Рэцэнзія на кнiгу: Original?1384264488
Страх і сіла ў мікрараёне "Поўдзень-3"

Сучасны аўтар можа па-рознаму прэзентаваць свае творы чытачу: змясціць на старонцы ў інтэрнэце, сабраць у электроннае выданне, надрукаваць у  часопісе, альбо ВЫДАЦЬ КНІГУ. Апошні варыянт дагэтуль падаецца многім пісьменнікам самым прэстыжным. Назва кнігі (тым больш дэбютнай) будзе доўга спадарожнічаць прозвішчу аўтара. Кніга – гэта ўжо не спроба пяра, гэта сцвярджэнне пісьменніка, што ягоныя творы маюць пэўнае значэнне ў сучасным літаратурным працэсе.

Што ж у дэбютным рамане Зміцера Гуда "Поўдзень-3" вартае ўвагі 500 чытачоў?

 

У шэрым горадзе М., у мікрараёне "Поўдзень-3" стаіць крама "На балоце", побач з якой "маюць звычку гуртавацца антысацыяльныя элементы, аматары біць лынды, ужываючы танныя алкагольныя напоі". Да мясцовых выпівох належаць галоўны герой Гліст, яго сябра Праведнік, часовая каханка Праведніка Эсмеральда, Кавун і іншыя. Гліст – ізгой, бо "лічыцца здраднікам і баязліўцам". Дзіцячы страх перад дэспатычнай маці зрабіў героя слабым і палахлівым, але Гліст не толькі слабы, ён не ўмее самастойна дзейнічаць, адэкватна ацэньваць сітуацыю і прымаць свядомыя рашэнні. Гэта дэсацыялізаваная, разгубленая, пасіўная істота: герой ні ў чым не можа адмовіць жанчыне, якая ставіць на стол пляшку віна, не ведае, што ў шпіталі нельга піць піва, сам сядае ў машыну да бандзюганаў, а калі сябры трапляюць у небяспеку, нават не спрабуе выклікаць міліцыю.

Гэта расповед пра сілу і страх, пра адказнасць і мужнасць.

Здаецца, Гліст ужо не здатны да рацыянальнага мыслення, ён жыве ў тлуме алкагольных выпарэнняў, але і іншыя персанажы заўсёды робяць дзіўныя, незразумелыя рэчы. Навошта ціхі п'янчуга Праведнік пазычае вялікія грошы для кагосьці са сваякоў, навошта пазычаюць яму – каб мець магчымасць паздзекавацца? Навошта бандзюганы па-зверску катуюць Гліста, калі не плануюць яго забіваць? Ці можа чалавек з пераламанымі рукой і нагой спаць, прывязаны да крэсла? Учынкі герояў імпульсіўныя і нематываваныя, усе нібыта шукаюць небяспечных прыгодаў, а потым ім шчыра здзіўляюцца. Нітачкі ад герояў-марыянетак, вядома, цягнуцца да аўтара, якога не бянтэжыць пэўная ненатуральнасць у развіцці сюжэта.

Але "Поўдзень-3" – расповед не толькі пра сяброўства, пачварнасць алкагалізму ці чарговае злачынства ў лесе. Гэта расповед пра сілу і страх, пра адказнасць і мужнасць. Гліста хапаюць злачынцы, якім трэба даведацца, дзе знаходзіцца Праведнік. Гліст ведае гэта, але не хоча чарговым разам падстаўляць сябра, не хоча зноў быць нягоднікам. Яго катуюць, і маўчанне – адзінае, што Гліст можа супрацьпаставіць болю, здзекам і прыніжэнню. Каб адчуць перавагу над злачынцамі трэба быць упартым і моцным і не згаджацца на іх умовы (тут згадваецца "Знак бяды" – у жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу!) 

Аўтар апісвае зачараванае кола алкагольнай залежнасці разоў пяць – кожны раз з новай кропкі адліку, але амаль аднолькавымі словамі.

Дзіўныя паводзіны персанажаў, якія ў творы на іншую тэму лічыліся б недахопам, у "Поўдні-3" можна растлумачыць адмысловым станам герояў. Спецыфічны аб'ект адлюстравання адпавядае і выяўленчым магчымасцям маладога аўтара. Зміцер Гуд выразна арыентуецца на гутарковы стыль, на форму аповеду, спрабуе пры дапамозе рытарычных пытанняў прадвызначыць эмоцыі чытача (непаразуменне, здзіўленне, цікавасць). Ён добра валодае беларускай мовай на лексічным узроўні, але часам робіць памылкі, злоўжывае дзеепрыслоўнымі словазлучэннямі і пабочнымі словамі. Аўтар часта выкарыстоўвае нескладаныя параўнанні, паўторы, звяртаецца да сінтаксічнага паралелізму.

Зміцеру Гуду відавочна ўласцівая пісьменніцкая інтуіцыя: у творы рэгулярна чаргуюцца апісанні і дыялогі, дынамічныя і статычныя эпізоды – у выніку кніга чытаецца лёгка і нават весела. Праўда, кожны будзённы дзень Гліста праходзіць па адной схеме: цяжкое абуджэнне, непаслухмянае цела, праверка пустых бутэлек, пошук грошай, набыццё алкаголю, і "цела – бы прычал, а душа – бы карабель, які паволі адплывае кудысьці ў бок неабсяжных марскіх прастораў"... Аўтар апісвае зачараванае кола алкагольнай залежнасці разоў пяць – кожны раз з новай кропкі адліку, але амаль аднолькавымі словамі. Напачатку гэта пакідае адмоўнае ўражанне, але з пункту гледжання кампазіцыі такія аднастайныя апісанні патрэбныя, каб аб'яднаць успаміны Гліста і падзеі актуальнага часу. Да таго ж аўтар, магчыма, імкнуўся праз цыклічнасць падкрэсліць інэрцыйнасць і механістычнасць жыцця герояў – а спрошчаная мова вельмі сугучная рэплікам персанажаў, іх прымітыўнаму мысленню.    

Зміцер Гуд зрабіў баязлівага алкаголіка галоўным героем цэлага рамана.

Дык ці варта было выдаваць "Поўдзень-3" асобнай кнігай на сто старонак, дзе тэкст па дакладных падліках займае 43,18% плошчы старонкі? Можа, лепш было пачакаць, дадаць іншыя творы альбо праз некалькі гадоў перагледзець напісанае? 

У першую чаргу, "Поўдзень-3" – звыш актуальны прафілактычны сродак для краіны, дзе спажываюць прыкладна 11 літраў чыстага спірту на душу насельніцтва за год. Персанажы кшталту Гліста з'яўляюцца не самымі ўлюбёнымі ў сучасных пісьменнікаў, а Зміцер Гуд зрабіў баязлівага алкаголіка галоўным героем цэлага рамана! Жанравае вызначэнне твора падаецца сур'ёзнай заяўкай:  у фінале герой прыкметна змяняецца, мы сустракаемся з ім у крызісны перыяд, але ці дастаткова гэтага, каб лічыць "Поўдзень-3" раманам? Сёння кожны аўтар, рэдактар, крытык мае сваё ўяўленне пра жанравую сістэму, але, на мой погляд, гэты твор больш карэктна было б лічыць калі не апавяданнем, то аповесцю. 

Пры гэтым у "Поўдні-3" арганічна спалучаюцца тэма, стыль, дзіўныя павароты сюжэту – і ўсё гэта як найлепш адпавядае назве серыі, у якой выйшла кніга, - "Час Воблы". Да таго ж расповед пра слабака, які ўсё жыццё баіцца супрацьстаяць уладзе, добра пераводзіцца ў палітычны кантэкст. Паводле "Поўдня-3", толькі праз гвалт і здзекі, якія даходзяць да крайняй мяжы, можна абудзіць у чалавеку самасвядомасць, выклікаць пратэст – і ў выпадку індывідаў накшталт Гліста гэта, магчыма, слушна.

Маладыя празаікі часта дэбютуюць з творамі, у якіх галоўны герой вельмі падобны да іх саміх (альбо да блізкіх і добра знаёмых людзей). Зміцер Гуд адразу пачаў пісаць пра Іншых, звярнуўся да псіхалагічных і сацыяльных праблем, прычым у рэалістычным рэчышчы. Надалей такія мастацкія прыярытэты, верагодна, вызначаць адметнасць пісьменніка. Таму "Поўдзень-3" атрымаўся цікавым анонсам, з якім, у прынцыпе, варта пазнаёміць літаратурную грамадскасць.     

 

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце