Рэцэнзія на кнiгу: Original?1358962451
Прадчуванне болю

Назва доўгачаканай кнігі прозы Уладзіміра Сцяпана “Адна капейка” гучыць правакацыйна: ці гэта сціпласць аўтара, які так іранічна ацэньвае свае творчыя здабыткі, ці гэта скруха ад спасціжэння адлегласці паміж зробленым і жаданым… 

 

Магчыма, адказ хаваецца ў аднайменным апавяданні. Дзевяцігадовы хлопчык выпадкова знайшоў восемдзесят сем капеек. Аднак, паддаўшыся нейкай невытлумачальнай гіпнатычнай сіле, аддаў усе грошы мясцоваму калеку Барыску, які паабяцаў выканаць “за кожную капеечку па адным жаданні”. І абяцанне сваё, як ні дзіўна, выканаў. Але герой аддаў калеку не ўсе капейкі – адна-адзіная выпадкова засталася ў кішэні. Такім чынам, ён пазбавіў сябе аднаго выкананага жадання, і гэта вярэдзіць яму сэрца праз усё жыццё. Мабыць, так жа, як неспатоленасць творчасцю. Бо самы лепшы твор, як вядома, заўсёды не напісаны.

Усе, каму даводзілася пісаць пра Уладзіміра Сцяпана, у адзін голас сцвярджаюць, што яго творчую манеру немагчыма пераблытаць ні з якой іншай. Не буду паўтарацца, далучаюся да агульнага меркавання.

Аднак у мяне творчасць Сцяпана асацыюецца найперш са з’явай фізічнага кшталту – болем. Яго аповеды ўражваюць. Не ў тым сэнсе, што “робяць уражанне”, хаця і гэта, вядома, таксама. Але ў тым сэнсе, у якім гэтае слова ўжывалася раней у беларускай мове: уразіць – “параніць, прычыніць боль”. У лёсах герояў, у жыццёвых сітуацыях, а карацей – у творчай манеры Уладзіміра Сцяпана столькі болю, што на вокладцы, бадай, варта ставіць папярэджанне: “асобам уражлівым і псіхалагічна няўстойлівым чытаць не рэкамендуецца”. Менавіта таму я ўзяла ў рукі кнігу “Адна капейка” са скрушлівым прадчуваннем… болю. Пагатоў, пераважная большасць твораў, сабраных у гэтай кнізе, знаёмая мне па ранейшых часопісных публікацыях.

Праўда, аўтар сам сабе паставіў пастку. У некаторых навелах нервовая напятасць дасягае такой ступені (“Вяртанне”, “Каханне. Гісторыя ІІ”, “Ножыкі”, “Дзве гадзіны”, “Букет. Медаль. Шапка”), што іншая, менш напружаная, ужо так не ўражвае (=не раніць). І крыху расчароўвае. Гэта прыблізна як пераадоленне болевага парогу, за якім меншы боль ужо не ўспрымаецца.

Яго аповеды ўражваюць. Не ў тым сэнсе, што “робяць уражанне”, хаця і гэта, вядома, таксама. Але ў тым сэнсе, у якім гэтае слова ўжывалася раней у беларускай мове: уразіць – “параніць, прычыніць боль”.

Шмат гісторый у кнізе прысвечана юнацтву і роднаму мястэчку. Так-так, героя-апавядальніка непрафесійна атаясамліваць з асобай пісьменніка. Але гэта, мабыць, той нярэдкі выпадак, калі можна не крывадушыць. Тым болей, Уладзімір Сцяпан шчодра ўпісвае ў мастацік тэкст сваю біяграфію. Навелы, якія прысвечаныя пераважна нялёгкаму выжыванню падлетка ў асяроддзі сваіх аднагодкаў ды яшчэ ў 1970-х гадах ды яшчэ ў правінцыйным мястэчку, варта лічыць асобным раздзелам. І хаця геаграфічных назваў не гучыць, прапаноўваю гэтае так маляўніча прадстаўленае мястэчка, назваць Сцяпанаўкай. Адны і тыя ж вучні разам са сваімі бацькамі, настаўнікамі і юначымі захапленнямі вандруюць з навелы ў навелу, так што ў выніку сапраўды паўстае шматколерны і шматслойны свет. Праўда, само мястэчка пры гэтым з’яўляецца бясколерным, нават не чорна-белым, а менавіта бясколерным фонам. Паветра, водары, вецер, аблокі – усё што заўгодна можа быць насычана колерамі, акрамя самога мястэчка. І гэта будзе зразумела тым, чыё юнацтва прайшло ў сярэднестатыстычным беларускім г.п. Не абавязкова канца 1970-х. І ў канцы 1990-х шэрыя сцены аднолькавых будынкаў так жа ўздзейнічалі на свядомасць.

Ну і, вядома, пра фарбы. Пасля ўсяго сказанага на гэтую тэму ў творчасці Сцяпана-прафесійнага мастака ўжо нават і няёмка распачынаць зноў… Тым болей, кніга адкрываецца грунтоўнай прадмовай Лады Алейнік, дзе гэта падрабязна аналізуецца. Звярну ўвагу на іншае.

Уладзімір Сцяпан – пісьменнік не для задаволеных чытачоў. То бок ён ніколі не задаволіць чытацкую цікавасць сюжэтам. Аповед абрываецца так жа нечакана, як і пачынаецца. Глядзіш на апошні абзац і думаеш: як? чаму? навошта? І галоўнае – за што? Як, напрыклад, у навеле “Безназоўная рака”. Але праз нейкі час сыходзіць “прасвятленне”. Не, гэта не пісьменніцкія хітрыкі і нават не гульня. Сакрэт у тым, што сюжэт сам па сабе Сцяпана (які прафесійны мастак) не цікавіць. Бо яго цікавіць толькі карціна. Адзін момант. Адно імгненне. І калі чытач не можа гэтага спасцігнуць, не можа атрымаць асалоды ад сузірання гэтай карціны замест таго, каб вярэдзіць душу здагадкамі (чаму? навошта? за што?), значыць, акварэльная проза Уладзіміра Сцяпана – гэта не па яго адрасе.

 

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце