Рэцэнзія на кнiгу: Original?1389279339
Пра галасы і перспектыўнасць трывіяльнага

Я не надта хацеў пісаць пра новую кнігу Святланы Алексіевіч, але адмовіць Сашы Дорскай не магу. Папраўдзе, і крытычны агляд гэтай кнігі я таксама даць не магу, таму, наўзамен яго, абмяжуюся некаторымі чытацкімі развагамі. Каб больш не вяртацца, патлумачу: ахвоты мала не таму, што кнігу я не чытаў, а наадварот: з “Часам сэканд-хэнд” я правёў цэлы месяц, рыхтуючы беларускае выданне, чытаў літаральна “па літары”, і ў выніку нават трапіў на прыём да прафесійных псіхолагаў.

 

Чытаць кнігі Алексіевіч надзвычай цяжка. Не з тае прычыны, што пісаныя яны грувасткім стылем, бо гэта зусім не так: чым далей, тым лепш піша аўтарка – і гэта пры ўсёй неэстэтычнасці, скажам так, матэрыялу (хоць, канечне, той бруд і абсурд чалавечага існавання заўсёды ўраўнаважваецца ў яе антыноміяй). Пачынаючы ад “У вайны не жаночы твар” кнігі дрэйфуюць да большай ускладненасці, структураванасці мовы. Першая кніга не мела, бадай, жорсткай структуры, а вось астатнія былі прывязаныя да маналогаў “саўдзельнікаў” – маналогі, зрэшты, і ўтваралі змест кнігі. Што да “Часу сэканд-хэнд”, то ў ім самая ідэя кнігі аўтаркай мысліцца крыху больш глабальна: вядома, сам змест па-ранейшаму дыктуе структуру, аднак самаарганізацыя кнігі таксама адбываецца. Паасобныя часткі і нават тэмы кнігі становяцца лейтматывамі, пранікаюць на найніжэйшыя ўзроўні расповеду, з’яўляюцца словы, якія будуць трапляцца на ўсім працягу кнігі, усплываць у тым ці іншым маналогу і не паходзіцьмуць з самога зместу.

Я б сказаў, што “Час сэканд-хэнд” – своеасаблівы энцыклапедычны даведнік па ўсёй творчасці Алексіевіч. Тэматыка, якая закраналася ў мінулых кнігах – “У вайны не жаночы твар”, “Апошнія сведкі”, “Цынкавыя хлопчыкі”, “Чарнобыльская малітва” паўсюль выплывае то з той, то з іншай гісторыі. Можа, толькі чарнобыльская тэма тут не згадваецца (хаця, магчыма, і забыў нешта), аднак, наўзамен яе, выходзіць то там, то сям задума наступнай кнігі, пра якую Алексіевіч даўно гаворыць – кнігі пра каханне. Такім чынам, тэмы гэтыя, пераплятаючыся ў маналогах, утвараюць дзіўны калейдаскоп, зусім адцяняючы асноведзь кнігі – “Зачараваных смерцю”, якіх сама аўтарка дагэтуль лічыла недасканалай спробай выказвання.

“Час сэканд-хэнд” – своеасаблівы энцыклапедычны даведнік па ўсёй творчасці Алексіевіч.

Я казаў, што чытаць кнігі Алексіевіч цяжка, і гэта сапраўды так. Тым не менш, для знаёмства з гэтай аўтаркай “Час сэканд-хэнд” будзе найлепшым падручнікам. Не толькі дзякуючы тэматыцы. Па-першае, мова кнігі добра адрозніваецца ад мовы першых кніг (у лепшы бок, зразумела; праўда, я мяркую па савецкіх выданнях, якія ёсць у мяне на паліцы – магчыма, яны былі адрэдагаваныя пісьменніцай у часе выдання новых збораў твораў). Па-другое, з адлюстравання брыдкага, агіднага і страшнага ў чалавечым існаванні Алексіевіч у новай кнізе пераходзіць да асэнсавання палітычных праблем, гаворыць пра больш адцягненыя рэчы і паняцці – такія, як савецкі чалавек, ягоная свядомасць; распавядае пра людзей у часе перабудовы і ў  першыя гады пасля знікнення Савецкага Саюзу. Я маю на ўвазе, што той квінтэсэнцыі беспрасветнасці, характэрнай для папярэдніх кніг, у “Часе сэканд-хэнд” менш. Гэта, бадай, найбольш лёгкая для чытання кніга Алексіевіч (хоць, можа, гэта і аксюмарон).

Катэгорыі “лёгкая / цяжкая”, канечне, не зусім навуковыя (і гэта мякка кажучы). Аднак, звыкаючыся з тым, што кнігі ў прыгожых вокладках трактуюцца як літаратура, крытыкі мусяць адказваць на запатрабаванні чытача, ці варта іх набываць. Я бы сказаў, што кнігі Алексіевіч трэба мераць крыху іншымі лінейкамі, чымся ўласна белетрыстыку-літаратуру. Вядома, што гэта адказ на даўні заклік Алеся Адамовіча “Дык рабіце звышлітаратуру!”. Нагадаю: Адамовіч хваляваўся, што звычайная белетрыстыка не можа фармаваць мысленне чалавека, яно, маўляў, абрасло сфагнумам і іншым лайном, праз якое дужа цяжка пісьменніку прабіцца. Алексіевіч гэты заклік у свой час падхапіла і ў нядаўнім інтэрв’ю Максімюку згадвала, што Адамовіч называў ейны жанр “раманам галасоў” альбо “саборным раманам”. Тут відавочнае перагуканне Адамовіча з кнігай Бахціна “Праблемы паэтыкі Дастаеўскага” і бахцінскай ідэяй “поліфанічнага раману”. Перабудоўчая крытыка, асабліва пасля святкавання 1000-годдзя хрышчэння Русі ў 1988-м, звязала гэтую бахцінскую гіпотэзу з ідэяй царкоўнай саборнасці і ледзь не цалкам пахавала ўсе літаратуразнаўчыя знаходкі Бахціна пад гэтым сінтэзам філасофіі з Царквой (пра гэта добра пісаў у апошняй сваёй кнізе Натан Тамарчанка). Але справа не ў Бахціне, а ў Алексіевіч, для якой прынцып поліфанічнасці ад пачатку зададзены жанрам суплёту “чужых” маналогаў, якія ў працэсе распавядання робяцца “сваімі” для слухача-аўтаркі, для чытача і для самой кнігі (у апошнім выпадку і пачынаецца “перагуканне матываў”). Прынцып зададзены, але для творцы кожная зададзенасць – зло, таму Алексіевіч спрабуе яго развіваць. Так і ў “Час сэканд-хэнд” аповеды-маналогі перамяжоўваюцца сапраўднымі “галасамі”, часам яны ўжо нават не аўтарызуюцца, гэта прадстаўляецца як безыменная, але не безаблічная вулічная гамана. Гэты хор галасоў, цытатаў, фрагментаў падслуханых размоў таксама новы для метаду Алексіевіч і праявіўся ў завершаным выглядзе толькі ў апошняй кнізе, пра якую і ідзе гаворка.

Той квінтэсэнцыі беспрасветнасці, характэрнай для папярэдніх кніг, у “Часе сэканд-хэнд” менш. Гэта, бадай, найбольш лёгкая для чытання кніга Алексіевіч (хоць, можа, гэта і аксюмарон).

Гаворачы пра Алексіевіч, заўсёды крытыкамі адзначалася: бярэ, скажам так, заезджаную і ў той жа час маргінальную тэму: ну, былі жанчыны на вайне; ну, быў Афган; ну, грымнуў Чарнобыль – хто ж гэтага не ведае? Каго гэта не закранула? Яно і сапраўды: здаецца, усё вядома, але насамрэч – гэтага як быццам і не было. І менавіта таму за гэтыя тэмы бралася Алексіевіч. Здавалася, што і пра падзенне Савецкага Саюзу казаць няма чаго, бо ўсе ўсё пра гэта ведаюць, і наогул – “Аганёк” Кароціча. Але факт той, што ўжо сёння “Аганёк” Кароціча для мяне, напрыклад, – як “помнікпушкіну” для Цвятаевай. Я без Вікіпедыі не ведаю, хто такі Кароціч, ніколі не трымаў у руках часопіс “Аганёк” і не помню 19 жніўня 1991 года. Усяго гэтага – для мяне асабіста, для маёй памяці – не было, як і афганскай вайны, і Чарнобыля, і жанчын-снайпераў.

Таму і гаварыць і пісаць пра гэта – варта і важна менавіта цяпер.

Спатрэбіцца.

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце