Ратавальная кома

Добра ведаю горад, дрэнна беларускую вёску. Раней, дзяўчынкай, мяне штогод адпраўлялі летам да сваякоў, але вёска майго дзяцінства была Эдэмам. Відавочна, тым Эдэмам, які беларусы ўжо страцілі. Прынамсі, калі верыць пісьменніцы Таццяне Барысік, якая не так даўно выдала кнігу апавяданняў з запамінальнай назвай “Жанчына і леапард”.

 

Апавяданні Таццяны Барысік чытаю даўно – яна належыць да тых нешматлікіх беларускіх пісьменніц, чые імёны з вялікай ахвотай згадвае “Наша Ніва”, верагодна таму, што іх творчасць мае выразную сацыяльную скіраванасць. Калі Алена Брава распавядае, як дэградуе насельніцтва беларускіх гарадоў, то Таццяна Барысік дапаўняе карціну кароткімі аповедамі пра заняпад вёскі. Заняпад эканамічны, духоўны, фізічны. Заняпад “па ўсім стаццям”. Дарэчы, моўны заняпад у вёсцы – гэта асобная тэма ў творчасці пісьменніцы, бо многія яе апавяданні пабудаваныя менавіта на абыгрыванні разнастайных формаў трасянкі і журналісцка-чытоўніцкіх штампаў. 

“Пра перадавікоў, значыт, пісаць будзецеце. Очэнь рады, очэнь рады. Адной нашай работніцы тожа грамату ўручылі. Эта гордасць нашага праізвоцтва, душа калектыву, брыгадзір аператараў. Сійчас пазаву… Ленку Багуненку прыгласіце!”

Гэты ў тры радкі ўрывак з апавядання “Жанчына і леапард” выдатна дэманструе тыповыя прыёмы стварэння камічнага эфекту ў літаратурных і фальклорных творах. Тут і словы-паразіты, і слоўная збыткоўнасць, і паўторы, і калькі, і ўстойлівыя выразы, малапрыдатныя да жывой гаворкі… Увесь арсенал сродкаў, якія ўжываюцца ў гумарыстычных жанрах. Аднак, пры ўсёй насычанасці, нават набрыняласці гэтымі сродкамі, эфект ад іх не столькі камічны, колькі трагікамічны. Бо гэтыя прыёмы ўжываюцца не для перадачы каларытнасці таго ці іншага персанажа, яны, па сутнасці, у апавяданнях Барысік стылестваральныя, то бок паўтараюцца з твора ў твор, пераходзяць са старонкі на старонку… Так, некалькі разоў у кнізе ўзнікаюць трывалыя штампы кшталту “нарадзіўся ў беднай сялянскай сям’і”, “абралі дэпутатам сялянскага савета”… І тропы народныя таксама паўтараюцца – “напіўся як бэля”, “пыльным мехам пацопаны”. Наогул, слоўных паўтораў у кнізе відавочна многа, прычым не толькі ўстойлівых выразаў, але і проста словаў-вобразаў, да якіх у аўтаркі, пэўна, ёсць нейкі свой сентымент… З аднаго боку, гэта робіць творы пазнавальнымі, з другога – пакідае адчуванне нейкай рэзервацыі, куды выселілі аўтара без права змены жыхарства.

Беларуская правінцыя выпісаная Таццянай Барысік так вусцішна, што нават страшна ўявіць, за якія ўчынкі лёс так карае людзей, што пасылае іх назад, дадому!

Гэтая тэма – немагчымасць змены атачэння – суровая нітка, якой прашытая ўся кніга. Не, час ад часу аўтарка згадвае тых нешматлікіх шчасліўчыкаў, якім пашанцавала з’ехаць у які Мурманск ці Сібір, але, як правіла, гэта героі нават не другога ці трэцяга плану, а так, міма ішлі… А ўсе сапраўдныя героі жывуць у беларускім “кубе”, з якога не вырвацца, бо ўсе яго насельнікі асуджаныя не толькі на адзінокую пакутлівую смерць, але і на сустрэчу са сваім маленствам. Як ні ўцякай у сталіцу ў пошуках “культурнага жыцця”, жыццё рэальнае цябе заверне, як стары сабака маладую цялушку. І ўсе твае парыванні стаць паэтам ці скульптарам разбіваюцца непазбежна, як бутэлька, кінутая праз вакно пункту прыёму шклотары.

Беларуская правінцыя выпісана Таццянай Барысік так вусцішна, што нават страшна ўявіць, за якія ўчынкі лёс так карае людзей, што пасылае іх назад, дадому! Нават добра ператрасаючы герояў у сіце памяці, цяжка выявіць у ейных апавяданнях хоць бы аднаго шчаслівага чалавека. Хіба назавеш шчаслівай жанчыну, для якой найлепшым падарункам на Новы год становіцца момант, калі дзяўчынка на ранішніку чытае класічны твор беларускай паэзіі? Простая справа, звычайная для людзей усіх нацыянальнасцяў. А для беларускай “арганізатаркі пазашкольнай працы” – гэта момант узрушэння, бо твор гэты “Пагоня”, а класік – Багдановіч. І ад радасці, што гэта наогул здзейснілася, арганізатарка забылася і на “п’яную бабку, ЛТП, Вову Малдавана, здзяцінелага кавээншчыка”.

Беларуская правінцыя – апошняе месца на зямлі, дзе варта шукаць шчасця. Гэта хутчэй чысцец, заля чакання, кома.

Дарэчы, вобраз здзяцінелага кавээншчыка з апавядання “Падарунак для Дзеда Мароза” выглядае даволі дзіўна. Бо калі даходзіш да сярэдзіны кнігі – а менавіта там і з’яўляецца кавээншчык – то ўжо больш-менш уяўляеш сабе сістэму каштоўнасцяў, у якой існуе аўтарка і якая важная для яе самой. І тут раптам пісьменніца – праз сваю гераіню, з якой ты міжвольна яе атаясамляеш – пачынае апісваць выступ студэнцкай каманды КВН і абурацца тым, што адзін з яе ўдзельнікаў далёка не студэнт.

“Нейкі лысаваты дзядзька, з выгляду 20 гадоў як не студэнт, лётаў па сцэне і мармытаў жарт, які аскому нагнаў:

— Лінолеюм, міленіюм!

Маладым надакучыла, старэйшыя не разумелі.

— У гэтага пердзела старога мусі ўнукі ўжо ёсьць, а ён усё маладым прыкідваецца, — пачуўся голас гаспадара, Сяргея Мацюшэўскага.

— Няхай бы лепш унукаў гадаваў, чым дзяцініўся, — падтрымала бацьку дачка Іра.

Вось праз такіх зьдзяцінелых дзядзькоў Дзед Мароз ператварыўся ў жанчыну, — падумалася мне.— Гэты бязьмен тут выдурняецца, а Дзеда Мароза даводзіцца граць дваццацідвухгадовым дзяўчатам”.

І можна было б падтрымаць абурэнне апавядальніцы, каб не той момант, што практычна ўсе ранейшыя творы так ці іначай закранаюць тэму ранняга, дачаснага старэння беларускіх жанчын. Тых, каму па вызначэнні самой жа Барысік, “на мары, здольнасці, свабоду выбару сілаў ужо не застаецца”… Тых, хто марыць у наступным жыцці нарадзіцца вольным зверам – леапардам… Тых, у каго “у вачах такі сум – хоць задавіся, пэўна ад шчаснага жыцця”… Тых, хто і сапраўды засільваецца, співаецца, прападае невядома куды, толькі б не сутыкацца з гэтай “шчаслівай” рэчаіснасцю, дзе большасць жорстка рэгламентуе паводзіны. “Няхай бы лепш унукаў гадаваў, чым дзяцініўся” – гэта тая ж жорсткасць і непавага да чужога выбару, якую выяўляе і “мудрая” свякруха, якая раіць творча адоранай нявесцы забыцца на “пісанне”, бо ты ўжо “матка дваіх дзяцей, а не школьніца якая” ( “Па наезджанай каляіне”).

Наогул, прачытанне кнігі “Жанчына і леапард” карыснае перш за ўсё тым, што дае магчымасць змяніць сістэму каардынат. Задумацца пра чужы незнаёмы лёс… Апынуцца там, дзе цябе быць не магло, але куды ты, цалкам верагодна, гатовы пераехаць у пошуках ідыліі. Таццяна Барысік яскрава і не без карысці для чытачоў сведчыць: беларуская правінцыя – апошняе месца на зямлі, дзе варта шукаць шчасця. Гэта хутчэй чысцец, заля чакання, кома… Месца, дзе няма субяседніка, акрамя цябе самога. Месца, дзе можна “вяртацца дадому і не ўбачыць на сваім шляху ніводнага следу, апроч уласнага, пакінутага табой па дарозе ўпрочкі”.

Пасля гэтага сказу, апошняга ў кнізе, аўтарка пытае: што гэта – праклён ці дабраславенне?” Пытанне стрэмкай застрае ў свядомасці. Ясна, што яно не столькі выпакутаванае самой аўтаркай, колькі пабочны прадукт яе разваг над чужымі перакручанымі жыццямі. Пытанне, кінутае ў нікуды, але простае для таго, хто прачытаў зборнік апавяданняў Таццяны Барысік “Жанчына і леапард”. Як чалавек, які закрыў апошнюю старонку кнігі, адкажу… Для чалавека глыбокага і таленавітага – праклён, для чалавека павярхоўнага і бяздарнага – блаславенне. Бо гэты каматозны стан беларускіх вёсак і мястэчак – як ні круці – ёсць выдатным апраўданнем для сваёй слабасці, адсутнасці таленту, нежадання “пераўзыходзіць межы і ўяўленні” (А. Разанаў). Тут усё можна спіхнуць на месца, з якім табе відавочна не пашанцавала.

Але што рабіць тым, хто жыве ў горадзе? Як нам апраўдваць сваё неідэальнае жыццё?

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце