Рэцэнзія на кнiгу: Original?1407840632
Гульня ў цені і свечка пад сталом

Па-мойму, вады тут крыху менш. І справа, зрэшты, не ў ёй, а ў тым кампоце, што ў выніку атрымаўся. Інгрыдыенты ўзвару паказальныя для ўсёй сучаснай паэзіі, аднак ва Уладзя Лянкевіча яны сышліся ў адно і ў чыстым выглядзе не прысутнічаюць, а толькі вызіраюць, як кракадзілы з мутнай ракі.

 

У кнізе 25 вершаў, 13 песень і 1 пераклад. Калі б такі зборнічак убачыў Ніл Гілевіч ці Рыгор Іванавіч Барадулін, яны, мусіць, толькі пасмяяліся б з нядужнасці і бясскрыдласці найноўшай беларускай літаратуры. Аднак жа якраз тэндэнцыя апошніх гадоў дваццаці палягае ў тым, што паэты пазбягаюць скорапісу і рамесніцтва наагул, уважаючы за лепшае выдаваць дзясятак вершаў на год. Гэта малапісанне падштурхоўвае, зразумела, да фаршыравання кожнага вершу ўсякай усячынай праз што, бывае, глядзіш і думаеш: ці не трэснеш ты, дзядзька? Здараецца рознае, аднак сам прынцып працуе.

Раскажу пра асноўныя пункты рэцэпту.

Мусіць, не памылюся, калі сцверджу, што для пэўнай плыні ў сучаснай беларускай лірыцы характэрная цяга да празаізацыі, іранічнасці, гульні на паніжэнне – для таго, каб выйсці з-пад улады пафасу – якога б там ні было (грамадзянска-патрыятычнага, глыбакадумна-філасофскага і г.д.). Уласна сур’ёзнасць, нават калі паэт да яе імкнецца і выразна схільны, заганяецца некуды ў падтэкст, альбо апавядальнік ледзь не ў кожным радку падстаўляе ёй падножкі, устаўляе палкі (ў колы) і збівае з панталыку. На пісьме гэта дасягаецца рознымі сродкамі. Прасцей за ўсё, канечне, мацюкнуцца, абкласці чытача прадукцыяй кампаніі Huawei – і справа вырашаная. У Лянкевіча гэтая празаізацыя, зніжанасць і зняпраўджанне сур’ёзнасці з’яўляецца ў іншым. Безумоўна, найперш гэта зніжаная лексіка. Напрыклад:

маўляў, можа, пойдзеш прагуляешся, ты ж бачыш, я не адзін

не павялася, халера (с.4)

Тут празаізуе не толькі “халера”, але і суб’ектыўна-ацэначнае “маўляў”, наогул загружанасць пабочнымі словамі, плюс слэнгавыя ўстойлівыя спалучэнні “пойдзеш прагуляешся”, “не павялася”. Аўтар адчужаецца ад хоць нейкага лірычнага пафасу. Такіх прыкладаў адчужэння можна знайсці масу. Зніжаная лексіка: “тупа лямантуеш”, “на выгляд псіх”, “вынесціся з гэтага ўраўнення нахер за дужкі” (“***няўжо гэта твая мяжа граніца рубеж”), “глюкане ліфт” (“***скокну скрозь”), “шарыкам для пінг-понга пакоцаным” (“койнос топос”), “да галавы прыходзіць уся гэтая класічная фішка” (“*** я не горац”); пабочныя суб’ектыўна-ацэначныя словы : “у нейкі момант пачынаеш разумець усялякіх ацтэкаў егіпцян і г.д.” (“Ffynnon Garw”), “карацей / раскалупаем у вашым раёне рэчку” (“***паламаем рытм”); увядзенне навуковага і афіцыёзнага канцылярыту: “за сведкаў нам будзе чыгунка / й пару вуліц прыватнага сектару” (“*** у мяне ўнутры рыпіць”), “толькі прамое значэнне мае гэтая песня” (“плесня”), “я назіраў за рухам паветраных масаў / сачыў за зменамі атмасфернага і ўласнага ціску / тэмпературны фон арганізму дазваляе эканоміць на алкаголі” (“Tintagel, Cornwall”), “цяпер нашы чарапкі належаць да / культуры штрыхаванай керамікі” (“*** а яшчэ пісаць і крэсліць”), “ты называла б мяне з асаблівасцямі / паўночна-ўсходняй вымовы” (“*** дробачкі Сёння сыплюцца як жвір”). Таксама для празаізацыі выкарыстоўваюцца дыялогі, звароты-маналогі, эўфемізмы (“пралупляю тое, што пад бровамі, прыслухоўваюся” (“свіцязь”); “вершы някласіка ў тваім выкананні” – у ранейшым варыянце верша “Скокну скрозь” было: “вершы Сыса ў тваім выкананні”), паўторы-дублёры-сінонімы.

Гэтыя ўсе штукі, канечне, выдаюць у аўтары філолага, якім ён насамрэч і з’яўляецца. На яшчэ больш нізкім узроўні, узроўні структуры самога верша, высвятляецца, што Ўладзевы верлібры трымаюцца на ўнутраных рыфмах, каранёвых сугуччах, алітэрацыях і іншых асанансах, і пастаяннае жангляванне гэтымі цацкамі стварае музычнасць – рытмічную структуру, без якой верш пад націскам празаізаваных “апалчэнцаў” абрынуўся б неадменна. Наогул гэтае жангляванне з’явілася ўжо даўно і, бадай, кісла ад яго ў роце апошнія гадоў дзесяць (бо кожны пачатковец лічыць сваім абавязкам пагуляцца з каранямі, думаючы, што гэта і ёсць паэзія), аднак адрозненне Лянкевіча ў тым, што ён ставіць гэта прынцыпам стварэння верша, амаль навуковай філалагічнай асновай, гэтым самым фактычна іранізуючы з самога прынцыпу. (Праўда, гэта не татальны філалагізм Ігара Кулікова, напрыклад, а толькі частка цэлага – паэтыкі).

Вершы-та не пра бухло і пацаноў! А пра каханне і навакольную прастору, з якою даводзіцца жыць і нейкім чынам мірыцца.

Трэцяя думка мая – ў тым, што вершы часта маюць фальклорна-міфалагічную аснову. Тут нямала цмокаў, змеяў, балатоў і адысеяў, трасцаў, жоўтага бруку, русалак і падобнага, дзякуючы чаму прыватныя апавяданні лірычнага героя набываюць туманны няпэўны абрыс (прыватныя апавяданні – яшчэ ў самым пачатку былі; хто не памятае выканання “я прыйду да цябе на вяселле”, той… можа пачытаць “Формулу кахання” (2004), дзе ў ранніх вершах парадаксалізм крыху падобны нават да жыбулеўскага). Нейкая ледзь не салагубаўшчына, але ў той жа час з усімі вышэй цытаванымі элементамі празаізацыі, якія толькі адводзяць у “засень пад шатамі” натуральна ўласцівы Лянкевічу лірызм.

Бо вершы-та не пра бухло і пацаноў! А пра каханне і навакольную прастору, з якою даводзіцца жыць і нейкім чынам мірыцца, і на якую мяркуеш паўплываць, не да канца пагубляўшы ў дарозе пратэставы патэнцыял. Частка вершаў – выразная сацыяльная лірыка, на якую, праўда, навешана столькі ўсяго, што не адразу тую сацыяльнасць заўважаеш.

Канечне, ёсць у кніжцы і “нюансы”. Муляе мне сям-там шматслоўнасць (напрыклад, у вершах “паўзе падмарожаная свіслач”, “свіцязь”, якія мне вельмі падабаюцца, але каб быў я кепскім рэдактарам, скараціў бы ў першым вершы апошні радок і прыбраў адусюль рэфрэн, а ў другім – наагул усю 48-ю старонку, але ўсё гэта брэдні), цяжкавата чытаць і тэксты песень, асабліва тых, што не раз чуў, і мелодыя круціцца ў галаве і не дае пачуць аўтарскую інтанацыю. А інтанацыя гэтая ёсць, і яна мне вельмі цікавая: тут, як ні дзіўна, няма агрэсіі і не заўсёды ёсць манатонная самнамбулічнасць (у адрозненне ад публічнага выканання). Інтанацыя гэтая выплывае не адразу, а толькі калі сам патрапіш у тон аўтару, прызвычаішся да ягоных парадоксаў.

А яно таго варта.

 

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце