Рэцэнзія на кнiгу: Original?1394612534
Падвойная кава з сіропам і без

Перад тым, як прачытаць «Хвілінку», я пачуў такое: кажуць, гэтая кніга больш вартая «Гедройца», чым «Аўтамат» Някляева. Я згодны з тым, што гэтыя рэчы можна параўноўваць. Яны ў пэўным сэнсе сапраўды пра адно – пра міфалогію Менску ці, дакладней, Мінску. Але казаць, што мінскі раман Бабкова атрымаўся мацнейшы за мінскі Брадвей ад Някляева, я б не стаў. Розныя технікі, розныя героі, урэшце, розныя эпохі. Гэтыя кнігі падобныя і па звышзадачы (перадаць смак 60-х і настрой канца 80-х), і па хібах (манера рванага, непаслядоўнага апавядання). Урэшце «Аўтамат» і «Хвілінка», як ужо было сказана вышэй, пра адно і тое ж – пра залаты час, які для кожнага аўтара быў свой. 

 

Някляеў – гэта класічная газіроўка з сіропам з гранёнай шклянкі. Бабкоў – гэта кава з каньяком альбо супчык са шпінатам (аўтар дае магчымасць выбіраць). Вось і ўся розніца. У першым выпадку – гісторыя, якая будуецца па класічных, школьных схемах. У гісторыі Бабкова – нешта большае за новы менскі раман. Гэта постраман, калі аўтара больш цікавіць, не ход сюжэта, а каб быў завершаны гештальт героя разам з яго вусцішным партрэтам. Гэта вельмі мілая форма, але ў Бабкова яна атрымалася перанасычанай эсэістычнымі пасажамі, якія не перадаюцца галоўным героям, а так і застаюцца аўтарскімі.

Праз бясконцыя фідбэкі і ўспаміны герояў ловіш сябе на думцы, што таксама шукаеш сваю «Хвілінку».

«Хвілінка» – гісторыя пра тры гісторыі, якія маглі б адбыцца, то бок завяршыцца, але так і засталіся вісець у паветры на паветраным шары. Магчыма, каб мы маглі зноўку і зноўку вяртацца ў тое самае месца і глядзець, з чаго ўсё пачалося. А варыянты канцоўкі рамана можна прыдумаць самім, аўтар падказвае, іх па-борхесаўску ўсяго чатыры. Хаця і схему Борхеса, звычайна, спрашчаюць да двух варыянтаў – гісторый, дзе ёсць месца жанчыне, і гісторый, якія абыходзяцца без яе.

Ствараючы свой шэраг галоўных герояў (паэт, змагар і спявачка) аўтар, падаецца, пакідае нас у магічным трохкутніку, з якога няма выйсця. Але, вядома ж, насамрэч усё глыбей. Праз бясконцыя фідбэкі і ўспаміны герояў ловіш сябе на думцы, што таксама шукаеш сваю «Хвілінку». Мая, напрыклад, засталася ў Вільні на скрыжаванні Гедыміна і Ягайла з танным булёнам і свежымі піражкамі. А яшчэ Бабкоў нечакана патрапіў з адказам на самае вострае пытанне апошніх месяцаў, чаму цяпер Еўропа ТАК ставіцца да Украіны. Перакананы, што сам аўтар, калі пісаў «Хвілінку», думаў пра што заўгодна, але не пра актуальную палітыку. Таму ГЭТЫЯ словы яшчэ больш каштоўныя: стаўцеся сур'ёзна да грошай і маёмасці. Хаця б таму, што сёння не бывае бедных дэмакратый. Не праз тое, што бедныя не ў стане дамовіцца, запачаткаваць пэўныя працэдуры. Проста дэмакратыя сёння – гэта кансэнсус тых, хто багаты. Бедных туды не прымаюць.

Ёсць пэўная іронія ў тым, што два апошнія лепшыя менскія раманы атрымаліся звязаныя з таннымі патэрнамі. Газіроўка за тры капейкі, падвойны эспрэса з водрам падгарэлай піцы. Магчыма, мы яшчэ дачакаемся менскай гісторыі, якая будзе пабудаваная на эстэтыцы вустрыцаў, і толькі тады заўважым, што апынуліся ў іншай краіне. Пагатоў гурманаў хапае.

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце