Рэцэнзія на кнiгу: Original?1367528366
Наваполацк-Магадан

Кнігу Ігара Аліневіча “Еду ў Магадан” цяжка назваць проста мемуарамі. Гэта Літаратура. 

 

Невялікая, на 170 старонак кішэннага фармату, гэтая кніга складаецца з дзвюх галоўных частак. Уласна ўспамінаў пра Следчы ізалятар КДБ у Менску, г.зв. “амерыканку” і ідэяў/тлумачэнняў сучаснай Беларусі ад анархіста Ігара Аліневіча.

Калі казаць па Гамбурскім рахунуку, у гэтай кнігі толькі адзін мінус – усё, што напісанае там – праўда. Так, уласна я не сядзеў у “амерыканцы”, але гэта і ёсць моц сапраўднай літаратуры, калі тое што напісана не проста прымаеш на веру, але гэта становіцца асабістым досьведам. 

Першай частцы проста наканавана стаць палітычным трылерам. Сцэнаром да будучых кінастужак пра Беларусь-2010. Адпаведную паралель у прамове да кнігі праводзіць і маці Ігара Аліневіча. Яна піша: “Усё, што адбылося з Ігарам, вельмі падобнае на сітуацыю, якую апісвае Анатоль Рыбакоў у кнізе “Дзеці Арбата”. І хаця Сашу Панкратава арыштавалі ў 1933 годзе, гісторыя, на вялікі жаль, паўтараецца”. 

Прачытаўшы кнігу, з Валянцінай Аліневіч немагчыма не пагадзіцца. 

Акрамя гісторыі пра ўласныя дзевяць колаў пекла “амерыканкі” Аліневіч малюе цікавыя партрэты. Начальніка СІЗА КДБ палкоўніка Арлова, які наўпрост абвінаваціў Аліневіча ў тэрарызме, а пасля прапанаваў супрацу. Узгадвае Аліневіч і палітыкаў, якія таксама тапталі шконку ў “амерыканцы”. Збольшага аўтар ставіць залік усім, хто прайшоў праз СІЗА КДБ па справе 19 снежня. Тлустым чорным алоўкам ён малюе мінус толькі аднаму з ідэолагаў кампаніі “Гавары праўду” Андрэю Дзмітрыеву. “31 снежня ўвечары Дзмітрыева пацягнулі ў кабінеты, дзе ён выгандляваў сабе вызваленне невядома за што. Аднак сукамернікам Дзмітрыеў сказаў, што яму абяцалі Новы год у атачэнні масак. Мужыкі сабралі яму два пакеты з ежаю, якія ён забраў і патопаў дадому...”

Калі казаць па Гамбурскім рахунуку, у гэтай кнігі толькі адзін мінус – усё, што напісанае там – праўда.

Другая частка складаецца з некалькіх праграмных тэкстаў, у якіх Ігар Аліневіч выступае ў ролі ідэолага актуальнага анархічнага руху. Тлумачыць, чаму палеміка паміж легалістамі і іллегалістамі губляе сэнс. Зразумела, які бок прымае Аліневіч. “Справа не ў радыкальных акцыях, а ў любых анархічных мерапрыемствах, якія ўлада расцэніць, як падрыўныя. Канкрэтны прыклад – маніфестацыя каля Генштабу”. 

Акцыя каля Генштабу, якая адбылася ў верасні 2009 году стала адпраўной кропкай усёй справы анархістаў, паводле якой Аліневіч атрымаў максімальны тэрмін – 8 гадоў пазбаўлення волі. Але менавіта пра ўласную справу ён піша вельмі пункцірна. “Генштаб... Казіно... Білборды... Прафсаюзы... Банк... Амбасада... ІЧУ... Банк... Казіно...” Гэтак ён узгадвае допыты і пытанні следчых, якія перакартоўвалі эпізоды ў справе і ўрэшце падводзілі да свайго галоўнага пытання: Нам трэба ведаць толькі адно: хто табе заплаціў?...” Па-шчырасці, падрабязнасцей пра справе анархістаў сапраўды бракуе. Але ў тых варунках, у якіх пісалася гэтая кніга, Аліневіч, напэўна, сказаў максімум, з усяго што мог.

На сёння аўтар працягвае адбываць пакаранне ў Наваполацкай калоніі. Апроч таго, адміністрацыя калоніі лічыць Аліневіча злосным парушальнікам рэжыму. З такой характэрыстыкай ён не можа разлічваць на паслабленне ўмоваў і на датэрміновае вызваленне. Згодна з прысудам на волю Аліневіч выйдзе толькі праз 5 гадоў – у 2018-м. Ягоная кніга “Еду ў Магадан” пра неверагодны кошт унутранай свабоды і пра людзей, якія вераць у ідэю ў сучаснай Беларусі. Дзякуй!

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце