Кафка: здалёк і зблізку

Яны пазнаёміліся на курорце на Балтыйскім моры і неяк вельмі хутка вырашылі, што павінны жыць разам. Ён — сталы, ужо не зусім малады чалавек, вядомы майстар сваёй справы, якога ўсе называюць “Доктар”. Яна — простая маладая жанчына, кухарка, якая толькі пачынае жыць. Ён невылечна хворы. Яна поўная сіл. Для Яе гэтае каханне становіцца першым моцным пачуццём, для Яго — апошнім. Яны правялі разам толькі 48 тыдняў, але гэты час наклаў адбітак не толькі на іх лёсы…

 

Здавалася б, тыповая гісторыя для мыльнай оперы ці слязлівай меладрамы. Хатнім гаспадыням застаецца толькі насоўкі падрыхтаваць, і смела можна акунацца ў павольны расповед аўтара рамана. Але не так усё проста і адназначна, калі ўлічыць той факт, што Яго завуць Франц Кафка, а Яе — Дора Дыямант, і гісторыя іх кахання, апісаная ў кнізе, — рэальная. Гэтая акалічнасць адразу ж у некалькі разоў павялічвае патэнцыйную аўдыторыю кнігі. 

Вось літаратуразнаўца чапляе на нос акуляры, раскрывае кнігу і скептычна перагортвае старонку за старонкай… Дастае з паліцы энцыклапедыі і даведнікі, зазірае на інтэрнэт-сайты… Натуральна, каб праверыць, ці не падманвае аўтар чытача? Ці ўсё дакладна, тактоўна, з захаваннем піетэту да асобы класіка сусветнай літаратуры? А Дора, якой паказаная тут гэтая неадукаваная жанчына, якая не толькі не чытала кніг Кафкі пры яго жыцці, але і па просьбе каханага спаліла яго лісты?! Як яна магла не думаць пра будучыню і знішчыць такія каштоўныя дакументы? 

Мы маем выдатны раман, у якім час то рухаецца павольна (калі героі сумуюць, чакаюць, перажываюць расстанне), то бяжыць вельмі імкліва (калі яны разам і шчаслівыя). 

Мяркую, узброіліся кнігай і аматары дакументальнай, біяграфічнай прозы. А як жа! Гаворка ж ідзе пра амаль невядомыя факты з жыцця класіка! Сцэнарысты і кінапрадзюсары сквапна пачэсваюць рукі — такая гісторыя, такі сюжэт! Ужо можна нават бюджэт будучага фільма планаваць! Не варта забывацца і на хатніх гаспадынь, якія пабачаць проста прыгожую і бясконца трагічную кнігу пра каханне і смерць; і мужчын: яны таксама часам чытаюць такія расповеды, бо ў іх выконваецца самая важная ўмова: каханне рэальнае і падзеі, апісаныя ў рамане, адбываліся насамрэч. А пісьменнікі! Яны ўжо даўно прачыталі раман, прааналізавалі творчую стратэгію, якую выкарыстаў іх калега і канкурэнт, узялі яе сабе на ўзбраенне. 

Але калі забыцца пра патэнцыйнага чытача і застацца сам-насам з кнігай... 

Мы маем выдатны раман, у якім час то рухаецца павольна (калі героі сумуюць, чакаюць, перажываюць расстанне), то бяжыць вельмі імкліва (калі яны разам і шчаслівыя). А надзвычайны рытм мовы аўтара — такі нязвыклы з першых старонак — праз колькі хвілін ужо нібыта закалыхвае, гіпнатызуе. Маем гісторыю кахання Мужчыны і Жанчыны: менавіта так да іх ставіцца пісьменнік, забываючыся на ўмоўныя ў гэтым выпадку катэгорыі ўзросту і становішча ў грамадстве. Мы адчуваем цеплыню, павагу і спагаду аўтара ў адносінах да герояў, і самі пачынаем ім суперажываць. 

Аўтар не цалкам змяніў цьмяны вобраз Кафкі, але, так бы мовіць, яго “падправіў” дадаў адценне тонкага, інтымнага стаўлення, паглядзеў на Кафку зусім зблізку.

Натуральна, каб напісаць такую кнігу, трэба быць “узброеным” фактамі і мець вялікае натхненне на складаную працу. Аўтар гэтага рамана нямецкі пісьменнік Міхаэль Кумпфмюлер падчас сустрэчы з чытачамі ў Мінску яшчэ ў лютым 2012 года распавядаў, што кнігі Франца Кафкі ён пачаў чытаць досыць рана — ва ўзросце 17-18 гадоў. І ўвесь час звяртаўся да яго твораў, дзённікаў, асобы самога пісьменніка. Паводле задумы, у сваім рамане Міхаэль Кумпфмюлер імкнуўся ў некаторай ступені абараніць Кафку і Дору Дыямант, развеяць той стэрэатыпны вобраз няшчаснага мастака, які з цягам часу склаўся.

Думаецца, з гэтай надзвычай складанай задачай аўтар справіўся паспяхова. Ён не цалкам змяніў цьмяны вобраз Кафкі, але, так бы мовіць, яго “падправіў” дадаў адценне тонкага, інтымнага стаўлення, паглядзеў на Кафку зусім зблізку. І ў той жа час ён паказаў прыклад іншым аўтарам — не трэба баяцца гучных імёнаў і стэрэатыпаў. 

Магчыма, пераклад рамана на беларускую мову падкажа і нашым пісьменнікам шляхі да “асвятлення” цьмяных фактаў і вобразаў айчыннай гісторыі і літаратуры.

Каментары 1
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі

Замовіць кнігу можна тут:
http://knihi.by/knihi/kumpfmiuler-michael-charastvo-zyccia

0
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце