Рэцэнзія на кнiгу: Original?1410866688
Мова для новых

2005 год — Масква і Пекін адмовіліся ўключаць ЗША ў «Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва і развіцця», снежань 2013 г. — Кітай прыняў рашэнне наконт скасавання палітыкі аднаго дзіцяці. У 421 годзе да н.э. Фукідзід, апісваючы гісторыю Пелапанескай вайны, абураўся зменамі ў мове на выспе Керкер, новыя значэнні слоў прывялі да змены ўлады. 

 

У пачатку верасня выйшаў новы раман Віктара Марціновіча "Мова". "Мова" — раман-антыўтопія, дзеянне якога адбываецца ў бясчасавай, безасабовай прасторы былой краіны Беларусі і былога горада Мінска, недзе «там, сярод пасохлых лугоў, прамерзлай глебы, статуй Мао і людзей у форме». Шмат гадоў таму, у цёмныя і складаныя дні, пасля "Часоў Смутку", спрабуючы супрацьстаяць ЗША, Расія прыняла зразумелае, але стратэгічна ўтапічнае рашэнне, – аб'ядналася з Кітаем, пацягнуўшы за сабой астатнія постсавецкія краіны. Замест федэралізацыі Сібіры і шляху на Захад надышла кітаізацыя. Па адзін бок пабудаванай Вялікай сцяны засталася «збяднелая мультыкультурная Еўропа, па другі – заможны, годны, монаэтнічны рускі Кітай»

У рамане ёсць добры барыга Сярожа, дрэнны джанкі, кітайскія трыяды, беларускае падполле з прыўкраснай Элаізай і ўсёмагутны Дзяржнаркакантроль. У цэнтры Мінска вырас свой ​​уласны Шанхай, больш падобны да ганконгскага ўнутранага гораду Коўлун. Глыбока пад ім хаваюцца старыя гарадскія вуліцы. Метафізічнае падвойнае дно горада —прадмет гонару і любові для многіх з нас — зрабілася сапраўдным. 

У гэтым плане геаграфія рамана прапануе займальнае арыентаванне на мясцовасці і падарожжа ўглыб гарадской гісторыі. Вуліца Сурганава атрымала назву Мао Цзэдуна, плошча Перамогі ператварылася ў плошчу Мёртвых, нарэшце паказаўшы сваю схаваную лінгамічную сутнасць, раён Зялёны луг набыў гістарычны статус, Траецкае прадмесце – рамантычна-прывідны. 

Рэакцыя на ўздзеянне "мовы" шмат у чым нагадвае сучасную радасць неафітаў, якія адкрываюць для сябе нацыянальную ідэю. 

Акрамя прасторы, змяніўся час. Ён страціў сваю паслядоўнасць і набыў працягласць, хаця што яшчэ можна было чакаць ад кітайцаў? Часавая лакуна – зразумелы аўтарскі ход і зручны прыём для антыўтопіі. Страчаных герояў прынята размяшчаць там, дзе звыклая гістарычная пераемнасць свядома разарваная. 

Разам з часам і прасторай знікла мова. Не, людзі не перасталі размаўляць. Не стала роднай мовы – "мовы", яе сцерлі з верхніх слаёў чалавечай памяці, а тэксты схавалі ў глыбокіх калідорах Дзяржнаркакантролю. Тое, што засталося, знішчылі самі грамадзяне, паддаўшыся ўсеагульнай параноі. "Мова" ператварылася ў "забароненае законам субстанцыянальнае рэчыва". Аднак, акрамя індывідуальнай памяці існуе калектыўнае "несвядомае" і гістарычная памяць, менавіта туды магутна б'е "мова". 

У якасці "мовы" падыходзіць толькі беларускі варыянт. Верш Сяргея Жадана, які выпадкова трапіўся джанкі, не прыводзіць да патрэбнага эфекту, можа быць, колькасць кропак над "і" няправільная, або "у нескладовага" няма. "Кажуць, мова не адзіны несубстанцыйны наркотык, які існуе ў свеце. Але гэта – адзіны нематэрыяльны наркотык, які ўздзейнічае на тутэйшых людзей". Уплывае "мова" не на ўсіх. "Чыстага сэрцам" Сяргея ці тых, хто з дзяцінства прывык размаўляць на роднай мове, "мова" не выносіць у псіхадэлічныя далі. Рэакцыя астатніх на ўздзеянне "мовы" шмат у чым нагадвае сучасную радасць неафітаў, якія адкрываюць для сябе нацыянальную ідэю. Дзейнічае магутна, а што гэта такое – незразумела, ці то вышыванкі, ці то здаровы лад жыцця. Як дакладна напісана ў канцы: «Нацык мусіць быць здаровым». Можна дадаць – і брутальна моцным. 

Увесь час спатыкаешся аб поп-культурны набор спажывання, выцягнуты з 90-х гадоў.

Вялікі кітайскі майстар з рамана меў рацыю, мова – гэта код, дакладней, адзін з мноства, але не ідэя. Да чаго менавіта код – іншае пытанне: да самасвядомасці, гістарычнай праўды, права на валоданне аб'ектамі праз назвы на роднай мове. Код можна разбурыць, ідэяй — маніпуляваць, у выніку ўсё тлен і дзэн. 

Крытыка да раману будзе: стыль і штампы. Чытаеш і ўвесь час спатыкаешся аб поп-культурны набор спажывання, выцягнуты з 90-х гадоў. Падпольныя фабрыкі Усходу і Азіі выпускаюць значна большую колькасць найменняў, яшчэ ёсць італьянская Гамора са сваімі рабочымі брэндамі. Адсутнасць маркераў часу past perfect або future in the past не зробяць тэкст горшым. Ступень іншароднай духоўнай акупацыі і без таго адлюстраваная досыць ясна. Троху нагадвае жаночы глянец. Часам у галоўных герояў праслізгваюць знаёмыя рысы персанажаў з кніг іншага пісьменніка антыўтопій і частага госця манастыроў, але такія параўнанні непазбежныя. 

Да стылістычных хібаў, хутчэй за ўсё, дададуць абвінавачванні ў спекуляцыі і кан'юнктуры. А можа быць, і не: усё-такі «мова», і ўнутры рамана шмат добрых сэнсаўтваральных імёнаў і тэкстаў на «мове», якія сапраўды хацелася б пабачыць асобнай часткай у дадатку. Структуры кнігі гэта не зашкодзіць. 

Раман выйшаў на рускай і беларускай. Чытаць рэкамендуецца па-руску, па-першае, стылістычна тэкст выглядае больш выразным і ясным, па-другое, на моўным кантрасце «мова» «ўстаўляе мацней».

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце