Рэцэнзія на кнiгу: Original?1418563846
Мануал для не для супер- і не для героеў

Звычайна гісторыі пра офіснага працаўніка паказваюць яго незадавальненне сваім станам планктона, пераадоленне сябе і ўнутраны рост. “Ты можаш зрабіць гэта!” – кажа яму гуру, якога клерк сустракае дзесьці на рагу вуліц. І герой прабівае цагляную сцяну, хапае Бога за бараду, выйграе мільён і тоне ў пяшчоце прыгажуні.

 

Аповесць “Planktonus Vulgaris” Кірыла Дубоўскага пра іншага клерка. “Герой” аповесці, Канстанцін Дарожкін, не хоча быць супергероем: яму патрэбная праца па спецыяльнасці і прызнанне яго як літаратара. (Слова “герой” бярэцца тут у двукоссе, таму што Дарожкін не “герой” у класічным сэнсе, а просты апавядальнік свайго жыцця).

Аповесць “Planktonus Vulgaris” сплецена з супярэчнасцей лібералізму і антылібералізму. З аднаго боку, Канстанцін Дарожкін хоча рэалізаваць сябе ў фінансава-эканамічнай сферы. З іншага боку – у літаратуры, якая, па сутнасці, антаганіст свету “залатога цяльца”. Гэта супярэчлівасць стрымлівае развіццё “героя” як асобы, ён не мяняецца якасна. Але па меры разгортвання сюжэта ў сістэме каштоўнасцей Канстанціна Дарожкіна ўсё ж пераважае ліберальная канцэпцыя свету. Яна ідзе і з яго сям’і, і ад сяброў, умацоўваецца на месцы працы.

Ён простай мовай рапавядае пра сябе, не спрабуючы намаляваць вобраз мача. 

Узяць хаця б кароткія апісанні размоў Канстанціна з бацькамі. Іх парады не даюць сыну духоўных арыентыраў. Іх не клапоціць самарэалізацыя сына, развіццё яго ўнутраных здольнасцей. Яны раяць яму знайсці працу, можна нават такую, якая недаспадобы. Нават такую, дзе вышэйшая адукацыя і не патрабуецца. Галоўнае – быць пры справе і мець досвед першага працаўладкавання. Асабістая матывацыя “героя” таксама слаба прасочваецца. Яму не трэба зарабіць грошай, каб потым нейкі перыяд займацца літаратурай, яму не трэба стаць свабодным ад бацькоўскай апекі, яму не трэба заваяваць дзяўчыну. Аднак грошы як самадастатковая каштоўнасць усё ж рэгулярна агучваюцца Канстанцінам. Ён параўновае свой заробак з заробкам іншых супрацоўнікаў, з заробкам сяброў.

Аповесць цікава паказвае жыццё простага хлопца, не абцяжаранага грамадска-палітычнымі развагамі (нягледзячы на тое, што яе дзеянне пачынаецца ў 2006 годзе). Ён простай мовай рапавядае пра сябе, не спрабуючы намаляваць вобраз мача. І ў гэтай простай прозе адчуваецца пошук сябе, пошук больш цікавага, творчага жыцця. Але ідэалагічны скрэп “працоўнае  месца ў жыцці” не выцягнуць абцугамі з яго галавы. “Герой” гатовы працаваць там, дзе супрацоўнікам патрабуецца ахвяраваць сваёй Асобай. Але ахвяраваць дзеля чаго? Намеснік дырэктара набывае кожнаму менеджэру святочны гальштук з выявай парсюкоў. Пры націсканні на кропку на гальштуку, ён грае “Джынгл бэлз”. “Заключили сделку, продали дверь – включайте музыку, пусть клиент порадуется”, – тлумачыць начальнік.

Ідэалагічны скрэп “працоўнае  месца ў жыцці” не выцягнуць абцугамі з яго галавы. 

Сімптаматычным аказваецца рашэнне “героя” ў развязцы аповесці. Ён сыходзіць з абрыдлай працы спецыяліста па планавых калькуляцыях і сустракае сябра, які працуе тэхнічным пісьменнікам у it-кампаніі. Заробак сябра дасягае фантастычнай для Канстанціна Дарожкіна сумы. Замест таго, каб знайсці аналагічную працу (блізкую яму па духу і высокааплочвальную), або стала заняцца літаратурай, “герой” зноў ідзе ў сферу фінансавых аперацый. Быць “вульгарным офісным планктонам” для яго ўнутрага свету застаецца жыццёва неабходным.

Варта адзначыць, што ў аповесці кропкава акрэслены арэал існававання рускай і беларускай моваў. Мінск – гэта рускамоўны ліберальны свет крамнікаў. У Серабранцы ўжо гавораць на трасянцы: “Дзед Мароз, спасiба, што ты даехаў к нам у Серабранку”. Але адразу за кальцавой Канстанцін бачыць беларускамоўную рэчаіснасць: “Дзед Мароз, а чаго ты такi худы?”

Цікавая і падача тэкста: абзацы ў аповесці разбіваюцца зорачкамі. Гэта надае большую грувасткасць, сэнсоўнасць. Некаторыя з абзацаў прэтэндуюць на трапныя філасофскія карацелькі. Але аўтар не навязвае свой погляд на рэчаіснаць.

 

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце