Падсрачнікі і пацалункі

Ілья Кармільцаў з нагоды новых праектаў Бутусава неяк заўважыў: “З такім голасам, як у Славіка, ён можа спяваць нават поўную ахінею ― усе будуць шчаслівыя”.

Наогул у Беларусі персаналізм― нацыянальная філасофія. Асабліва ў літаратуры: друкуюцца не паэзія-проза-крытыка, а паэты, празаікі і крытыкі. Магчыма, падзел гэты не зусім навуковы, аднак, думаю, усе зразумеюць, пра што я кажу. Зарабіў сабе імя, трапіў у пул ― можна адпачываць. Залікоўка працуе на цябе.

Гамбургскі рахунак” ― бясспрэчна таленавітая кніжка. Адразу кажу, бо пасля мне будзе цяжка да гэтага вярнуцца. Усё, што цяпер пішацца Бахарэвічам, ― высокага ўзроўню тэксты ― лагічныя, акуратныя, эстэтычна збалансаваныя, стрыманыя, пазбаўленыя штампаў і славеснай дыярэі. Гэта вам не пяць лепшых літаратурных прэзерватываў. Ёсць тут і цяжкая праца, і стыль ― усё, што вызначае добрую кнігу.

У той жа час праект атрымаўся надзвычай дзіўны. Не проза, не крытыка, не публіцыстыка. Нешта сярэдняе. Пачынаўся як тоўсты тролінг (працяг празаічных рэверансаў у бок “раслінных псеўданімаў) ― скончыўся апалагетыкай. Выглядае ён на выхадзе як мінімум двухсэнсоўна: Багушэвічу надралі вушы як сынку, а Масей Ларывонавіч Сяднёў тым часам ― увесь у белым.

Параўнанне, агучанае падчас прэзентацыі Віктарам Маріцновічам, што “Рахунак”, маўляў, з’яўляецца беларускім аналагам “Лекцый” Набокава, нельга ўспрымаць усур’ёз. Крытычныя кнігі Набокава ― узор філіграннага, вельмі карпатлівага аналізу некалькіх, нешматлікіх твораў. Набокаў умеў рабіць самую няпростую філалагічную работу на выдатна (сёння кожны пушкініст мае ў сваёй бібліятэцы набокаўскі фундаментальны каментар да “Яўгенія Анегіна”). Крытыка-філалагічны унёсак Бахарэвіча у даследаванне беларускай літаратуры невялікі, на ўзроўні двух-трох трапных назіранняў, ды аўтар і не ставіў сабе такой задачы.

Бахарэвіч перагнуў этычную палку, ён даў агідную мянушку добраму чалавеку.

Безумоўна, добра, што беларускі літаратар пачытаў нарэшце беларускую літаратуру. Большасці нашых пісьменнікаў катастрафічна не хапае на гэта часу. Даводзіцца адбрэхвацца крытыкам, якіх, зрэшты, няма. Так і боўтаемся. А тут хаця б становяцца відавочнымі бахарэвічаўскія эстэтычныя прыярытэты-арыентыры, яны лёгка ўгадваюцца, бо гэта лепшыя эсэ ― пра Баршчэўскага, Багдановіча, Мрыя, Жылку, Адамчыка і Стральцова (арыентыры, адпаведна, ― еўропацэнтрызм, інтэлектуалізм, фантасмагорыя, скрайні індывідуалізм, антыбальшавізм). Загадка толькі, чаму раптам мяняецца, проста на вачах, тон кнігі пасля тэксту “Цёмнае мінулае Каяна Лупакі”. Кожны, хто чытаў, зразумее. “Зухаватыя ўчынкі” знікаюць умомант. Трохі аганізуюць яшчэ ў наступных тэкстах пра Купалу, Коласа, Гаруна, а пасля аддаюць швартовы.

Тут не месца працягваць тую гаварыльню, то бок “дыскусію” вакол помнага эсэ пра Янку Купалу. Абсалютна бессэнсоўную, бо беларуская сталінісцкая творчасць 1930-х ― 1950-х ацэненая паводле гамбурскага рахунку даўно (калі Бахарэвіч яшчэ ў школу хадзіў). Сыр-бор разгарэўся, па маім глыбокім перакананні, дзякуючы толькі аднаму чынніку-каталізатару. Бахарэвіч перагнуў этычную палку, ён даў агідную мянушку добраму чалавеку. Лупака ― кароценькае слова, якое стала кропкай невяртання для кнігі, дзе сабрана шмат сапраўды класных эсэ. Але трэба нарэшце прызнаць, што ў 2012 годзе Бахарэвіч стаў не аўтарам “Шабаноў”, “Рахунку” ці чагось яшчэ. Ён стаў чалавекам, які даў падсрачніка Янку Купалу.

І з гэтым ён пойдзе далей.

Каментары 3
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі

Папраўдзе, пра непрыстойныя рэчы можна сказаць прыстойна, годна. І ня трэба вывешваць радзюжку ў загаловак, лепш зашпурнуць яе ў кут, калі ўжо расстацца ня можаш.
Гэта пра адное. А вось і пра другое. Алёйза Пашкевічанка жыла ў рэвалюцыйным часе, калі трэбло – перш чым збудаваць новае – разбурыць старое. Самаахвярная, найадданая, яна мусіла выконваць усякую работу, бо ніва была велькая, а працаўнікоў мала. Думаю, калі б яна жыла ў нашым часе, то задала б добрага высьпятка ўсім брахунам. Яна, Жанчына.
Ганна Матусэвіч.

-2

Вельмі туманна напісалі, нчіога не зразумеў

0

Што за дыскрымінацыя: як Бахарэвіч - дык хай сабе колькі ўлезе дае "высьпятка", але каб яму хто за гэта - то ні-ні? Неее, так не бывае.

А вось і пра трэцяе (пераймаючы вышэй-туманны стыль): Ціхан - Ён - Мужчына!
Напісана - віртуозна і па справе.

0
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце