стырнавы. Аднак як часам хочацца яго пачуць і як яно адразу ўлазіць у душу. Не ведаю, як хто, а я ссумаваўся па гэтым займенніку.

Яшчэ адна скразная тэма зборніка – памяць. Рудака вабіць і гістарычная рэканструкцыя, і само плыткае адчуванне часу. Праз ролевыя гульні з партызанамі, Эйнштэйнам і расстраляным 29.10.37 ён спрабуе ўлезці ў скуру сваіх персанажаў, а разам з тым і нам дае магчымасць гэта зрабіць і сям-там задумацца. Ролевая лірыка такога кшталту прарочыць заняткі Антона прозай, якія, наколькі я ведаю, ідуць ужо поўным ходам. Побач з гэтым ідзе і праца па даследаванні гісторыі – каментарыі да шалёна аб’ёмнага ліставання Кастуся Акулы, здзейсненыя Антонам у кнізе Лявона Юрэвіча “Шматгалосы эпісталярыум”, сведчаць пра добрае веданне Рудаком тэмы сваіх зацікаўленняў – Другой сусветнай вайны ў Беларусі, беларускіх вайсковых фарміраванняў, органаў улады пад акупацыяй і антысавецкага супраціву.

Усё гэта сведчыць пра тое, што Антон Рудак прыйшоў у белліт усур’ёз і надоўга. Няхай сям-там яго вершы занадта ўжо, да сухасці, празаізуюцца, а недзе ўсё яшчэ застаюцца даволі наіўнымі, няхай ён не эксперыментатар і пад Бродскага напісаныя два вершы – не лепшыя ў кнізе, але “Верхні горад” – сапраўды новае слова ў нашай паэзіі. Мяне часта папракаюць у тым, што незразумела пасля рэцэнзіі – варта чытаць гэтую кніжку ці не варта. Дык от, кажу наўпрост – варта. Чытаць і перачытваць.

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце