Рэцэнзія на кнiгу: Original?1401882137
Краіна недарослых

Даволі часта даводзіцца адказваць на пытанне – ці лічу беларускай літаратуру, створаную на рускай мове? 

Шчыра кажучы, не. І перакананне гэта трымаецца на даўнім веданні класічнай філасофскай фармуліроўкі пра тое, што мова ёсць практычнай, дзейснай свядомасцю. Досыць скептычна адношуся да заяў рускамоўных пісьменнікаў (у першую чаргу, пісьменніц), пра тое, што беларускасць – паняцце геаграфічнае.

 

Ды і практыка сведчыць – большасць тэкстаў, створаных тут па-руску, не адлюстроўвае ані асаблівасці нашага нацыянальнага менталітэту, ані гістарычныя падзеі, звязаныя з нашай гісторыяй, ані саму моўную сітуацыю, дзе дзве мовы існуюць паралельна. Больш за тое, часам ствараецца ўражанне, што сённяшнія рускамоўныя аўтары Беларусі свядома пазбягаюць нашых рэалій – з разліку на замежнага, зазвычай расейскага,  чытача і выдаўца. Прынамсі, згадаць рускамоўны твор, дзе б у тэксце з’явіліся героі, якія гавораць беларускай мовай, ці наогул падымаецца моўная праблема,  даволі складана.

Таму нечаканым адкрыццём стала для мяне кніга Канстанціна Чарухіна “Шчэжар”. Гэты зборнік апавяданняў створаны на рускай мове, але кожная  старонка ягоных тэкстаў набрыняла чыста беларускімі праблемамі і рэаліямі. І адным з загалоўных пытанняў, якія падымаюцца ў кнізе, стала пытанне пра ролю і месца беларускай мовы. Цікава, што пазіцыя Чарухіна гнуткая, незакасцянелая ў адным меркаванні, адносна мовы ў яго пакуль больш пытанняў, чым адказаў. 

Так, у апавяданні “Шчэжар” герой у спрэчцы лаканічна канстатуе: “Тая мова і сама адсохла”. Маючы на ўвазе беларускую. І – быццам бы ў дысананс – у апавяданні “Змест”: “Калі звернешся да незнаёмца ці афіцыйнай асобы на мове нацыянальнай, чакай варожасці, бо людзі, што жывуць тут бессвядомым жыццём, любое прамоўленае беларускае слова ўспрыймаюць як дэманстратыўную маніфестацыю ў грамадскім месцы.

Відавочна, што другая цытата супярэчыць першай, бо мёртвае, адсохлае не баліць і не выклікае рэакцыі. Ды і сам Чарухін неаднойчы прызнаецца ў сваёй зачараванасці беларускай – і напрамкі, праз аўтарскае выказванне. І праз шматлікія імплантаваныя ў рускамоўны тэкст словы, што выглядае даволі арганічна, нягледзячы на падкрэсленую “кніжнасць” яго рускай мовы. І праз трасянку сваіх герояў, якая, як ні дзіўна, не раздражняе, бо ўжыта з пачуццём меры і густу. Больш за тое, калі трасянка ў кнізе не раздражняе – як ні парадаксальна гэта гучыць, то вось спарадычныя выпадкі ўжывання чыстай, можна сказаць, дысцыліраванай беларускай мовы – выклікаюць непаразуменне.   

Мажліва, справа ў тым, што вобразы тых нешматлікіх носьбітаў роднай мовы (адпаведна, і носьбітаў “ідэй”) створаны так схематычна, з такой адлегласці, што міжвольна ламаеш галаву – гэта аўтар свядома стварае карыкатуру ці проста сапраўды не мае знаёмцаў, з якімі б можна было падтрымліваць жывую гутарку? Тыя нешматлікія беларускамоўныя сказы, якія час ад часу выдаюць чарухінскія ганусі, гедэміны і вітаўты, настолькі пачварныя, што дадуць фору гугл-перакладчыку. Але ўражвае не столькі голая схема беларускамоўных выказванняў, якімі перакідваюцца гэтыя героі,  колькі аголеная зададзенасць іх саміх. Яны, таго і чакай, зараз лопнуць ад усведамлення свайго месіянства! Не, магчыма, у гадах 90-х мінулага стагоддзя, гэтае ўсведамленне сябе “воінамі святла” і было характэрнае для нейкай часткі тых, хто прыйшоў да роднай мовы на хвалі перабудовы, але, прызнаюся, даўно ўжо не даводзілася іх бачыць…

Гэтае адчуванне чужаніцы сярод свайго, роднага стварае галоўную інтрыгу кнігі.

Сярод артэфактаў беларушчыны ў апавяданні “Змест” ёсць кніга цалкам выдуманая  аўтарам – “Гаспода за нябачным плотам” Андруся Цямці, якая, па задуме Чарухіна, становіцца не толькі адным са складнікаў вобраза беларускай культуры, але, пэўным чынам,  адлюстроўвае і аўтарскае судачынненне з нацыянальным. Ён як быццам бы і бачыць гэтае нацыянальнае ў дэталях і падрабязнасцях, але не можа з ім зліцца, знітавацца, успрыймае як відавочнае, але чужое. І гэтае адчуванне чужаніцы сярод свайго, роднага стварае галоўную інтрыгу кнігі, выступаючы скразным самастойным сюжэтам знешне не звязаных між сабой апавяданняў.  

Трэба прызнаць, што дыстанцыянаванасць аўтара ад свету, дзе ён жыве, выяўляецца не толькі ў моўным пытанні (тут-та якраз рускамоўны Чарухін у лагеры большасці, хоць яго руская прынцыпова розніца ад рускай нашых пісьменніц- белетрыстак, чыя збедненая лексіка наогул ставіць пад сумнеў іх прыналежнасць да прыгожага пісьменства). Чарухін – з яго відавочнай эрудзіраванасцю і высокімі эстэтычнымі ідэаламі – наогул выглядае засланцам  з паралельнага свету.

 Там усё быццам бы, як у нас, але з трохі іншымі прапорцыямі. З аднаго боку, ты беспамылкова пазнаеш намаляваныя Чарухіным беларускія гарадкі і іх вуліцы, родныя краявіды і нават дарогі (хто б мог падумаць, што можна апісаць беларускую дарогу пазнавальна?!)… З другога, цябе не адпускае пачуццё, што аўтар, як яго героі з апавядання “Фон”, адчувае сябе пасажырам у залі чакання. Здаецца, што ён сядзіць і чакае той шчаслівай выпадковасці, якая згладзіць, знівеліруе тую прапарцыянальную неадпаведнасць паміж ім і светам. Нездарма ў гэтым апавяданні ўзнікае слова “рост”, за якім стаіць нейкая хранічная нятоеснасць герояў і сітуацый.  

 У кнізе мы сустракаем цэлы шэраг вобразаў  “падрэзаных” людзей – дзяцей (“На звалку і назад),“Краіна дзяцей”), інвалідаў ( “Марынка вучыцца танцаваць”), людзей падкарнаных алкаголем (“Палёт Чмыря”, “Князь валашскі і каменная баба”) і падточаных працай ( “Шчэжар”, “Як была занятая авечка”). З аднаго боку, героі Чарухіна неяк прынцыпова інфантыльныя, абяззброеныя, “з паходкай, хлопчыка, які загуляўся”. З другога боку – менавіта гэты пісьменнік як ніхто іншы часта згадвае такія прыкметы даросласці, як праца і хвароба.

 “Праца і хвароба – так!” – здавалася б, лішні, малавытлумачальны сказ сярод апавядальнай тканіны “Краіны дзяцей”… Але, быццам бы старонні гэты сказ – ёсць тою сувораю крываваю ніткай, што з’ядноўвае ўсе творы кнігі. Калі на пачатку кнігі  табе здаецца, што аўтар – летуценнік, якому хапае часу назіраць праз павелічальнае шкло за ўсім, што робіцца вакол яго і з ім, то ў канцы ты адчуваеш хутчэй шчырую павагу чалавеку, які змагаецца за сваё месца пад сонцам.

Ён ведае кошт калі не ўсяму, то многаму. Кошт фізічнаму руху і душэўнай блізкасці, апошнім дням лета і сяброўства. І, безумоўна, ён ведае кошт мастацкага слова. “Кангеніяльнае прыгатаванне слоў”… Гэты выраз, сустрэты ў Чарухіна, безумоўна, цалкам адносіцца і да яго творчай манеры. Апавяданні яго настоены на дакладных, за жыццё выпеставаных, метафарах і ўдакладнены свежымі аўтарскімі неалагізмамі. Яны не столькі чытаюцца, колькі дэгустуюцца маленькімі глыткамі.  Кнігу “Шчэжар” немагчыма спажыць хутка, яна якраз для нетаропкага ўважлівага чытання і перачытвання. У прынцыпе, як і ўсе якасныя мастацкія тэксты.

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце