Рэцэнзія на кнiгу: Original?1371035120
Кібердог і залатая рыбка

Электронная кніга Яўгена Ліпковіча "Дзевяць" – невялікі зборнік кампактных апавяданняў, дзе, як і мае быць, няма аніякіх зацягнутасцяў, у аснове – цікавы эпізод альбо адметная падзея, героі пазнавальныя, але адмыслова прэзентаваныя. Раскласці зборнік на складнікі не цяжка: тры апавяданні пра Гмурмана, два літаратурныя рымэйкі і асноўная катэгорыя "іншае", да якой належаць яшчэ чатыры тэксты – у выніку, натуральна, атрымоўваецца "Дзевяць". Варта адзначыць, што арыгінальны зборнік напісаны на рускай мове, але перакладзены на беларускую Сяргеем Шупам: з часоў Максіма Багдановіча творы, даволі звычайныя для рускай літаратуры, у нашай літаратурнай сістэме робяцца з'явай значна больш прыкметнай, і проза Яўгена Ліпковіча не стала тут выключэннем.

 

  Адкрывае кнігу гісторыя пра рэпку-гарбузок, выкладзеная адным з удзельнікаў "цягнем-пацягнем" – сабакам Жучком. Іншая оптыка – іншы тэкст. Яшчэ адна літаратурная пераробка – "Герасім & Муму", дзе вядомы сюжэт перанесены ў адносна недалёкую будучыню, эпоху прыгонных робатаў, кібердогаў і адзінокіх людзей. Робат-дворнік відавочна савецкай вытворчасці час ад часу спрабуе ўтапіць састарэлага кібердога Муму, але механічная жывёла штораз вяртаецца да гаспадара. Апавядальнік – уладар неасядзібы назірае за гэтым праз планшэт – зрэшты, адзінокім людзям будучыні не застаецца іншых займальных справаў, акрамя як прыглядацца да падначаленых механізмаў і здзіўляцца адметнасцям іхніх паводзінаў. Прыкладна да гэтай жа эпохі адносіцца дзеянне "Вясёлкі", дзе аўтар прыводзіць эпізод з квазідзяцінства хлопчыка-кібарга Мішы. 

У абодвух творах, прысвечаных будучыні, Яўген Ліпковіч не імкнецца шматбакова абмаляваць футуралагічныя праблемы – ён проста спрабуе адчуць, уявіць новую атмасферу і светаадчуванне, спрабуе адгадаць, з якой нагоды нашым наступнікам часам зробіцца крыху сумна. Да таго ж, аўтар нібы нагадвае, як шмат рэчаў – звыклых, будзёных, але нечым прыемных – людзі непазбежна страчваюць з цягам часу, і як шмат іх ужо незваротна засталося нават ва ўласным маленстве.

Галоўны герой апавяданняў пра Гмурмана – мудры, глыбакадумны, даволі арыгінальны стары, загадчык невялікага ламбарду. Па роду дзейнасці Гмурман звыкнуўся мець справу з рэчамі крыху незвычайнымі – кшталту чароўнага сейфа, залатой рыбкі, якая здзяйсняе жаданні, альбо карціны на люстэрку, што дэманструе трагічныя падзеі, звязаныя з лёсам пэўнай сям'і

Мастацкі свет зборніка нагадвае то "Віно з дзьмухаўцоў", то навелы Эдгара Алана По.

Тыпажы накшталт Гмурмана, лейтэнанта Жыгалкі ці дробных злачынцаў відавочна не новыя для літаратуры, Ліпковіч проста паспрабаваў ажывіць цікавых для сябе герояў, якім можна надаць адмысловыя індывідуальныя рысы і "агучыць" на ўласны густ. Наогул мастацкі свет зборніка нагадвае то "Віно з дзьмухаўцоў", то навелы Эдгара Алана По. Кожнаму чытачу хочацца дадаць некалькі ўласных штрыхоў да свету, створанаму таленавітым пісьменнікам, і па магчымасці падолей затрымацца там – дык чаму б не паспрабаваць пісаць у рэчышчы ўлюбёных аўтараў, чаму б не ўзнавіць атмасферу добрых старых кніг? 

Апавяданні з "Дзевяці" вельмі розныя паводле настрою: адны старонкі выклікаюць лёгкі жах, іншыя – добрую ўсмешку, штосьці прымушае задумацца альбо ўздыхнуць. Асобныя пасажы з кнігі нагадваюць трылер, гумарэску, альбо дэтэктыў, да таго ж кожны твор распавядае пра рэчы ці здарэнні, немагчымыя ў нармальнай рэальнасці. У выніку атрымліваюцца і казкі, і чыстая фантастыка, і "Постмадэрновая прыпавесць" – прыклад сучаснага вольнага абыходжання з каардынатамі прасторы і часу. Забойствы і смешныя недарэчнасці, мары і смерць, кранальная непасрэднасць дзяцінства і згадкі пра яўрэйскія гетаЛіпковіч піша пра вельмі розныя рэчы, але заўсёды адным стылем, у адной танальнасці. З гэтай прычыны зборнік успрымаецца як цэласная кніга, каркасам якой фактычна з'яўляюцца апавяданні пра Гмурмана.     

Творчасць большасці празаікаў мае выразныя адметнасці: адны аўтары маюць схільнасць да выяўлення сацыяльных праблем, іншыя звяртаюцца да літаратуры дзеля сцвярджэння пэўных ідэй, камусьці цікава найперш спрабаваць розныя мастацкія прыёмы, у некаторых апавяданні перацякаюць у філасофскія эсэ… Я. Ліпковіч шчасліва пазбягае розных крайнасцяў, ён піша "класічную", ураўнаважаную прозу, піша цікава і лёгка, але добра ўсведамляе, што па ўзроўні мастацкай вобразнасці проза зусім не павінна набліжацца да паэзіі, і празмерная метафарычнасць можа пайсці зусім не на карысць апавяданню.

Кніга пакідае пазітыўнае ўражанне: пісьменнік ізноў нагадвае, што жыццё – гэта цуд, і смерць – гэта цуд, і дзівосы могуць быць вельмі блізка, толькі трэба ўмець іх заўважыць.

Вядомая прыкмета ўдалага твора – гэта расплывістая фармулёўка "пісьменнік сказаў больш, чым збіраўся напісаць". Зборнік "Дзевяць" можна ахарактарызаваць менавіта гэтымі словамі: аўтар не баіцца, што чытач "не ўсё правільна зразумее", і таму не паведамляе ў лоб галоўную ідэю твора, пазбягае чорна-белага адлюстравання свету і "дубовых" антытэз. Ён умее пісаць сапраўды па-мастацку, таму ягоныя лепшыя апавяданні ("Пабочны эфект", "Герасім & Муму") зусім не хочацца аналізаваць з мэтай вычлянення закранутых праблем і прыхаваных супрацьпастаўленняў – здаецца, гэта толькі парушыць дзівосную цэласнасць твораў.

Сумнеўныя перспектывы чалавецтва, непрадказальнасць лёсу, небяспека зброі, якая трапіць у рукі мізэрнасці, – пра ўсё гэта, вядома, ужо пісалі, але сакрэт літаратуры ў тым, што кожны таленавіты пісьменнік шукае ўнікальную мастацкую стратэгію, якая вядзе да новых адкрыццяў… Так, Яўген Ліпковіч нібыта сцвярджае, што дзяцінства гэта не меншы цуд, чым чароўная залатая рыбка, а тое, што хаваецца ў лёхах чалавечай памяці, можа быць страшнейшым за злачынства. Увогуле кніга пакідае пазітыўнае ўражанне: пісьменнік ізноў нагадвае, што жыццё – гэта цуд, і смерць – гэта цуд, і дзівосы могуць быць вельмі блізка, толькі трэба ўмець іх заўважыць. А калі ёсць што заўважыць, значыць ёсць пра што яшчэ напісаць! 

 

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце