Рэцэнзія на кнiгу: Original?1365518382
Шчырасць поўні

 

Вядомая амерыканская паэтка, голас “Веку джазу” Эдна Мілэй любіла казаць, што выдаць зборнік паэзіі — усё роўна, што зняць штаны на публіцы. Беларуска Наста Кудасава ў сваёй другой кнізе “Рыбы” не проста здымае штаны, а нават здзірае з сябе скуру, выварочвае вантробы і прыадкрывае чарапную каробку. Але чытачу зусім не гідка ад такой гранічнай шчырасці аўтаркі. Наадварот, калі чытаеш вершы маладой паэткі, хочацца, насуперак запавету Станіслаўскага, ціха шаптаць: “Веру…” 

 

Кніга “Рыбы” — сапраўды новы крок у развіцці паэтычнага таленту Насты. Калі ў дэбютным зборніку “Лісце маіх рук” — па сутнасці, цалкам неблагой кнізе — сустракаліся і некаторыя “прахадныя” вершы, і ў цэлым акцэнты былі расстаўленыя не надта ўдала (да, прыкладу, асобныя творы падаваліся надта зацягнутымі: там, дзе хацелася б кропкі і завяршэння, аўтарка дапісвала яшчэ страфу і да таго ж ставіла шматкроп’е), то тут усё сапраўды на сваіх месцах. І нават старыя вершы поруч з новымі нібыта ўзвышаюцца, набываюць дадатковыя глыбокія сэнсы. 

Беларуска Наста Кудасава ў сваёй другой кнізе “Рыбы” не проста здымае штаны, а нават здзірае з сябе скуру, выварочвае вантробы і прыадкрывае чарапную каробку.

Больш за тое, у кнізе гарманічна спалучаюцца на першы погляд зусім не спалучальныя з’явы і паняцці. Так, за вершам-прысвячэннем Ягору Летаву (дарэчы, рытм твора Кудасавай удала паўтарае рытм песні “Убивать” гурта Летава “Гражданская оборона”) ідзе твор-алюзія “Развітанне з Радзімай” за ім — верш з рэмінісцэнцыяй на Багдановіча… 

Паэзія Насты Кудасавай разам з агульным моцным інтэлектуальным фонам удала “замяшаная” на шчырым пачуцці, мяккасці, жаноцкасці. Але гэта зусім не “жаночыя вершы”, гэта творы паэта. Менавіта паэтам сябе называла і Марына Цвятаева — адна з любімых аўтараў Кудасавай (на што ўказвае і досыць вялікая колькасць вершаў-прысвячэнняў). 

У цэлым жа, калі паспрабаваць вывесці рацэпт “Рыб”, то атрымаецца прыкладна наступнае: да 100 грам міфалогіі дадаць 300 грам рэлігіі, 150 грам філасофіі, 20 крылаў анёлаў, 5 птушыных гнёздаў, 3 выраі, 2 чайныя лыжкі суіцыдальнасці. Сумесь заліць літрам настойкі кахання на абсэнце і глінтвейне (алкагольныя напоі змешваць у роўнай прапорцыі), дадаць жменю шчырасці, жменю адданасці, варыць цягам гадзіны на павольным агні. Гэтае чароўнае паэтычнае зелле рэкамендуецца прымаць падчас поўні, асабліва закаханым, якія вераць у тэорыю “змоўшчыкаў супраць усяго свету” (прывітанне Бахарэвічу). Курс лячэння паўтараць па меры неабходнасці.

Ужо вядома, што ў выдавецтве “Логвінаў” хутка пабачыць свет трэцяя паэтычная кніга Насты Кудасавай. Надта ж цікава прасачыць за далейшым творчым шляхам аўтаркі. Таму чакаем!

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце