Рэцэнзія на кнiгу: Original?1420704331
Незвычайныя звычайныя гісторыі

Колькі год таму мне даводзілася пісаць пра дзіцячыя кнігі. Праўда, было гэта неверагодна складана. Незалежна ад таго, добрая кніга ці не вельмі. А зрэшты, я ў гэтым тады разабрацца не магла. Бо маё адкрыццё, зробленае ў той час, калі я пачала чытаць кнігі свайму першаму дзіцяці, такое: нічога ты не можаш ведаць пра кнігі для дзяцей, пакуль сваіх дзяцей у цябе няма.

 

І яшчэ адно, крыху нечаканае, адкрыццё: бывае так, што самыя лепшыя кнігі бацькі ад сваіх дзяцей на нейкі час прыхоўваюць. (Як самыя смачныя цукеркі, якіх ніколі не бывае зашмат). Так сапраўды бывае, калі дзіцячая ручка ў соты раз цягнецца да адной і той жа вокладкі, і мама ўмольна просіцца:

– А можа, сёння якую-небудзь іншую?

– Не, – з жорсткай упэўненасцю адказвае дзіця. – Хачу пра сумны суп.

Што б там ні казалі пра разнастайнасць і багацце сучаснай літаратуры для дзяцей, насамрэч добрыя кнігі ва ўсіх сэнсах пачалі з’яўляцца толькі ў апошнія гады. Маю на ўвазе кнігі для дзяцей, якім ужо крыху больш за год, але яшчэ няма шасці. А пад “усімі сэнсамі” – удалы тандэм тэксту і ілюстрацый. Банальная ісціна (якая, праўда, не заўсёды відавочная, пакуль у чалавека няма дзяцей): якой бы добрай, цікавай і захапляльнай ні была казка або апавяданне, дзіцё не зможа даслухаць іх да канца, калі падчас чытання не будзе занятае разгляданнем малюнкаў. Таму ідэальны прынцып для дашкалят насамрэч такі: мінімум тэксту на старонцы і максімум ілюстрацый. І “Сумны суп” Вольгі Гапеевай з гэтага гледзішча кніга сапраўды ідэальная.

Ілюстрацый тут не тое, каб больш, чым літар. Але кожная старонка сама па сабе ўжо – ілюстрацыя. Мастацкае афармленне, увасобленае Мартай Герашчанкай, робіць кнігу неверагодна прыгожай, я б сказала нават – эстэтычнай і дасціпнай. У адным з інтэрвію пісьменніца казала пра тое, што ў яе гісторыях “свет падаецца з пункту гледжання не людзей, але прадметаў, побыту і рэчаў, звыклых для кожнага”. Такі падыход цалкам адпавядае светапогляду дзіцяці пэўнага ўзросту: дзеці прыкладна так сабе і ўяўляюць унутранае жыццё рэчаў, як іх апісвае Вольга Гапеева. Гісторыі пра суп, гузік і парасон у выніку становяцца часткай штодзённасці, таму што апавядаюць не пра нейкіх архаічных дзеда і бабу (якіх, што праўда, дзеці успрымаюць нармальна) і не пра нейкія далёкія краі і фантазійных жывёлінак, але пра тое, што заўсёды перад вачыма, з чым дзеці гуляюць (бо там, дзе малыя, усё вакол цацка і гульня), з кім размаўляюць і за каго “падгаворваюць”. Адным словам, гэта менавіта тыя “звычайныя” гісторыя, якія, мабыць, усе дзеці час ад часу просяць расказаць сваіх бацькоў, каб адпачыць ад кніжных казак. Мабыць, усе таты і мамы ведаюць, як называюцца такія гісторыі – што бачу, тое й пяю. Нездарма ж пад назвай кнігі ёсць своеасаблівае жанравае азначэнне – “Гісторыі”.

Ідэальны прынцып для дашкалят насамрэч такі: мінімум тэксту на старонцы і максімум ілюстрацый. 

Таму я не пагаджуся з меркаваннем самой аўтаркі пра тое, што гэтая кніга “нават больш для дарослых, чым для дзяцей”. Наадварот, на дарослы розум – у кнізе некаторыя апісанні дзіўныя і нелагічныя. Асабіста мяне, напрыклад, увесь час бянтэжыць, як гэта хлопчыку Уладзіку налілі ў талерку супу яшчэ да таго, як пачалі той самы суп варыць. А ў маёй чатырохгадовай дачкі гэта ніякіх пытанняў не выклікае. Значна больш яе ўражвае тое, што шампіньёны размаўляюць толькі па-французску.

У кнізе пяць гісторый: пра сумны суп, пра парасон і слоўнік, пра хворы гузік, пра ката і кацяня і пра тое, навошта лічыць авечак. Кожная з іх заканчваецца пытаннем. Такі адмысловы інтэрактыўны момант. (Напрыклад, “А каму і як дапамагаеш ты?”, “Гузік шмат чаго зрузумеў, але позна. А ты?”). Цікава гэта найперш тым, што кожнага разу мама ці тата атрымлівае розныя адказы. Гэта залежыць ад настрою і ад атрыманага за дзень досведу і дазваляе даросламу, які чытае, або працягнуць гутарку аб прачытанай гісторыі, або вывесці размову шырока за яе межы. Такім чынам, кожнае прачытанне тоіць у сабе нечаканку.

Самая вясёлая гісторыя, нягледзячы на назву, – гэта “Сумны суп”. Самая сумная – “Хворы гузік”, яна не мае шчаслівага заканчэння і так сапраўды па-сур’ёзнаму прымушае задумацца. Самая цёплая і добрая – “Кот і кацяня”. “Парасон і слоўнік” – сапраўдны філалагічны шэдэўр. Такі важны і тоўсты, але не фанабэрысты дзядзька Слоўнік дапамагае Парасону даведацца гісторыю яго імя. І заканчваецца, адпаведна, гісторыя пытаннем: “А ты ведаеш гісторыю свайго імя?” І назіраць за тым, як змяняецца адказ з кожным новым прачытаннем, вельмі цікава. А заадно гэта забавязвае бацькоў распавесці дзіцёнку гэтую самую гісторыю. І пажадана так жа займальна, як Вольга Гапеева.

А вось гісторыя, змешчаная ў кнізе апошняй, – “Навошта лічыць авечак” – падаецца мне ў стылёвым плане нібыта крыху недапрацаванай. Шмат лішніх слоў і грувасткіх апісанняў, якія можна было б зрабіць значна больш простымі і яснымі. Ну і версія галоўнага героя – маленькага вожыка, адносна таго, чаму з’явілася традыцыя лічыць менавіта авечак, нейкая надта заблытаная.

Цешыць кніга правільным выхаваўчым пасылам. Для адказных бацькоў гэты момант вельмі важны. Маю на ўвазе нават не тое, што дзіцячыя кнігі павінны вучыць быць добрымі, паслухмянымі, дапытлівымі і г.д. Але найперш тое, што ў дзіцячых кнігах не павінна быць нічога, што б магло прыносіць дзіцячай псіхіцы шкоду. Страшылкі – само сабой. Але колькі разоў даводзіцца натыкацца ў сучасных аўтарскіх казках на, так бы мовіць, некарэктныя з гледзішча дзіцячай псіхалогіі апісанні, вобразы, сітуацыі. У лепшым выпадку гэта толькі слова або сказ, якія можна прапусціць. Аднак часцяком аўтары выкарыстоўваюць літаратурную пляцоўку, каб выказаць свае дзіцячыя крыўды і комплексы. Што й нядзіўна і нават заканамерна. Але такі падыход, на маю думку, абсалютна непрымальны для дзіцячых кніг.

Насамрэч ілюстрацыі настолькі дасканала ўвасабляюць ідэі пісьменніцы, што я б назвала “Сумны суп” супольным літаратурна-мастацкім праектам Вольгі Гапеевай і Марты Герашчанкі. Зрэшты, добрая дзіцячая кніга толькі і можа быць такім супольным праектам пісьменніка і мастака. Менавіта гэта робіць звычайныя гісторыі незвычайнымі.

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце