Рэцэнзія на кнiгу: Original?1366716424
Лыжкі няма. Белкульту таксама

Першы тэкст пра культуру нулявых, які распачынае гэтую кнігу, я асабіста прачытаў гадоў пяць, ці, можа, нават шэсць таму. Дакладна не памятаю, ды гэта і не істотна. Перачытаць зноўку аналіз культурнай сітуацыі нулявых, параўнаць з тым, што змянілася за гэты час, і ўбачыць белкульт у разрэзе паміж Вудстокам і Дажынкамі – гэта кайф. Хаця, можа быць, гэта вычварэнста? Але ў сітуацыі, калі культурныя артэфакты нараджаюцца з хуткасцю слімака, а ўвесь творчы шлях, ну сапраўды творчы, укладаецца ў пару гадоў ці пару альбомаў, адзінае, што застаецца – кайфаваць ад добрага культурнага аналізу. І рабіць сваю культуру. Уласна, пра гэта і кніга.  

 

Для каго гэта ўсё? Вядома, гэта не падручнік па партызанскім арт-супраціве ці пакрокавая інструкцыя для будучых зорак беларускага мэйнстрыму. Перадусім, я перакананы, гэтую кнігу варта чытаць і перачытваць тым, хто лічыць, што пасля сыходу Макса Жбанкова з Naviny.by, калонкі там канчаткова скурвіліся. Ну, праўда, аўтар заставаўся там апошнім джыдаем ад белкульту, які штотыдзень радаваў нас чымсьці актуальным і новым. Цяпер гэтага няма, але ў якасці выратавальнай пігулкі ёсць гэтая кніга. І тут нават не трэба рабіць выбар: сіняя ці чырвоная. Нікому не трэба расказваць, чаму ў белкульту няма стайлу, кожны мусіць зразумець гэта сам. 

Беларусы чакаюць на нацыянальны бэстсэлер і трылер. Чакаюць на вяртанне "Ляпісаў" на беларускія сцэны. Гэтая кніга не дапаможа паскорыць час і ўрэшце дачакацца, яна дапаможа змяніць оптыку.

Чаму варта чытаць? Прыкладна ў той самы час, калі я ўпершыню прачытаў уводны артыкул да гэтай кнігі, мае сябры распавядалі мне чарговы наркатычны сон, у якім яны бачылі канцэрт Рамштайн у Сілічах. Гэта быў трэш. Падсумоўваючы, яны сказалі: блін, напэўна, калі мы дачакаемся Рамштайн у Беларусі, то ў гэтай краіне нешта зменіцца. Рамштайн мы дачакаліся, а вось культурная сітуацыя засталася такой, якой была і 10 гадоў таму. Чаканне і яго трансфармацыя ў чаканнне вяртання. Беларусы чакаюць на нацыянальны бэстсэлер і трылер. Чакаюць на вяртанне "Ляпісаў" на беларускія сцэны.  Гэта кніга не дапаможа паскорыць час і ўрэшце дачакацца, яна дапаможа змяніць оптыку. Бо часам накатвае такое: пераглядаеш кліп Placebo і думаеш – усё правільна. Молка такі жывы і юны. А да Беларусі ён ужо даехаў нейкі сыграны, шкляны, адпрацаваная завадная лялька. Усё ж мы людзі другога сорту.

Але справа, безумоўна, не ў сортах і нават не ў асаблівым шляху краіны, якая перамагла стабільнасць. Гэта скрэтч уласнай хвалі. Ці ты ўвесь час настройваешся на Маскву, ці Варшаву, ці там Нью-Ёрк, ці пішаш аўтарскую коду. Без стылю, без прывязкі да камерцыйнага поспеху, але з дакладным адчуваннем таго, што тыя, хто тут, яны мацнейшыя за тых, хто там. Бо яны ўрэшце гатовыя да таго, каб зразумець – “Супернік ўнутры нас — і гэта не наш асабісты прафан, а закрытасць нашай свядомасці”. Вось і ўсё. Аўтар вымае ключы з дзвярэй ад белкульту. А адчыняць іх ці не, гэта ўжо ваш выбар. 

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце