Рэцэнзія на кнiгу: Original?1359311683
Словаловы Бахарэвіча

Відаць, гэты раман перш за ўсё пра мову. Ці пра пра-мову. Прынамсі тэкст хоча здавацца такім.

 

Я ― пра Шабаны Альгерда Бахарэвіча, сёмы том ягонага збору твораў. Кніжка эксперыментальная, канечне. Як і ўсе кнігі Бахарэвіча. Што рабіць, чатырохстопны ямб надакучыў, а хто працягвае яго любіць ― завецца мудаком і баязліўцам.

Зрэшты, самая ідэя няспешна і падрабязна расказваць гісторыю таксама можа здацца рэтраграднай. У гэтым плане Бахарэвіч яшчэ звязаны з традыцыяй, увогуле ― з літаратурай у яе першасным разуменні, ад якога яна паступова адыходзіць.

Можна гаварыць, што кнігі ягоныя не зусім тое, чаго мы чакаем ад раману ці то аповесці, аднак гэта ўжо нашы праблемы. Раман застаецца раманам калі быццё ў ім не стаіць на месцы, а кудысьці рухаецца. Праўда, гэты рух можа быць цэнтраімкнёным. У “Шабанах” рух ці нерухомасць падвоеныя, як падвоеная ўся кніга.

Для аматараў крытыкі ў жанры “кароткі змест” крыху праясню сітуацыю. У “Шабанах” ― дзве лініі (не асноўныя, а проста ― дзве): уласна раманная і мемуарна-эсэістычная. 36 кароткіх раздзельчыкаў пастаянна і папераменна чаргуюцца. Уласна раманная частка распавядае пра тое, як у эмацыянальнай жанчынкі Сафіі з Зялёнага Лугу знік муж, Сіманенка. Увесь раман яна шукае яго: спачатку адна, потым разам з ягоным братам ― мастаком-перформерам Данілам, які ўрэшце угаворвае яе на абмен у Шабаны, але неўзабаве знікае, расфігачыўшы на развітанне ўсю новую мэблю. Што праўда, у хуткім часе да Сафіі прыязджае трэці атожылак Сіманенкаў ― малады жлоб Юрачка. Трапіўшы ў Шабаны, ды яшчэ і знайшоўшы мужыка, Сафія запаўняе гештальт і выштурхоўвае з памяці Сіманенку.

Другую лінію можна ледзь не ўсю засоўваць ў Вікіпедыю. Усё ― пра Шабаны, а дакладней пра Бахарэвічавы Шабаны, ягонымі вачыма і ягоным уяўленнем створаныя. 

І тут, канечне, трэба гаварыць пра міфапаэтыку і топас Менску.

У нейкім сэнсе ўсе мы родам з Шабаноў. Яны наш магніт, нулявы кіламетр ― імперыя, якая трымалася на брывах генсекаў і працягвае прабівацца скрозь шэрую наледзь часу, жадаючы выйсці на новае кола.

Без міфу не абыдзешся, і ўзнікае ён, як заўсёды ў Бахарэвіча, крыху падкрэслена. Матыў пракладання метро да Шабаноў, які навязліва паўтараецца ці не ў дзесяці розных месцах рамана мусіць паказаць адарванасць Шабаноў ад горада, іх непранікальнасць, іх замкнёнасць у сферы саміх сябе, іх нязменнасць, іх абумоўленасць уласнымі анталагічнымі законамі; гэта і ёсць галоўныя адзнакі міфу. Відаць, Бахарэвічу, які перакладае братоў Грым, магчымасці вобраза Шабаноў падаліся вельмі перспектыўнымі. Акрамя Шабаноў-міфу, які можна здзейсніць праз творчае ўяўленне дэміюрга-аўтара, ёсць яшчэ уласны, аўтарскі (аўтабіяграфічны) міф. У рамане гэтыя два міфы ― іррэальны і, скажам так, часткова рэальны, спалучаюцца, але не перасякаюцца. Кніга ўяўляе сабой чаргаванне гэтых двух міфаў.

Адпаведна, падвоены і рытм, рух. Калі ў сюжэтнай частцы абавязкова прысутнічае дынаміка, то ў мемуарнай хутчэй прэвалюе статычнасць. Такім парадкам, міфалогія больш дзейсніцца ў мемуарна-эсэістычнай лініі, і гэта натуральна, бо добра распісаная рэтраспектыўная мастацкая рэальнасць значна больш нагадвае ноўменальны свет, чым якая-кольвек сюжэтная дрындушка.

Звязвае гэтыя два полюсы мова (яна ўсё звязвае, такая ў яе доля). Першаэлементы “Сал-бэн-рош-ён” у эсэістычнай частцы з’яўляюцца чатырма хлопцамі з Шабаноў, а ў раманнай ― замяняльнікамі мовы, ідэнтычнымі натуральным. Непазбежна, як тапелец з катлавана, усплывае ў тэксце і шалёны акадэмік Мікалай Якаўлевіч Мар, друг таварыша Сталіна і па сумяшчальніцтву грузін, які ў 1920-я ― 1930-я гады нарабіў шораху сваёй яфетыдалогіяй, згодна з якой усе мовы свету паходзяць з чатырох элементаў, адпаведна “Сал”, “Бэр”, “Рош”, “Ён”. У Бахарэвіча фруктовы Бэр стаўся Бэнам. Вось ужо дзе сапраўды нізкапаклонніцтва перад Захадам!

 Аўтар гуляе з марызмам па-майстэрску. У раманнай частцы чатыры элементы становяцца не тое, што пра-асновай мовы, а хутчэй менавіта паўтаральнымі яе элементамі, шаблонамі, стэрэатыпамі, паводле якіх будуецца выказванне. У той жа час гучаць яны і як замова, магічны заклён.

Мова глытае спажыву паступова, як змяя: сал-бэн-рош-ён, і ты ўжо ўнутры іх, чатырох, і выйсця няма, і няма цябе.

……………………….

У нейкім сэнсе ўсе мы родам з Шабаноў. Яны наш магніт, нулявы кіламетр ― імперыя, якая трымалася на брывах генсекаў і працягвае прабівацца скрозь шэрую наледзь часу, жадаючы выйсці на новае кола. Але ў гэтым няма віны Бахарэвіча. Ён прынамсі засцярогся ад бяды, бо ― сказаў, выштурхнуў, выбіў за лінію. Цяпер гэта толькі словы.

Усё гэта толькі словы. 

 

 

Каментары 1
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі

У цэлым кніга мне спадабалася, найперш таму, што я і сам нарадзіўся і вырас на Ангарскай, зусім побач з Шабанамі. Усе апісанае мне вядомае і блізкае: чыгунка па якой ішоў цягнік, праспект па якім ішоў уночы герой, метро, пралетарскія гета ну і ўрэшце самі Шабаны. Першая сюжэтная лінія мне вельмі спадабалася, люблю такія кнігі. Другая надта нудная і зацягнутая, калі бяру ў рукі кнігу і перачытваю, заўжды прапускаю.

0
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце