Рэцэнзія на кнiгу: Original?1394612534
Хвілінка паміж мінулым і будучыняй

Мы трапляем у "Хвілінку" на пачатку 80-х гадоў ХХ стагоддзя – напярэдадні трэцяга беларускага адраджэння, да якога, прадказальна, маюць дачыненне ўсе галоўныя героі кнігі. Чытач разам з Аўтарам мінае мінскія вуліцы і завітвае ў кавярню – менавіта такую, у якой павінны пачынацца і адбывацца тры гісторыі – таямнічую, з водарам кавы, дзе не робяць нічога канкрэтнага, нікуды не спяшаюцца, а наадварот асэнсоўваюць жыццё, услухоўваюцца ў яго. І дзе абавязкова здарыцца надзвычайнае.

 

Але чакаць даводзіцца цягам многіх старонак: Аўтар п'е падвойную, глядзіць у вакно, дзеліцца назіраннямі і ўспамінамі – стварае адпаведную атмасферу, настройвае на ўспрыманне расповеду. І вось рэчаіснасць, сучасная для большасці чытачоў Бабкова, гусцее, знаходзіць свае абрысы, дэталізуецца, набывае колер - і ператвараецца ў мастацкую прастору некалькіх гісторый, якія бяруць пачатак пад шыльдай "Хвілінкі". Назва кавярні падаецца праставатай і нейкай савецкай, але пісьменнік адмяжоўваецца ад трывіяльных асацыяцый чытача: хвілінка – гэта і "само чалавечае жыццё", і "месца, дзе можна застацца, нягледзячы на час, на яго незваротнасць".

"Калі позна, калі ўжо няма часу, калі застаецца толькі хвілінка, тады ўсё і адбываецца".

Істотна, што ў "Хвілінцы" няма месца руціннаму дыскурсу: кожнае слова з'яўляецца невыпадковым і надзелена ледзь не звышсэнсам, нават калі справа тычыцца гатунку кавы альбо супчыку са шпінату. Таму тут важныя не столькі мастацкія прыёмы, колькі асобныя словы – з ацэначным ці экспрэсіўным значэннем, ужытыя іранічна альбо адзначаныя курсівам як вельмі важныя, як лаканічная канстатацыя істотнага факту, прыкметы, падагульнення. Замест плыннага апісання ў тэксце пульсуюць вылучэнні: меркаванні, характарыстыкі, дэталі, супастаўленні – абавязкова кароткія, на некалькі радкоў, што акцэнтуе ўвагу чытача на кожным асобным выказванні.

У "Хвілінцы" няма месца руціннаму дыскурсу: кожнае слова з'яўляецца невыпадковым і надзелена ледзь не звышсэнсам

"Хвілінка" – гэта не толькі тры гісторыі, гэта яшчэ і тры галоўныя персанажы: Францішак – паэт і арыенталіст-аматар, Эва-Дамініка – нікому не вядомая спявачка, Багдан – проста герой, – а таксама тры асноўныя локусы: кавярня, ленінскі пакой у інтэрнаце на Свярдлова-34 і зачараваная выспа ў лясной затоцы. Было б лагічна дапусціць, што кожная гісторыя мае свой сюжэт, але "Хвілінка" – дакладна не "звычайная вандроўка з пункта А ў пункт Б". Пісьменнік зноў і зноў звяртаецца да цэнтральных падзей і праблем, каб паглядзець на іх з іншага боку, заўважыць новыя рысы, і таму ўсё, што зрэшты здараецца ў кнізе, ужо прадчувалася, прадказвалася, згадвалася на некалькі старонак раней. Адносная паслядоўнасць з'яўляецца толькі тады, калі справа тычыцца Багдана, які наведвае Хвілінку як сябар Францішка. Але калі Францішак – "герой, які так і не выйдзе на сцэну эпохі", то Багдан – палітык, вядомы заснавальнік  Гістарычнага клубу.

"Ён стаяў на сцэне перад амаль прамінулай эпохай, як Давід перад Галіяфам.

Ён не проста не баяўся. Ён стаяў як чалавек, пэўны свайго выбару, гатовы павесці за сабой. Адчувалася, што ён не адзіны. Што дзясяткі, сотні, тысячы гатовыя пайсці разам з ім у невядомую будучыню. <…>

Там, на сцэне, ён быў непераможны".

Праз дваццаць гадоў Багдан знаходзіць ў газеце іншы палітычны партрэт: цяпер ён "стаіць недзе ўбаку – маленькі цынавы жаўнерык, у кароткіх штоніках, з бел-чырвона-белым сцяжком – сумны і забыты". Убаку – таму, што займаецца сапраўды сур'ёзнымі рэчамі, пра якія "не раскажаш журналістам". Але партрэт чапляе героя і ён настойліва спрабуе зразумець, што здарылася за гэты час, "як і калі ўсё пачало ламацца".

Новая кніга Ігара Бабкова найперш выяўляе светаўспрыманне той генерацыі мінскай інтэлігенцыі, маладосць якой прыпала на 80 – 90-я гады, "патрапіла ў расколіну між эпохамі".

Метараман, у якім Аўтар распавядае пра працу над кнігай, шукае пачатак гісторыі і прадумвае розныя варыянты лёсу для сваіх персанажаў, ператвараецца ў палітычны раман, дзе замест таямнічай кавярні (звыклага літаратурнага топасу) паўстае сучасная беларуская рэчаіснасць. Уражвае не столькі сэнсацыйнае прызнанне Багдана ў сімпатыі да Лу, колькі свабодны аналіз тых палітычных працэсаў, якія адбываліся цягам апошніх дзесяцігоддзяў. Нягледзячы на злосць за страчаную перамогу, герой імкнецца аб'ектыўна ацэньваць сучаснасць – і супастаўленне Беларусі з краінай Еўропай па некаторых крытэрыях атрымліваецца не на карысць апошняй.

Багдан крытычна характарызуе змены, якія адбываюцца ў апазіцыйных структурах, і тыя сцверджанні, якія ў нарысе ці эсэ падаліся б празмерна катэгарычнымі, правакатыўнымі і не дастаткова абгрунтаванымі, у вуснах мастацкага героя зусім не здзіўляюць. Тым больш, што самыя смелыя рэплікі належаць нейкаму М., а самыя разумныя рэчы паведамляе прафесар Вайцэхоўскі.

Розныя людзі, розныя пакаленні па-свойму адчуваюць і перажываюць адну і тую ж эпоху. Новая кніга Ігара Бабкова найперш выяўляе светаўспрыманне той генерацыі мінскай інтэлігенцыі, маладосць якой прыпала на 80 – 90-я гады, "патрапіла ў расколіну між эпохамі". Галоўныя персанажы "Хвілінкі" не могуць знайсці сябе ў новым часе і паступова ператвараюцца ў герояў мінулай эпохі, у якой засталося і іх узвышша і самыя значныя моманты жыцця. Праз дваццаць гадоў яны павінны зноў сустрэцца ў кавярні, і гэта сустрэча амаль здзяйсняецца…

Многія падзеі кнігі мяжуюць з містычным, што значна змякчае ўражанне ад цэнтральнай часткі, дзе адбываецца "здрада сноў і цудаў". Аўтар наважваецца ўзняцца над актуальнымі грамадска-палітычнымі праблемамі і паглядзець на іх не толькі з паветранага шару, але і наогул sub specie aeternitatis . Калі дзякуючы сакрэтным даоскім тэхнікам чалавек можа ў любы момант апынуцца ў любым пажаданым месцы (ды яшчэ з вельмі дарэчнымі ключамі ад ленінскага пакою), а бармен некалькі гадоў разлівае невычэрпную бутэльку каньяку, то тое, што адбываецца тут і цяпер робіцца не такім ужо істотным. Аўтар з першых старонак  звяртаецца да вядомай метафары жыцця як тэатра, дзе абавязковымі з'яўляюцца не толькі сцэна і ролі, але і маскі. Стаўленне да масак даволі прадказальнае: маска – гэта зададзенасць і штучнасць, але без маскі чалавек робіцца "голай малпай на голай зямлі". Людзі пераважна не ўяўляюць жыццё без сцэнаў, роляў і масак, яны спяшаюцца на свае ўзвышшы і вучацца з іх спускацца, яны мараць пра перамогу, не толькі агульную, але і сваю. Але і маска, якую мы выбіраем, і справа, якой займаемся, - гэта толькі форма самавыяўлення, якая не павінна рабіцца важнейшай за цэласнасць душы.

Пісьменнік рэгулярна звяртаецца да пэўнага кола канцэптаў і вобразаў-сімвалаў, што робіць кнігу глыбокай і шматузроўневай. Вядома, размова часта тычыцца літаратуры – старажытных кітайскіх аўтараў, мадэрнізму, літаратурнай сітуацыі пачатку 80-х гадоў, сучаснай беларускай паэзіі. У "Хвілінцы" пераказваюцца ці ўзнаўляюцца многія творы – ад чатырох варыянтаў казкі пра казанок з кашай да вершаў А. Мінкіна. Зрэшты, усе тры гісторыі можна разглядаць "як разгорнуты каментар да аднаго з вершаў Лесмяна"…

Пасля асобных заўваг Аўтара ці ў кантэксце іншых твораў расповед час ад часу набывае новы сэнс і вымагае ўжо новага стаўлення і ўспрымання. Тэкст нібы заўсёды імкнецца выслізнуць, падмануць, пераўтварыцца, стаць непадобным да сябе самога некалькі старонак таму. І характэрна, што звычайнае параўнанне, выраз, ужыты нібыта ў пераносным сэнсе, дзіўны вобраз, падказаны герою настроем, пачуццем ці ўяўленнем неўзабаве атрымлівае літаральнае ўвасабленне ў мастацкай рэальнасці твора. Героі атрымліваюць некалькі жыццяў, возера, на якое трапляе Багдан, апынаецца надзвычай адмысловым, Францішак з нічога канструюе паветраны шар, неабходны, каб уздымацца.

І тры гісторыі напраўду даюць магчымасць па-іншаму паглядзець на многія блізкія і актуальныя рэчы – з новай адлегласці ці, дакладней, з новай вышыні.

"Лу застаўся адзіны з той старой эпохі, багоў і герояў, хто выжыў сярод гэтага спектаклю. <…>

Ён сапраўды затрымаў усіх у мінулым.

Але і адкрываў іншую будучыню. Не тую, якая ўжо здарылася, – з іх суседзямі. У якой хітрыя і цынічныя тэлевядучыя старанна ляпілі з сябе тупых ідыётаў як узор для большасці. І ў якой прафесар Вайцэхоўскі збіраў шэсць грамадзянаў на паўпадпольным семінары, шукаючы выйсця.

А будучыню больш трывожную, і больш небяспечную.

Можа, гэтая затрымка ў часе – не проста спазненне, але і падарунак? Можа быць, у гэтым ёсць нейкі сэнс? Ці нават місія?

І ўся іх барацьба толькі пралог, уводзіны ў сапраўдную гісторыю, якая яшчэ мусіць пачацца".

Замовіць кнігу Ігара Бабкова "Хвілінка" можна на сайце knihi.by 

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце