Рэцэнзія на кнiгу: Original?1430382854
Палітсэксалогія беларускага антыгероя

Новая кніга Андрушы Лазуткіна складаецца з аповесці «Паліталогія», цыкла апавяданняў «Плады і ягады» і лірычнай замалёўкі «Французскія духі». Усё разам гэта даволі арганічна ўтварае ідэйна-мастацкае цэлае, і цяжкасцяў з вызначэннем жанру не ўзнікае. Прыметнік «выхаваўчы» навівае нуду і асацыяцыі з Эміліяй і Шарлотай Брантэ, але не ў выпадку Лазуткіна, які піша ліха і весела. І ўсё ж у цэнтры ўвагі яго прозы – станаўленне асобы героя, а значыць, мы маем справу з раманам выхавання.

 

Аднак з Андрушам не ўсё так проста. Лірычны герой прымярае па чарзе ўсе існыя ідэалогіі, спрабуе сябе ў ролі героя-любоўніка, але фармавання «сацыяльных і маральных арыенціраў» не адбываецца, замест выхавання атрымліваецца палітычная дызарыенціроўка і самаразбэшчванне. На гэтай супярэчнасці будуецца мастацкі свет яркай лазуткінскай прозы, будуецца таленавіта і напорыста.

У тэкстах Лімонава пераважае нарцысізм, у Лазуткіна сустракаецца самаіронія.

Станаўленню светапогляду героя "Паліталогіі" моцна замінае ўменне заўважаць супярэчнасці ў поглядах асяроддзя: «малалетнія зігамёты», якія сумяшчаюць у сабе шанаванне Сталіна і «рускага фалічнага штыка»; выкладчыкі, якія «перафарбаваліся з навуковых камуністаў у рынкавых лібералаў»; змагары з дыктатурай, якія імітуюць барацьбу дзеля грашовых грантаў. Раскусіўшы разнастайныя ідэалагічныя клішэ, лазуткінскае лірычнае «Я» выводзіць панятак «неўсвядомленага бытавога беларускага ніцшэанства»: «ЛЕНЬ ПАХ..ІЗМ П'ЯНСТВА». Але замест таго, каб кроіць з сябе Звышчалавека, здзяйсняе ход канём: «Я пагаліўся, стукнуў абцасамі, начапіў гальштук і пацягнуў за спадніцамі». Здаровае рашэнне маладога арганізма. Аднак пошукі вялікага і чыстага кахання ў апавяданні «Плады і ягады» таксама церпяць крах, які персанаж падсумоўвае ў асобным апавяданні, памачыўшыся ў ліфце і кінуўшы на развітанне нявернай сяброўцы: «Вось табе. Будзеш нюхаць, сука. Замест французскіх духоў ».

Але калі герою замінае яго празмерная назіральнасць, то аўтару яна дапамагае. Першы выпаўзае з «Паліталогіі» з разгубленым адчуваннем «беларускага сюррэалізму», другі, дзякуючы ўменню бачыць, робіць моцную літаратуру. У прыватнасці, лазуткінскае вока прыкмячае:

1. мастацкасць бытавых дыялогаў: 

–  Рэакцыя бабулі на палітычны жарт маці: «Цішэй, а то малы ў школе пізд..не»;

– Філасофская выснова аднагодка-рабацягі: «Калы, якія я габлюю, забіваюць у зямлю – яны сыходзяць ўсё глыбей ад удараў, а потым ламаюцца. Там цемра, у зямлі»;

2. эстэтыку непрыгожага пейзажу:

– «Сярод страшных чорных кустоў у лабірынце магілаў гарэла чырвоная электрычная падсветка, прама з ямы ў зямлі – асвятляла чыюсьці магілу. Чый хворы

розум здагадаўся гэта зрабіць?»;

– «За шызай ад бруду фортачкай электрычкі мільгае рэспубліка»;

3. палітычную індыферэнтнасць народа і звязаную з ёй іронію:

- «Намаляваў у сшытку каня і мужыка з мячом, тыпу пагоня скача. Пасік хіхікнуў і дамаляваў каню залупу».

Асабліва хацелася б адзначыць майстравітасць аўтара. «Паліталогія» па форме – маналог, але за кошт ўстаўкі недарэчных сцэнак і рэзкай змены кантэкстаў дасягаецца дынаміка, што не так ужо часта сустракаецца ў дзённікавай прозе.

Чытаў, што Андрушу Лазуткіна параўноўваюць з Эдуардам Лімонавым. Пагаджуся, але толькі збольшага, стылі аўтараў падобныя: аўтабіяграфічнасцю, майстэрскім валоданнем мацершчынай, эратызмам. Але ў тэксце Лімонава пераважае нарцысізм, у Лазуткіна сустракаецца самаіронія: «А чым цябе так ўлада пакрыўдзіла? // Нарэшце прыдумаў: ну, тыпу, праезд на сто рублёў падаражэў» або «Выбар профілю навучання ў школе: гісторыя і беларуская філалогія: «Уласна, ні пра што гэта не кажа – акрамя таго, што ў галаве ў мяне была сапраўдная памыйніца». Калі аўтар крытычны не толькі да іншых, але і да сябе – гэта падкупляе.

Тое, што герой не далучаецца ні да адной тусоўкі, не спасцігае навуку прыміраць ўзаемавыключальныя ідэі, што раман выхавання па ходзе апавядання ператвараецца ў жыццяпіс яшчэ аднаго «лішняга чалавека» з чарговага «страчанага пакалення», мне адназначна падабаецца. Жывы і шчыры погляд на свет нашмат цікавейшы за супрацьстаянне сістэме плакатных змагароў, якія перабраліся з амерыканскіх коміксаў ўжо і ў беларускую літаратуру.

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце