Ліст да Лявона Юрэвіча

Добры дзень, пане Лявон!

Нарэшце прачытаў Вашую кнігу і маю колькі думак, што ўзніклі пры чытанні.

 

У Вас вельмі класна ўсё атрымалася, многа свежай фактуры, няхай яна і раскіданая па лістах у даволі хаатычным выглядзе (але ў эпісталярыі па-іншаму, відаць, немагчыма?). Вось гэтую фактуру экскплікаваць і згрупаваць трэба. З пункту гледжання тэарэтыка-метадалагічнага то ў мяне пытанні, канечне, ёсць. Але ў той жа час эпісталярная тэма ў навуковай тэорыі (балазе – беларускай) дагэтуль вельмі слаба аналізуецца, толькі хіба ў рэцэптыўнай эстэтыцы (якая, зрэшты, сёння ў Беларусі таксама выглядае нечым экзатычным (буржуазным?)). А вось Вы даеце пласт літаратурных фактаў, якія пасля, магчыма, кімсьці будуць пераасэнсоўвацца ў рэчышчы рэцэптыўнай эстэтыкі, у нейкіх абагульняльных працах. Таму, я лічу, кніга безумоўна вартая.

Адразу прабачаюся, будуць пісаць як умею. А наконт ацэначных суджэнняў, тут ужо богведама як атрымаецца, ці надта для аўтара прыемна, ці не вельмі... Не хвалю, не ганю, пішу, што ў галаву стукне, “рамантую прымус” )). Папросту ў нас тут пануе кісялёўска-скалабанаўская школа, калі прапаноўваецца фактура, з апісаннем пытанняў гісторыі тэксту, усялякімі падрабязнымі тэксталагічнымі штукамі (“закрэслена чырвоным атрамантам, надпісана алоўкам над радком”) і рэальнымі каментарыямі. А ў Вас крыху іншы падыход, сінтэтычны. Вы імкнецеся яшчэ разабрацца ў пытаннях асабістага характару, матывах. Гэта хутчэй для культурна-гістарычнай школы 19 стагоддзя характэрна. Карацей, каб зразумець усё як мае быць, трэба яшчэ ў дадатак персанальна пра Вас манаграфію напісаць і дысертацыю абараніць: усе кнігі Вашыя аналізаваць, выбудоўваць іерархіі, прыводзіць у “шчыльныя рады”, маляваць схемы etc.

Штука ў тым, што беларуская літаратурная навука не прайшла фазу культурна-гістарычнай школы. Эмпірычны матэрыял, які мусіць быць падставовым для стварэння гісторыі літаратуры ХХ стагоддзя, не ўводзіўся ва ўжытак на працягу ўсяго гэтага самага стагоддзя. Усе ўспаміны дагэтуль не апублікаваныя ў бесцэнзурным арыгінальным выглядзе, з навуковым апаратам. Ні чорта не вывучаецца. Тут сур’ёзныя рэчы. Ніякіх кепікаў.

Для мяне, канечне, галоўная вартасць кнігі ў тым, што выбітныя эмігранты ў асноўнай масе ― былыя ўдзельнікі культурнага руху 1920-х, і пра гады сваёй маладосці актыўна ўспамінаюць у лістах, з вельмі каштоўнымі падрабязнасцямі. Зрэшты, рэтраспекцыя, відаць, была галоўным іх метадам.

Спачатку падумаў, што ўсе гэтыя артыкулы ўжо бачыў і чытаў у “Запісах БІНІМ”, аднак не. Папросту імёны, як кажуць, на слыху, а тэксты былі апублікаваныя не толькі там, але і ў АРХЭ. Праўда, не магу даўмецца, ці аб’яўляўся раней у друку артыкул (ці кніга, як тут сказаць – бо 230 старонак жа займае?) пра Кастуся Акулу і ягоныя эпісталярныя “рэляцыі”. Можа, адкажаеце мне на гэтае пытанне?

Тэксты збольшага ўсе паводле структуры аднолькавыя. Зрэшты, Ваш чытач ужо напэўна ведае, як будзе выглядаць артыкул, бо Вы яго да гэтага рыхтуеце не першы год. На пачатку – прадмоўе, загружанае спасылкамі, заўвагамі, гістарычнымі экскурсамі, часам настолькі адхіленымі “ў бок”, што ледзь паспяваеш выраўнаць амплітуду, калі аўтар нарэшце вяртаецца да асноўнага прадмету гаворкі. Пасля прадмовы – самыя дакументы, з каментарамі, заўвагамі, тымі ж экскурсамі ў спецыяльныя тэмы. Цікава глядзяцца ў каментарах заместа ўласных суб’ектыўных тэзаў – новыя дакументы, якія перагукаюцца з асноўнымі тэкстамі публікацыі. Яно і лагічна: матэрыялу ў Вас там, у “Вялікім яблыку” – проста мора (неапублікаванага, неапублікаванага! і цяжкадаступнага для нас, “папіццотнікаў”), і грэх было б ім не карыстацца.

Для мяне, канечне, галоўная вартасць кнігі ў тым, што выбітныя эмігранты ў асноўнай масе ― былыя ўдзельнікі культурнага руху 1920-х, і пра гады сваёй маладосці актыўна ўспамінаюць у лістах, з вельмі каштоўнымі падрабязнасцямі. Зрэшты, рэтраспекцыя, відаць, была галоўным іх метадам. Нават сучаснасць праціналася для іх рэтраспекцыяй: той жа Юрка Віцьбіч, ствараючы літааб’яднанне “Шыпшына”, па сутнасці капіраваў устаноўкі “Узвышша”, хоць і па-свойму іх інтэрпрэтуючы. Вось гэтае адчайнае чаплянне за тое, што засталося ў мінулым, якраз шмат каго з іх і характарызуе. А можа, толькі Віцьбіча і Адамовіча? Бо яны сапраўды выглядалі, як тыя мухі ў бурштыне ― горда застылыя фрагменты мінулага, адзіныя па ім спецыялісты, ісціны ў апошняй інстанцыі. Зрэшты, гэта не толькі да літаратуры адносіцца. Усе выбрыкі і скажэнні савецкай гістарыяграфіі эмігранты ўспрымалі ў штыкі і альбо публічна абмяркоўвалі ў якой газеце “Бацькаўшчына” альбо, непублічна, у лістах. З прычыны “цяжкой спадчыны” савецкай эпохі меркаванням іхнім хочацца давяраць на ўсе 100%, хаця часам гэтага якраз і не варта рабіць. Тады даводзіцца разбірацца, дзе і каму можна верыць, а гэта, зноў жа, можна адсачыць па тых асаблівасцях стваральнікаў эпісталы ― бо дзе, як не ў лісце, праяўляецца ўвесь суб’ектыўны партрэт скрыптара?

Можа, недзе гэтая суб’ектыўнасць цікавейшая за самую багатую фактуру. Хто ж не любіць падглядваць, зазіраць праз плячо, альбо ў шчыліну замка? Бог ведае, можа, і варта было сякія-такія шчыліны замазаць растворам, але, зноў жа, ува мне гаворыць суб’ектыўнае: “хозяин ― барин”, што палічылі ў кнігу патрэбным уключыць, тое і ўключылі, без ніякіх скаротаў.

Прыкольна было пабачыць сярод каментатараў акулаўскага архіва і Антона Рудака, які, па адчуванні, усіх жаўнераў 30-й грэнадзёрскай дывізіі СС ведаў у твар. Што да паказальніка ўсіх імёнаў і біяграфічнага даведніка агульным аб’ёмам ці не на 80 старонак (пякельная праца!), то я не ведаю, Наталлі Гардзіенцы трэба было б помнік пры жыцці паставіць за гэта з дзвюма медалямі імя Францішка Багушэвіча ў прыдачу.

Карацей, кніжка добрая і працы туды ўкладзена да халеры. Не ведаю, як там чытачы, ці зноў пакладуць болт на эта дзела, а можа, і раскупяць ― хрэн іх разбярэш, што ім трэба.

З тым развітваюся і жадаю Вам усяго найлепшага,

Ціхан Чарнякевіч

P.S. Крыху пазней яшчэ пра “Жанры” напішу. 

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце