Палітычная батлейка: смяяцца — можна!

У беларускай літаратуры здаўна існавала жывая плынь, якая цяпер, пры нашай усенароднай інтэрнэт-галоснасці, павінна была б бруіцца ды шчыраваць, – сатыра. І пасмяяцца мы ўсе любім, і пакрытыкаваць таго, хто нам не па душы, – аднак паспрабуйце адшукаць у актуальных беларускамоўных медыя сапраўды смешную гумарэску або фельетон. Тым больш палітычны!

 

Менавіта гэтую творчую задачу і вырашае Віктар Сазонаў з Гародні. На сваёй малой радзіме гэты аўтар выпусціў ужо дзве кніжкі малой прозы, адна з якіх была перакладзеная на польскую мову. Гледзячы па рэцэнзіях, палякі таксама знаходзяць смешнымі мініяцюры пра палітычнае жыццё беларускай правінцыі. Пры тым можна не баяцца, нібы ў замежных чытачоў складзецца пра нас няправільнае ўяўленне, – магчыма, яно будзе нават больш рэалістычным, чым у саміх дзеячоў беларускай апазіцыі.

“Калі вы ніколі не былі ў Свіслачы, невялічкім раённым цэнтры, што на Гарадзеншчыне, то ўсе іншыя паездкі ды вандроўкі вашага жыцця не маюць аніякага сэнсу. Вы проста цягаліся, як той дурань з торбай, і ў кожным новым месцы сумавалі ад занудлівай логікі пазнанага”. ("Нюансы перыферыі”)

Аўтар, сам з вялікім досведам грамадскай дзейнасці, дазволіў сабе зрабіць аб'ектам сатыры ды гумару ўласных паплечнікаў. З добрай іроніяй і самаіроніяй, у лепшых традыцыях Яраслава Гашака, ён апісвае надзвычай знаёмыя, нават тыповыя эпізоды найноўшай гісторыі: семінары для маладых змагароў, офісы НДА, залы суда, міліцэйскія пастарункі ды гарадзенскія кнайпы, у якіх героі-антаганісты знаходзяць прымірэнне або новыя прыгоды. Дастаецца і нашым, і вашым: калі прадстаўнікі ўлады часцей за ўсё аказваюцца бюракратамі, паталагічна законапаслухмянымі або недастаткова разумнымі, то ў апазіцыі высмейваюцца такія заганы, як пыха, баязлівасць, няздольнасць да актыўных дзеянняў ды лунанне ў аблоках.

Сабраныя ў адну кніжку, гэтыя гісторыі ствараюць цэласны шматкаляровы расповед пра жыццё ды прыгоды двух, так бы мовіць, калектыўных герояў, – міліцыі ды апазіцыі. 

Часам Сазонаў не баіцца выказваць услых сапраўды вострыя рэчы, аднак ніколі не дазваляе сабе ні злосці, ні паныласці. Ён моцна абапіраецца на жывыя традыцыі народнай творчасці: амаль кожны сюжэт мог бы зрабіцца анекдотам, а то і ўжо зрабіўся. Большасць мініяцюр заснаваная на рэальных гісторыях, што маментальна пайшлі ў народ, – напрыклад, арышт нямога за брыдкаслоўе ("Самы гарласты"), а ў "Вачамі праваабаронцы" прамільгвае цень паэта ды музыкі Андрэя Такінданга.

Вядома, у зборніку ёсць мацнейшыя гісторыі, а ёсць слабейшыя. Не ўсе апавяданні выглядаюць аднолькава завершанымі – некаторыя, як і прынята ў анекдотах, абрываюцца на самым смешным месцы, і ім бракуе развязкі. У прыярытэце не аб'ём і глыбіня, а экспрэсіўнасць шаржу, дзесьці нават лубочны стыль. Аднак, сабраныя ў адну кніжку, гэтыя гісторыі ствараюць цэласны шматкаляровы расповед пра жыццё ды прыгоды двух, так бы мовіць, калектыўных герояў, – міліцыі ды апазіцыі. З найбольш моцных хочацца адзначыць "Дзень без палітыкі", "Згрызоты сумлення", "Сачыненне" – тыя творы, дзе глыбіня чалавечых стасункаў пераважае над камічнасцю сітуацый.

Палярызацыя ды стратыфікацыя беларускага грамадства прывяла да таго, што ў публічнай сферы пра палітыку можна плакаць, а смяяцца – нельга. 

Амаль усе апавяданні зборніка будуюцца на класічнай перыпетыі: канфлікт, перамога або параза, потым – нечаканая перамена сітуацыі. На такіх самых прынцыпах будуюцца прадстаўленні народнага тэатру, і апавяданні Сазонава, калі спатрэбіцца, будзе вельмі лёгка адаптаваць да батлейкі. Яшчэ адна прыкмета чыста пралетарыяцкага паходжання, – гэта балагурлівая, сказавая мова, шчодра перасыпаная прыказкамі ды прымаўкамі, – ды так, што сюды можна пасылаць філфак за матэрыяламі да курсавых працаў.

“Як вы збіраецеся змяніць сітуацыю ў краіне, калі нават на машыне баіцеся ездзіць? Трасецеся, як коні ў космасе!”(“Зачараваная машына”)

Прынамсі тут няма таго пафасу, што ўласцівы запіскам маладых беларускіх чэгевараў, і чытач любога палітычнага веравызначэння атрымае асалоду ад ярка выпісанай "камедыі характараў". Успамінаецца Кандрат Крапіва з яго п'есамі, а таксама Андрэй Мрый і яго неўміручы будаўнік паветраных замкаў Самсон Самасуй. І гэта вельмі важна для аздараўлення грамадскай супольнасці, што, паводле дадзеных сацыёлагаў, цяпер ваюе сама з сабой.

Палярызацыя ды стратыфікацыя беларускага грамадства прывяла да таго, што ў публічнай сферы пра палітыку можна плакаць, а смяяцца – нельга. "Сандалі мітрапалітыка" паспяхова з гэтым змагаюцца і да таго ж дэ-дэманізуюць палітычную дзейнасць увогуле і беларускую апазіцыю ў прыватнасці. У рэшце рэшт, аўтар верыць у гуманізм, часам нават крыху наіўна: міліцыянты, задумаўшыся, раскайваюцца ("Паслуга за паслугу", “Папера ад апазіцыянера”), а простыя людзі ў сандалях выходзяць пастаяць за свае правы ("Сандалі"). Але ж фельетон і гумарэска – зусім не тыя жанры, у якіх трэба выпісваць кожны характар ва ўсіх псіхалагічных дэталях. Да таго ж, якімі б мы з вамі разумнымі ні былі, у зале гледачоў палітычнага тэатра нам усё адно хочацца верыць, што Несцерка пакалоціць чорта, а не наадварот. І ўрэшце проста смяяцца, калі хочацца смяяцца. 

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце