Рэцэнзія на кнiгу: Original?1430755965
Суцэльная лірыка Машы Лапо

«Некалькі тэкстаў, якія хацелі быць вершамі, але не ўтрымаліся і сталі апавяданнямі», – так анансуе Маша Лапо свой зборнік. Тэкст напоўнены рытмізаванымі ўстаўкамі, сапраўднымі верлібрамі, а празаічныя кавалкі часам разбіваюцца ў сярэдзіне сказа і выбудоўваюцца ў слупок. Аўтарская характарыстыка слушная, кніга «Сплошная среда» – паэпроза.

 

Галоўны мастацкі калібр «Сплошной среды» — яе непаўторная паэтыка.

Усе апавяданні Лапо — гісторыі з лірычным канфліктам: тата і мама ваююць, з-за чаго іх агульны сын не даатрымоўвае любові; хлопец кахае дзяўчыну, якая марыць пра выдуманага капітана; нефармалка з Брэста сумуе па каханаму, а ён з'язджае змагацца з грамадствам спажывання ў Варшаву. Сюжэты не прэтэндуюць на арыгінальнасць, але аўтарка і не збіраецца здзіўляць чытача нечаканымі перыпетыямі. Галоўны мастацкі калібр «Сплошной среды» — яе непаўторная паэтыка.

Для аматара сучаснай прозы Маша таксама сёе-тое назапасіла. Паранджа з бульбянога мяшка сімвалізуе мяшчанскую зашоранасць; антаганізм партыі Бацька і партыі Маці — ілюстрацыя нянавісці, у якую з гадамі перарасла любоў; банда антыглабалістаў, якая складаецца з дваіх закаханых — вобраз сектанцкай залежнасці ад каханага — на такіх сюжэтных метафарах будуюцца апавяданні Лапо. У падобных прыёмах мне бачыцца спроба ажывіць метады аповеду, якія наровяць перакрочыць у XXI стагоддзе з XIX-га, не зведаўшы ніякіх зменаў. Такія навацыі я катэгарычна вітаю.

Сцэна з'яўлення героя ў лазенцы, дзе песціцца ў пене голая маці – уяўляецца сапраўдным ляпам.

Але смеласць аўтаркі і цяга да эксперыментаў месцамі падводзяць яе. Напрыклад, у апавяданні «Вайна» аповед вядзецца ад асобы хлопца, сына бацькоў, якія варагуюць. Гэты прыём канфліктуе з паэтычным зрокам Лапо, калі герой-апавядальнік бачыць у рассыпанай каве «печальную пыльцу» і купляе араматычныя свечкі. Занадта ўжо салодка для мужчыны. Але калі такія дробязі і можна спісаць на адчувальнасць юнака, то сцэна з'яўлення героя ў лазенцы, дзе песціцца ў пене голая маці – уяўляецца сапраўдным ляпам. У некаторых апавяданнях штучныя ўпрыгожанні троху запавольваюць дынаміку гісторыі, але паколькі для лірычнага свету Машы такія адцягненні арганічныя, лёгкія правісанні амаль не псуюць ейную прозу.

«Сплошная среда» – кніга эксперыментальная, якая намацвае свой непаўторны метад самаактуалізацыі аўтара. Таму яркі, індывідуальны стыль, які Лапо ўжо ўдалося сфармаваць, на мой погляд, важнейшы за дробныя агрэхі, уласцівыя усім дэбютантам.

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце