Рэцэнзія на кнiгу: Original?1419547055
Сіла шэпту

Вясковыя людзі ведаюць: калі бярэш у суседкі малако, то, вяртаючы слоік, трэба пакласці ў яго крыху солі ― каб не сурочыць карову. Калі сустракаеш жанчыну з “кепскім вокам”, варта казаць у думках “Соль ― у вочы, дзяркач ― у зубы” ― каб яна не сапсавала дзень ці нават увесь лёс. Ведаюць, што маладой пад вясельную сукенку трэба завязваць чырвоную стужачку, а нябожчыка нельга пакідаць у пакоі аднаго з незнаёмымі людзьмі. Вера ў магію, ці па-вясковаму, “чары” можа суседнічаць у беларусаў са шчырай рэлігійнасцю, таксама як і меркаванне пра тое, што шаптуха ў сваёй хаце дапаможа вылекаваць хваробу не горш, чым прафесійны ўрач у больніцы.

 

Менавіта такімі расповедамі, пачутымі ў дзяцінстве на Глыбоччыне, а таксама гісторыямі, запісанымі падчас экспедыцый па беларуска-польскім памежжы ― Палессі – Падляшшы, натхняўся празаік і перакладчык Віталь Воранаў пры напісанні кнігі “Шэптам”. У прадмове да выдання аўтар адзначае, што перад чытачом ― не дакументальныя тэксты, не этнаграфічна-культуралагічныя матэрыялы, а мастацкія творы, на напісанне якіх падштурхнула вывучэнне тэмы вядзьмарства-знахарства і шматлікія экспедыцыі. Важна, што кніга выйшла ў фармаце білінгва ― на беларускай і польскай мовах, таму з гэтымі расповедамі змогуць пазнаёміцца і чытачы на “польскім баку” рэгіёну натхняльных вандровак пісьменніка.

Тут сквапны чалавек памірае ад таго, што на яго лёгкіх растуць баравікі.

Атмасфера чараўніцтва і містыкі, што пануе ў амаль двух дзясятках апавяданняў з кнігі, палохае і прыцягвае ўвагу адначасова. Гэта як трапіць у свет страшных апавяданняў, што расказвалі аднагодкі ноччу каля вогнішча, ці зноў пачуць расповеды бабулі пра сурокі, праклёны і незвычайныя гісторыі з далёкай старажытнасці.

Тут вядзьмарка можа зрабіць залом на жыце і сурочыць гаспадара, “каменная дзевачка” (дзяўчына, некалі ператвораная ў камень) ― стаць жонкай, а тапелец ― суджаным і мужам. Тут жывуць сапраўдныя бабулі-лекаркі і экстрасэнсы-шарлатаны, і нават памежнікі вераць у гаючую сілу народных замоў і рытуалаў. Тут сквапны чалавек памірае ад таго, што на яго лёгкіх растуць баравікі, а сусед-зайздроснік выпадкова адразае сабе пальцы як расплату за сурок каровы.

Так, гэтыя апавяданні здольныя паказытаць нервы нават самым спакойным і вытрыманым чытачам. Іх містычнайсць і атмасфера чараўніцтва нагадваюць страшныя гісторыі Эдгара Алана По і Стывена Кінга, а экранізацыі некаторых тэкстаў маглі б стаць сапраўднымі блокбастэрамі. Вось, да прыкладу, як вам такі сюжэт: маладая дзяўчына, каб знайсці каханне, вырашыла зрабіць “прыварот” выпадковага незнаёмца, знайшоўшы яго след на беразе ракі. Аказалася, што след пакінуў хлопец перад тым, як утапіцца. Тапелец стаў прыходзіць да новай каханай у снах і на яве, уздыхаць на даху і грукацца ў шыбы. Натуральна, дзяўчына не вытрымала і вырашыла правесці адваротны рытуал, каб пазбавіцца ад каханка. Яна зайшла на світанні ў раку… Праз некаторы час закаханых знайшлі разам. Яны былі абняўшыся, нібыта заснулі ў вечным сне.

У некаторых тэкстах Віталь Воранаў пакідае фінал адкрытым і не раскрывае ўсіх сакрэтаў, а часам прыводзіць чытача да патрэбных высноваў. Так, праслізгвае думка, што бабулі-лекаркі перадусім добрыя псіхолагі, якія могуць дапамагчы парадай, добрым словам, а ўжо потым ― рытуалам ці магічнымі зёлкамі, што многія хваробы і нястачы чалавека ― ад нерваў, і для іх вырашэння варта першай справай супакоіцца.

Адметна, што аўтар засяроджвае ўвагу чытача на захаванасці ў нашым народзе спрадвечна беларускіх уяўленняў пра хваробы і спосабы іх лекавання, на тым, што гэта не проста страшныя гісторыі ― а цэлая сістэма ўяўленняў пра свет і жыццё людзей у ім. Таму іх трэба захоўваць, запісваць, зберагаць як важную частку нашай спадчыны. Кажуць, што невядомаму і незразумеламу можна надаць любы сэнс. А можа, лепш звярнуцца да досведу продкаў? Адказ абавязкова знойдзецца ― у выглядзе прыказкі, песні, казкі ці нават страшнай гісторыі і замовы вядзьмаркі-знахаркі.

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце