Рэцэнзія на кнiгу: Original?1394612534
Кавярня-хранатоп

Ігар Бабкоў – філосаф, пісьменнік, паэт і проста добры чалавек напісаў добрую і правільную кнігу пра час пад назвай "Хвiлiнка". Так называлася кавярня-хранатоп, дзе рабілі добрую каву і дзе ніколі не апыналіся выпадковыя людзі. Калі прытрымлівацца класічнага разумення, ёсць толькі дзве сталыя велічыні: час і месца, дакладней, прастора. Бывае, яны супадаюць, і час робіцца прасторай барацьбы і дзеянняў, або, калі гэта правільнае месца, час спыняецца.

 

Кніга складаецца з дзвюх гісторый, трох частак і пяці персанажаў: паэт, герой, прыўкрасная дама, аўтар, Леа. Двое з персанажаў – сам аўтар і дама – носяць статус хутчэй дадатковы, яны так званы пяты элемент, неабходны для завязкі-развязкі сюжэту. Сапраўднай галоўнай фігурай у кожнай з частак твору робіцца час. Пяцёра ўдзельнікаў, нягледзячы на важныя дзеянні траіх з іх, ператвараюцца ў фон, каб праз свае зразумелыя чалавечыя ўласцівасці і ўчынкі перадаць асаблівасці галоўнага героя – часу.

Першая частка пад назвай "Партрэт мастака, нябачны ў сутоннi" пра паэта, якога сустракае аўтар у момант пошуку правільных успамінаў і адказаў, ратуючыся ад "жаху пустэчы" ў той самай "невыпадковай" кавярні. Францішак, паэт ці арнітолаг-аматар, даўно не малады, ён падобны да птушкі – тонкай структурай, унутранай тактоўнасцю і рознымі шалікамі – лёгкім атрыбутам іншасці. Паэт разам з кнігамі і думкамі перамяшчаецца ў прасторы і часе па ўласнай траекторыі – з Усходу да роднай мовы, часам паралельна сапраўднай рэальнасці, часам выходзячы вонкі ў правільным месцы і з невыпадковымі людзьмі.

Паветраны шар, як у знаёмай песні, павінен быў забраць удзельнікаў кнігі і ўсіх нас з шэрага савецкага часу, а ў выніку паляцеў адзін. 

Другая частка пад назвай "Паветраны шар" распавядае пра "простага героя" Багдана, які прайшоў праз асноўныя рубяжы 80-х, 90-х і нулявых, ад беларускага адраджэння да сімвалічнага сыходу ў нябыт. Багдан з'яўляецца разам з паэтам і прыўкраснай дамай Эвай Дамінікай, разам яны ўтвараюць маналітны трохкутнік "паэзія – музыка – барацьба", дзе даме адведзеная роля музыкі ад слова "муза". Паветраны шар, як у знаёмай песні, павінен быў забраць удзельнікаў кнігі і ўсіх нас з шэрага савецкага часу, а ў выніку паляцеў адзін. Спачатку быў скінуты баласт гісторыі ў выглядзе тамоў па тэорыі марксізму-ленінізму, а потым пазбавіліся і саміх герояў, пакінуўшы дзіўныя падарункі пад назвай "радзіма" і "магчымасць барацьбы".

Трэцяя сімвалічна-лаканічная частка пад дваістай назвай "Гексаграма сун: супчык са шпінату" прысвечаная пазагістарычнай выпадковасці і Леа — бармэну з кавярні. На самай справе Леа – гэта вечны вандроўнік і ўдзельнік вялікіх гісторый мінулага і, магчыма, будучыні, хоць па вядомых законах існуе толькі сучаснасць і нашае да яе стаўленне. Ад імя Леа лёгка аддзяляецца літара "а" і дадаецца літара "с", такім чынам яно становіцца сімвалам, то бок "лёсам", сугучным рацэ забыцця Леце. Меню кавярні "Хвiлiнка" ператвараецца ў кнігу пераменаў, дзе на старонцы са шпінатным супчыкам праступае гексграма сун, і, значыць, варта яшчэ раз уважліва паглядзець навокал.

Кнігу, у якой галоўны герой – час, не абавязкова чытаць у звыклым парадку, бо па меры развіцця дзеяння праявяцца пытанні пра чаканае заканчэнне або развязку. Уяўная, на першы погляд, разарванасць тэксту застаецца такой, калі мысліць у звычайных рамках "персанаж – дзеянне – падзея – вынік". Ігар Бабкоў дорыць рэдкую радасць – чытаць кнігу з любога моманту, аднак, для разумення ўсё адно давядзецца прайсці тэкст ад пачатку да канца. Як вынік, кніга пра час дазваляе самастойна абіраць шлях чытання. З тэксту другога ўзроўню, складзенага з цытат, спасылак, філасофскіх тэрмінаў і схаваных намёкаў, можна штораз вярнуцца на першы да паслядоўнай гісторыі. Другім падарункам аўтара робяцца менавіта гэтыя раскіданыя і ад выпадковай сустрэчы нечакана блізкія іншыя аўтары, ідэі і наратывы, пачынаючы ад сляпога аргентынца і заканчваючы платонаўскім баляваннем. Ёсць аднак небяспечнае жаданне расставіць усе фігуры і сэнсы ў выразным парадку, узнавіўшы сярэднявечны тэатр памяці, дзе Арыстоцель мог бы суседнічаць з Гаўтамай, а эпахэ можа знаходзіцца каля дао і такім чынам атрымаць уладу над часам. Але гэта ўсяго толькі ілюзія, у тым ідэальным тэатры існаваў толькі адзін рэжысёр, у тэкста застаецца толькі адзін аўтар. Пры гэтым тэкст, як і ўспаміны галоўных герояў, пластычны і канструюецца кожны раз нанова. Гештальт не закрыты, героі на самай справе вечна жывыя, гісторыя працягваецца, сувязь часоў і падзеяў не можа быць перапыненая.

Сапраўднай кнігу робіць выхад за межы ўласнага пляскатага свету, але першы крок кожны раз павінен быць "менавіта з гэтай рэальнасці". У момант, калі атрымліваецца ахапіць некалькі ўзроўняў разумення, незалежна ад сюжэту або стылістычных асаблівасцяў, тэкст і аўтар атрымліваюць права на месца ў літаратуры і гісторыі.

Першы крок з рэальнасці адбыўся, кава выпітая, меню закрытае, і "калі можна, яшчэ каньяку" з бясконцай бутэлькі вечнага вандроўніка.

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце