Рэцэнзія на кнiгу: Original?1419725131
Падгон Саюзу беларускіх пісьменнікаў

Кнігу Андрэя Лазуткіна я атрымаў ледзь не партызанскім шляхам, амаль з-пад крыса, у электронным выглядзе, са словамі: "Толькі табе, а наогул яе не дастаць, і сам нікому не давай". Апошні раз нешта падобнае было з «Паранояй» Віктара Марціновіча, яе таксама даслалі мне на пошту з пазнакай «забароненая кніга ў Беларусі». Нічога не магу сказаць наконт забароны «Параноі», пасля таго, як яе атрымаў, кніга яшчэ даволі доўга свабодна прадавалася ў крамах. Але ў пэўным сэнсе параўнанне «Палігону» і «Параноі» можа мець месца. Абодва дэбюты, напісаныя па-расейску з прывязкай да беларускай штодзённасці, абедзьве кнігі прапануюць сваю, альтернатыўную гісторыю (у аднаго Астроўскі, у другога Мураўёў). Ды абодвух аўтараў крытыка і літаратурная супольнасць сустрэла дыяметральна супрацьлеглымі ацэнкамі. Гэта я ўсё вось да чаго: калі Марціновіч сёлета збірае кампліменты як найлепшы пісьменнік (34mag) і аўтар найлепшай кнігі году ("Наша ніва"), то сёлета ён жа атрымаў і галоўнага патэнцыйнага канкурэнта. Так, менавіта ў выглядзе аўтара «Палігону» Андрэя Лазуткіна.   

 

«Палігон» напісаны на стыку двух жанраў. З аднога боку – гэта абсалютны масліт, хуткае чытво ў метро, якое пасля выкідаеш у сметнік. З іншага – тут ёсць ГІСТОРЫЯ, якая пераварочвае штодзённасць. У краіне «победившего социализма», дзе нават галоўны контркультурны часопіс называецца «Партызан», а міфалагема Другой сусветнай вайны ахоўваецца з той жа пяшчотай, як памідоры ва ўласным палісадніку ад фітафторы – сам перакулены погляд на падзеі 1943 года – гэта ўжо нешта. Мае бацькі ў 59-м хадзілі ў школу строем пад гукі піянерскага горна. Як іх жыццё выглядала б, калі б вайна скончылася ў 1943-м і Беларусь апынулася часткай не чырвонай, а карычневай імперыі – гэта да Лазуткіна. 

Усе драматычная перыпетыі ў галоўнай лініі аповесці вытрыманыя "на пяць". Ад умоўнай смерці галоўнага героя да яго ўнутранай смерці і спробы перарадзіцца праз выхад за ўсходнюю мяжу.          

Вядома ёсць моманты, якія рэжуць вока. Кропкавае ўжыванне беларускіх словаў у кантэксце, які дае ім негатыўную канатацыю. Гэта ўжо цытавалі ўсе: 

"Колючие глаза следователя чуть теплеют: 

  • Хайль Гитлер!
  • Жыве! – сгибаю руку в вялом приветствии". 

Натуральна, гэтай двухсэнсоўнасці лёгка можна было б пазбегнуць, калі б кніга цалкам была напісаная па-беларуску. Гэта толькі ўзмацніла б твор і дадало яму цэласнасці. Апроч таго, з аповесці можна смела выкінуць палову. Другая сюжэтная лінія, якая і не лінія наогул, а так, рэмаркі на палях, успаміны канца 2000-х, на думку аўтараў анатацыі да кнігі, адлюстроўваюць успрыманне рэальнасці пакаленнем 90-х. Мне асабіста вельмі не падабаецца такі тактычны прыем пакрокавай мешаніны розных сюжэтных лініяў, і выніковы прадукт гэта заўсёды толькі псуе. Імхо.    

Першы за апошні час дэбют, які мае ўсе прыкметы масліту. Падгон з цэнтру тым, хто яшчэ не развучыўся чытаць на раёне.

Зноўку ж, выклік постсаўка і «жаданне адчуць сябе прыезжым рускім быдлам», якім насычаная другая частка аповесці – гэта тэма для асобнага тэксту. Жаданне паказаць fuck капіталістычным уродам і гучна размаўляць па-расейску – гэта здараецца. Але да савецкасці гэта не мае ніякага дачынення. Так, налёт пылу з савецкіх газетаў і эфект «Брата-2». Ведаю людзей, якія дзясяткі гадоў жывуць за мяжою, размаўляюць на мясцовых мовах, памянялі пашпарты і грамадзянства і застаюцца поўнымі саўкамі. Карацей, курсіўная лінія ў аповесці – так бы мовіць, аўтаінтэрв'ю аўтара – яна можа мець месца, а можна і без яе. Галоўная тэма іншая – яна пра сумневы насамрэч, пра пошук сябе праз сумневы на тле ўсеагульнага пі...ца і хлусні.  

Гэтая кніга ў пэўным сэнсе не толькі аўтарскі «Палігон», але і ўсяго Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Першы за апошні час дэбют, які мае ўсе прыкметы масліту. Больш за тое, тут ёсць выразная гісторыя, і пасля апошняй старонкі ты разумееш, пра што гэта было. Для белліту, які перанасычаны кнігамі пра нішто (зразумела я зараз ЗУСІМ не пра Акудовіча), «Палігон» – гэта спроба пашырыць кола чытачоў і выйсці за галерэйныя межы. Падгон з цэнтру тым, хто яшчэ не развучыўся чытаць на раёне.   

Перакананы, што аўтару неаднойчы казалі пра тое, каб ён паспрабаваў напісаць наступны твор па-беларуску. У Менску столькі курсаў, ну дашліце хто-небудзь запрашэнне Лазуткіну на «Мова нанова» ці што там яшчэ. Тут нават справа не столькі ў эксперыменце, колькі ў асалодзе для чытачоў ад наступных твораў. Беларускасць, пра якую піша аўтар, яна не ў дызель-цягніках, а ў мове, якая прабіваецца, няхай толькі праз абвесткі сапсаванага дынаміка. 

Каментары 2
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі

Другая рэцэнзія на "Палігон" (першай была Ваганаўская), па якой не хочацца яго НЕ чытаць. Бадай, цяпер паспрабую.

0

Паспрабуйце! ну зусім ужо разчаравання дакладна не будзе)

+1
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце