Куды прыводзіць Вераб'іная рака?

Кожнае слова і кожная з'ява тояць у сабе кілаграмы невядомага ментальнага матэрыялу. Таццяна Заміроўская ўмее пацягнуць за нейкую правільную нітку і павольна даставаць яго, прычыняючы нам то радасць, то боль. Першая яе кніга так і называлася «Жыццё без шуму і болю». Другі зборнік апавяданняў– "Вераб'іная рака" – поўны куфэрак новых здзіўленняў і адкрыццяў.

 

Вокладка кнігі — такая прыгожая, закалыхвальная — здаецца, не мае ніякага дачынення да апавяданняў, якія цнатліва хавае. У дадзеным выпадку гэта хутчэй плюс: непадрыхтаваны чытач, нібы снатворным, спатоліць пяшчотнай жаноцкай птушынай трэллю сваю тугу. І апавяданні не пададуцца такімі ўжо дзіўнымі.

Каб зразумець Таню, трэба выйсці на ганак восеньскім вечарам, зняць кофту і шкарпэткі. І тады тваё жыццё стане багацейшым і цікавейшым, у яго быццам дадасца яшчэ адно вымярэнне, будова якога нам добра вядомая – з нашых сноў. Здараецца, што табе не хапае словаў або спакою, і цалкам верагодна, тваімі скарыстаўся нехта іншы. У цябе дзве нагі, дзве рукі, адна галава .... Але ўсё астатняе ... чужыя пачуцці, чужыя галасы, чужая кватэра і чужое жыццё. Выходзіш са свету, як з кватэры, і разумееш, што вярнуцца ўжо няма куды. Ці то свет змяніўся, ці то жыццё больш не тваё. Прачынаешся і разумееш, што заснуў з «Вераб'інай ракой» у руках.

Таніны апавяданні, як музыка без словаў ці музыка на чужой мове. Калі чытаеш паўторна, успрымаеш як нешта новае.

У апавяданнях Заміроўскай ёсць асаблівае веданне – скрозь прызму іх крэатыўнасці мы можам спасцігнуць нелагічнасць нашага яўнага свету, ці хаця б адчуць, што ў нас ёсць на гэта надзея.

Сюррэалізм таго, што адбываецца ў Таццяніных сусветах, не замінае нам пазнаваць ў героях сябе, сваіх сяброў і наогул людзей са звыклага нам трохмернага свету. Ніна Дура, у якой скралі голас на выбарах – гэта ўвогуле ўсё больш кожны з нас, абдураны.

Камусьці апавяданні Таццяны пададуцца гульнёй, выдумкай. Для мяне яны больш чым рэальныя. Літаратурны эксперымент, лінгвістычнае хуліганства, гульні з персанажамі і прасторамі – гэта спроба быць шчырай нават у самых таемных разважаннях. Свет неспасцігальны з сур'ёзным тварам. Часам, заблытаўшы чытача нелагічнымі, абсурднымі, але вельмі шчырымі малюнкамі, аўтару ўдаецца пагрузіць нас у грымучы раствор сваіх перажыванняў.

Часам свае няпростыя адкрыцці перадаць зусім няма каму – занадта ўжо гэта жахлівае, асабістае, і нават ва ўласным дзённіку яно запісваецца толькі ў алегарычнай, зашыфраванай форме. У скрыначцы апавяданняў Таццяны Заміроўскай ёсць таемнае пасланне: для кожнага яно сваё, і калі твой ключ падыйдзе, то адчыніцца яно і зусім без ключа. Ключом у гэтых сусветах, падобна, увогуле нічога не адчыняецца.

Галоўны герой Таццяніных апавяданняў звычайна няцвёрда стаіць на нагах, лунае ў нейкім космасе, быццам іншаземец, іншапланетнік. Вакол яго ўсё чужое. Ён ці яна нярэдка знаходзяцца ў разгубленасці. Разгубленым звярком з-пад грыўкі на нас глядзіць замкнёная дзяўчына, якая дрэнна пачуваецца ў навакольнай рэчаіснасці, не ўмее варыць боршч і вялікую частку часу ні з кім не кантактуе, замыкаецца на балконе, слухае музыку, паліць і чытае. У іншым апавяданні яна прымярае на сябе жыццё шматдзетнай маці, пачуваючыся не ў сваёй талерцы, штодня збягаючы. Такі персанаж мне знаёмы, ён прыходзіць і пасяляецца ў нас, калі жыццё перапаўняецца абсурдам, калі ўсё быццам добра і ўсе жывыя, але няясна адкуль накідваецца невымоўная туга, і адчуваеш сябе іншапланетнікам сярод маркотнай даросласці, пошласці дабрабыту і іншай кухоннай машынерыі. Тут у кнізе гэтая туга персаналізаваная, на яе можна паглядзець, нават пагаварыць з ёю, задаць пару пытанняў.

Часам героі задаюць гэтыя пытанні моўчкі або жэстамі, толькі такім нелінейным чынам умудраючыся растлумачыць адно адному даволі складаныя рэчы. Гэтыя складаныя рэчы, калі прыгледзецца, у выніку аказваюцца базавымі філасофскімі пытаннямі, замаскіраванымі пад простую жыццёвую безгалосую балбатню.

У апавяданнях Таццяны разыгрываюцца не абы-якія драмы. І высновы з гэтых гісторыяў героі робяць вельмі лагічныя: «Ніколі не правярай, калі нешта падазраеш, ніколі нічога не адчыняй, нічога не сякі, нічога не чапай, а калі пасёк – ніколі не сыходзь».

Вытанчаныя канцоўкі, з якіх аўтар спрытна вынырвае, нібы з цёплага крымскага мора – гэта тунэль паміж сусветамі, які лёгкімі шыўкамі сшывае розныя плоскасці апавядання. Іншыя канцоўкі – прыпавесць і мараль. Па Таццяніных апавяданнях з поспехам можна варажыць.

Мне вельмі складана пазначыць літаратурны кантэкст для апавяданняў Тані. Яны настолькі ж казачныя, наколькі рэальныя. Гэта дакументалістыка скрозь прызму яркага і жывога мастацкага ўспрымання. У жывапісе нагадвае карціны Фрыды Кало і акварэлі Аруша Воцмуша. У кінематографе – фільмы Дэвіда Лінча. У музыцы ... хм (сама Таня кажа, што яе проза – гэта Дэвід Ланг і Стыў Райх), але тут у кожнага могуць быць свае асацыяцыі. Цалкам дакладна адно – Таніны апавяданні, як музыка без словаў ці музыка на чужой мове. Калі чытаеш паўторна, успрымаеш як нешта новае. Так што гэта вельмі выгадная пакупка – адразу некалькі кніг у адной, пры кожным наступным чытанні вы быццам бачыце апавяданні ўпершыню.

Нават калі вам складана зразумець Таццяну Заміроўскую, расслабцеся, гэта нармальна. Мне здаецца, яна і сама будзе здзіўляцца, чытаючы гэтую кнігу.

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце