Рэцэнзія на кнiгу: Original?1389279339
Маналогі ідэйных людзей

"Час сэканд-хэнд" — гэта кніга, якая вучыць правяраць памкненні і мары на адпаведнасць здароваму сэнсу, знаходзіць абгрунтаванне розным жыццёвым пазіцыям, выяўляць парадаксальную ўсемагутнасць дзяржаўнай ідэалогіі. Адначасова гэта кніга ставіць у тупік і пакідае сам-насам з узрушаным запытам "Як?". Як маглі савецкія партызаны забіваць, нібы сабак, беспрытульных габрэяў? Як маглі нядаўнія вясковыя хлопцы штодня расстрэльваць сотні суграмадзян і абціраць аб валасы рукі, залітыя чужой крывёй? Многія вусцішныя гісторыі, запісаныя Святланай Алексіевіч са словаў суразмоўцаў, назаўсёды застануцца ў памяці чытача, якому давядзецца спазнаць траўматычны вопыт некалькіх пакаленняў — ад удзельніка грамадзянскай вайны да беларускай дзяўчыны, затрыманай падчас Плошчы–2010.

 

Уражанне ад трагічных расповедаў можна было б зменшыць праз аздабленне кнігі кароткімі каментарамі ад псіхолага ці сацыёлага — бо па сабраных тут успамінах можна напісаць нямала цікавых даследаванняў. Аднак Святлана Алексіевіч ніколі не мела на мэце даць аб'ектыўнае, паслядоўнае тлумачэнне жудасці і гвалту, з якімі сутыкнуўся чалавек ХХ стагоддзя. Яе кнігі прадстаўляюць светаўспрыманне розных людзей, іх суб'ектыўную, часта палярную ацэнку падзей, і вядома, іх перажыванне складаных, крызісных сітуацый. Большасць герояў "Часу сэканд-хэнд" распавядаюць пра страту веры ў ідэалы свайго пакалення, страту блізкіх людзей — бацькоў, дзяцей, сужэнцаў, каханых.  "Мяне заўсёды прываблівае вось гэтая маленькая прастора — чалавек... адзін чалавек. На самай справе там усё і адбываецца".

Калі б Дастаеўскі раптам апынуўся ў нашым часе, то, магчыма, таксама ўзяўся б за дыктафон.

Для кніг Святланы Алексіевіч не цяжка знайсці літаратурныя паралелі. Шматгалоссе, паліфанія — вядома, гэта адразу нагадвае пра творчасць Фёдара Дастаеўскага і яго даследчыка Міхаіла Бахціна. Не сугучны "хор" супярэчлівых рэплік, асобныя эмацыйныя маналогі, у якіх часта гучыць абурэнне і крыўда... Часам роздумы герояў набліжаюцца да плыні свядомасці, і чалавек спыняецца ў нерашучасці, няздольны прызнаць нелагічнасць сваіх меркаванняў. "Я шукала тых, хто намёртва прырос да ідэі, пусціў яе ў сябе так, што не ададраць," — тлумачыць аўтарка ў прадмове. Вядома, устаноўка на рознабаковае выяўленне жыцця ўласцівая многім пісьменнікам, а калі б Дастаеўскі раптам апынуўся ў нашым часе, то, магчыма, таксама ўзяўся б за дыктафон...

Адпаведна даўняй літаратурнай традыцыі Святлана Алексіевіч раскрывае ўзаемаабумоўленасць асабістага і грамадскага. Два сэнсавыя цэнтры кнігі — Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года і Жнівеньскі путч 1991 года. Фактычна ў "Часе сэканд-хэнд" падкрэсліваецца здольнасць расійскіх людзей узняцца супраць, але няўменне ўвасобіць у жыццё чарговыя ўяўленні пра ідэальнае грамадства. Самым натуральным падсумаваннем паўстаюць роздумы мінскага таксіста, які бясплатна падвозіць вызваленую "дзекабрыстку": "Я ў дзевяноста першым вучыўся ў Маскве і таксама бегаў на дэманстрацыі. Нас было больш за вас. Мы перамаглі. Марылі, што кожны адкрые фірму і будзе багатым. І — што? Пры камуністах я працаваў інжынерам, а цяпер баранку кручу. Адных сволачаў прагналі, іншыя прыйшлі. Чорныя, шэрыя, памаранчавыя — усе яны аднолькавыя. У нас улада кожнага чалавека псуе".

Суразмоўцы Святланы Алексіевіч — гэта людзі з трагічным лёсам, людзі расчараваныя, абураныя, усхваляваныя. Тыя ж лічаныя выключэнні, жыццё якіх склалася няблага, таксама згадваюць мінулае з надрывам: паспяховыя бізнесоўцы нібыта адчуваюць на сабе ўсеагульную нядобразычлівасць, а людзі, адданыя пэўным ідэалам, пакутуюць на адзіноту і не знаходзяць паразумення з іншымі. Спакойны, ураўнаважаны чалавек з нармальным жыццём — не лепшы герой як для літаратурнага твора, так і для дакументальна-мастацкай кнігі.

Вельмі ўмоўна песанажаў "Часу сэканд-хэнд", як і насельнікаў колішняга СССР, можна падзяліць на некалькі груп. Па-першае, гэта ідэйныя камуністы і патрыёты савецкай дзяржавы: вайскоўцы, колішнія рэвалюцыянеры, члены партыі, якія займалі адказныя пасады. Па-другое, гэта ідэйныя антыкамуністы, якія на маскоўскіх кухнях абмяркоўвалі недарэчнасці савецкага жыцця і абсурд савецкай ідэалогіі. І першыя, і другія ў выніку перабудовы апынуліся разгубленымі і засмучанымі — зрэшты, ідэалістаў раней ці пазней заўсёды чакае расчараванне.

Прадстаўнікі гэтых груп найчасцей сустракаюцца ў кнізе, бо менавіта ім давялося стаць трагічнымі героямі сваёй эпохі. Найменш цікавілі пісьменніцу людзі, якія фармальна былі піянерамі-камсамольцамі але індэфірэнтна ставіліся да камуністычнай ідэалогіі і рэалістычна глядзелі на свет. Жылі не марай пра светлую будучыню, а вельмі банальна гадавалі дзяцей, будавалі дамы і садзілі дрэвы.

Стоадсоткава беларускі пісьменнік ніколі не напісаў бы кнігу кшталту "Час сэканд-хэнд".

Гарадскія жыхары ў прынцыпе існавалі ў савецкай культурнай прасторы. А вось за межамі вялікіх гарадоў пачынаўся зусім іншы свет. Тут размаўлялі на нацыянальнай мове, адзначалі рэлігійныя святы, выхоўвалі дзяцей не на запаветах Ільіча, а на народных прыказках і прыкметах. Людзі з глыбінкі прытрымліваліся традыцыі не дзеля супрацьстаяння "саветам", а таму, што толькі такое жыццё было для іх натуральным і зразумелым. І менавіта яны, збольшага несвядома, у значай ступені прычыніліся да зрыву эксперымента па "вывядзенні асобнага чалавечага тыпу — homo soveticus", які ладзіўся ў лабараторыі марксізма-ленінізма.

Пасля гісторыі чарговай гераіні, жыццё якой страціла сэнс без курсу на камунізм, з'явілася настойлівае адчуванне, што стоадсоткава беларускі пісьменнік ніколі не напісаў бы кнігу накшталт "Часу сэканд-хэнд". Проста таму, што для беларуса (а не савецкага чалавека з Беларусі) напачатку 1990-х гадоў адбываліся рэчы значна больш істотныя, чым непазбежныя духоўныя катастрофы ўзнёслых ідэалістаў. Гэты час быў эпохай нацыянальнага адраджэння, у пазітыўным сэнсе абсалютна незаўважанага Святланай Алексіевіч. Паўстагоддзі таму савецкі рускі чалавек мог з крыкам патрабаваць ад таджычкі, каб яна ў сябе на радзіме, побач з уласным домам размаўляла на "нармальнай", зразумелай яму мове. Пасля 1990-х сітуацыя павінна была карэнным чынам змяніцца, і многім жыхарам савецкіх рэспублік пашанцавала больш, чым беларусам.

Многія суразмоўцы Святланы Алексіевіч жывуць у Беларусі. 

У "Часе сэканд-хэнд" нацыянальнае самаўсведамленне шмат для каго таксама апынаецца трагедыяй: армяне, азербайджанцы, грузіны, татары не толькі ўзгадалі сваё паходжанне, але і ўбачылі крэўных ворагаў у нядаўніх суседзях па святочным стале. Святлана Алексіевіч галоўным чынам звяртае ўвагу на праблемы міжнацыянальных дачыненняў. Тым часам, гісторыі нацыянальнага абуджэння, праблемы выжывання народнай культуры і мовы ў савецкі час засталіся незгаданымі, хаця менавіта гэты ракурс найбольш зацікавіў бы беларускамоўнага чытача. Вядома, тэма застаецца адкрытай для аўтараў-дакументалістаў, і цікавы прыклад іншага погляду на савецкае жыццё знаходзім, напрыклад, у нарысе Алеся Наварыча з першага выпуску альманаха "Справа".

Многія суразмоўцы Святланы Алексіевіч жывуць у Беларусі. Гэта і пісьменніца Марыя Вайцяшонак, якая згадвае дзяцінства ў сібірскай высылцы, і мінская лекарка, закаханая ў Маскву ды Сталіна. Ёсць у кнізе і эпічная гісторыя сялянкі з Берасцейшчыны, сусед якой скончыў жыццё самагубствам, а іншыя мужыкі-аднавяскоўцы альбо п'юць, альбо ездзяць у Маскву на заробкі. Беларусь неаднойчы робіцца галоўным месцам дзеяння: так, абаронца Брэсцкай крэпасці татарын Цімеран Зінатаў скончыў жыццё самагубствам падчас чарговага наведвання славутага горада. Ветэран сышоў з жыцця ў 1992 годзе з праклёнам ельцына-гайдараўскаму ўраду за здраду Вялікай Перамозе. На памінках Цімерана Зінатава іншы пажылы чалавек згадвае знаходжанне ў мінскім гета, а пасля ў партызанскім атрадзе, дзе габрэяў лічылі за здраднікаў.

 На апошніх старонках пісьменніца пакідае чытача разгублена аглядацца вакол сябе на сталічнай Кастрычніцкай плошчы. Пакуль улада мае права прымушаць і падпарадкоўваць, знойдзецца і той, хто па загадзе зверху забудзецца на чалавечнасць і ператворыцца ў забойцу, агрэсара, ката. "Сякера перажыве гаспадара". Слушнасць гэтага папярэджання стала відавочнай неўзабаве пасля выдання кнігі...

Паводле прадмовы, "Час сэканд-хэнд" павінны прадэманстраваць сучаснай моладзі непрывабнасць расійскай спробы пабудовы камунізму. Наўрад ці жыхары Усходняй Еўропы ў бліжэйшы час зноў возьмуцца за гэтую справу, што не выключае падтрымкі многіх іншых антыгуманных і антыдэмакратычных ідэй. А для тых, хто ніколі не меў у гардэробе сярпаста-малатастых цішотак, кніга Святланы Алексіевіч прапануе адказы на сотні пытанняў па нашай сучаснасці і блізкай гісторыі. Праўда недзе побач, але кожны шукае яе сам.

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце